Сто беларусаў агучылі больш за сотню гісторый дыскрымінацыі беларускай мовы
Праекты audiobooks.by і «Кніжны Воз» у Дзень роднай мовы прэзентавалі аўдыёкнігу «Мова 404» Аліны Нагорнай. У ёй сабраны 127 гісторый пра моўную дыскрымінацыю беларусаў і беларусак. Агучылі кнігу сто простых людзей.

Кніга названа па аналогіі з паняццем «памылка 404». З ім сустракаешся ў інтэрнэце, калі сервер не можа знайсці запытаны вэб-сайт, і ў такім выпадку надпіс на старонцы кажа «Not Found» — «не знойдзена». Так, паводле Аліны Нагорнай, адбываецца і з беларускай мовай: хаця яна і дзяржаўная, але знайсці прыклады яе выкарыстання ў Беларусі не так і проста.
Кожны з удзельнікаў атрымаў адну ці дзве гісторыі і агучыў іх у сябе дома.

«Больш за сотню штодзённых перапісак, тысячы правак, дзясяткі гадзін працы гукарэжысёраў прынеслі фантастычны вынік. Няхай жа яна будзе нарэшце пачутая», — так кажуць пра свой праект стваральнікі аўдыёкнігі «Мова 404».
Складальніца кнігі Аліна Нагорная разам з мужам Ігарам Случакам заснавала ініцыятыву «Умовы для мовы». Раней Аліна выпусціла дапаможнік «Абаронім мову!» пра тое, як адстойваць моўныя правы. Ігар Случак, юрыст, выступіў рэдактарам «Мовы 404». Яны вядомыя тым, што шукалі спосабы прыцягнення да адказнасці за парушэнне моўных правоў у розных сферах — ад заканадаўства да спорту.
Паслухаць аўдыёкнігу можна тут.
Паводле «НН»

