Крысціна Дробыш: беларуская літаратура — гэта не толькі Колас, Купала, Быкаў, гэта нашмат больш
Праекту «Кніжны воз» — аплікацыі дзіцячых (і не толькі) аўдыёкніг — у верасні споўніцца два гады. За гэты час «Кніжны воз» займеў досыць вялікую папулярнасць, хаця і пачынаўся літаральна «з ідэі». А цяпер гэта даволі вялікі праект з «зорнымі» ўдзельнікамі, і на сёння амаль сто гадзін запісаў беларускіх кніг.
Праект пачаўся ўсяго з аднаго паведамлення ў мэсэнджары, распавядае адна з ініцыятарак «Кніжнага воза», акцёрка-«купалаўка» Крысціна Дробыш. Яна і да таго амаль дзесяць гадоў агучвала розныя рэчы. І раптам пабачыла паведамленне кшталту «я хачу рабіць аўдыёкнігі, у мяне ёсць магчымасць, але я не ведаю як». На што Крысціна адказала: «У мяне магчымасцей няма, але я ведаю як». Так і пачаўся «Кніжны воз».
Пры гэтым, нягледзячы на практыку ў агучцы, прызнаецца яна, запіс аўдыёкніг для яе быў новым досведам.
— З кніжкамі я пачала працаваць, калі з’явіўся «Кніжны воз». Я сама села за мікрафон, агучыла першую ў сваім жыцці кніжку, якая стала першай кніжкай у «Кніжным возе», — гэта была «Мышка Пік-Пік».
Недзіцячая дзіцячая літаратура
«Кніжны воз» — гэта, найперш, дзіцячая літаратура. І менавіта пад дзяцей гэты праект і ствараўся. Як адзначае Крысціна, яе саму найперш не задавальняла праграма па беларускай літаратуры ў школе.
— Для мяне беларуская мова пачынаецца з дзяцінства, як бы пафасна гэта не гучала. Але наша школьная праграма, я не ведаю, для каго яна распрацоўвалася. У 12-13 гадоў чытаць Васіля Быкава — гэта складана. Гэта не зусім па ўзросце літаратура, і, каб зразумець сэнс твораў Быкава, як мінімум мусіць быць добры настаўнік, які патлумачыць і дапаможа разабрацца.
Школьная праграма пабудавана на тых рэчах, якія цяжка ўспрымаць у такім узросце. І шмат хто з тых, з кім я размаўляла, кажа, што беларуская літаратура ў школе — гэта нешта «старое, пакрытае пылам, змрочнае, сумнае і ў лапцях». Так мне даслоўна казалі людзі. І для мяне таксама яна была складанай, і я не разумела, што там ёсць яшчэ што-небудзь, але потым, у больш-менш дарослым узросце я зразумела, што тут усё нашмат цікавей і разнастайней.
Таму была задача стварыць гэтае, скажам так, беларускае асяроддзе для маленькіх дзетак, каб яны маглі чуць якасную беларускую мову, якасныя цікавыя кніжкі, якія ім па ўзросце.
Але такім чынам была распрацавана не толькі канцэпцыя аплікацыі дзіцячых аўдыёкніг. Сама аплікацыя тэхнічна зроблена так, каб яе мог уключыць нават дзіцёнак — самастойна.
— І гэта дзецям падабаецца, гэта стварае пэўныя асацыяцыі таго, што і на беларускай мове можа быць весела, прыгожа, цікава, забаўляльна, — кажа Крысціна.
Нябачнае багацце літаратуры
Канешне, шмат каму хацелася б, каб у аплікацыі з’яўлялася не толькі дзіцячая і падлеткавая літаратура. Тым больш што багата добрых кніг на беларускую мову не было перакладзена, ці пераклады былі, але так і не пабачылі свайго чытача. І ў гэтым, па меркаванні Крысціны Дробыш, ёсць вялікая прастора для дзейнасці.
— Напрыклад, быў «Том Соер». Мы ведалі, што ёсць два пераклады — Янкі Маўра 1930-х гадоў і новы пераклад, але толькі адной главы. Мы думалі: файна было б перакласці ўсю кнігу. Думалі, каб наладзіць гэта. Але: на сёння існуе вялікая колькасць таго, што было ўжо перакладзена і нідзе не апублікавана, не кажучы ўжо пра выданне.
Мяне заўсёды цікавілі розныя пераклады, розных часоў, розных перакладчыкаў. Бо ў гэтым ёсць нейкі такі самы смак — розных моў і розных падыходаў. Мы ж не займаемся прапагандай чагосьці ў стылі «толькі так, і ніяк інакш». Мы акурат за тое, каб людзі маглі мець магчымасць параўноўваць. Пераклад 30-х гадоў мінулага стагоддзя і пераклад цяперашні — гэта вельмі розныя рэчы. У гэтым ёсць сэнс: мы бачым развіццё мовы, як яна змянілася за сто гадоў. У Янкі Маўра вельмі цікавы пераклад, ён быў вельмі складаны для нас, але тым і быў вельмі цікавы.
Ці, напрыклад, мы выпусцілі «Замак Отранта», які лічыцца першай гатычнай аповесцю ў гісторыі літаратуры, на беларускай мове ў перакладзе Ганны Янкуты. Кніга была выдадзена накладам ці то ў 250, ці то ў 300 асобнікаў. Гэта катастрафічна мала! Цяпер нам удалося зрабіць вельмі добрую агучаную версію: галоўную ролю там выконвае Алег Гарбуз. Там добрая музыка, а трэйлер да прэм’еры кнігі зрабіў 12-гадовы хлопчык. Гэта для мяне — асабліва цёплы момант: дзіцячая аплікацыя, падлеткава-дзіцячая кніжка, і нават трэйлер зроблены падлеткам.
Проста цяпер мы пішам апавяданні пра Шэрлака Холмса. Некаторыя з іх на беларускай мове ніколі не выдаваліся ні ў якім выглядзе.
Таму я лічу, што мая найпершая задача — даць такое аўдыёжыццё таму, што ўжо існуе. А яго вельмі шмат. На жаль, пераклады «пішуцца ў стол», а не хацелася б, каб яны губляліся. Каб дзеці і дарослыя ведалі, што беларуская літаратура — гэта не толькі Колас, Купала, Быкаў, гэта нашмат больш.
Не проста дзіцячыя кнігі
Аўдыёкнігі ў выкананні «Кніжнага воза» — гэта не проста кнігі. Некаторыя з іх, па словах Крысціны Дробыш, падобныя на аўдыёспектаклі. Над імі працуюць не проста акцёры і «чытальнікі». Насамрэч гэта праца каманды, якая збіраецца адмыслова ці не для кожнай кнігі.
— Бывае, што ты чытаеш кніжку, і з першых дзвюх-трох глаў разумееш, што цябе захапіла. Ты ўжо чуеш, якім голасам гэта магло б быць прачытана, ты ўжо чуеш гэтага персанажа, хто б яго прачытаў, а вось тут музыку было б крута, каб зрабіў вось гэты… І калі ўсё складаецца, ты ўжо закідваеш вудачку: а «давайце вось гэта пачнём рабіць», распрацоўваць. У працэсе начытваеш, падключаеш каманду, і тут важны момант, каб дэлегаваць працу. Калі я агучваю кніжку сама, тады я на сто працэнтаў паглыбляюся ў яе. Калі кніжку агучваюць іншыя галасы, то я дазваляю сабе трошкі адысці ўбок і пакінуць творчыя моманты на долю тых, хто выконвае працу.
З намі працуюць цікавыя беларускія кампазітары, якія адмыслова пішуць музыку пад кніжкі. Мы сябруем з калегамі, я сама лічуся «купалаўкай», хоць і сышла адтуль некаторы час таму… Я ведаю, што яны прафесіяналы сваёй справы, я іх запрашаю, мы працуем разам і з задавальненнем запісалі ўжо не адну кніжку.
З’яўляюцца новыя галасы, ёсць кнігі, што запісаны ўжо не нашай камандай, але мы ведаем, што ёсць працяг. То чаму б нам і не запісаць з людзьмі, якія ўжо гучалі, проста мы разам не працавалі ніколі…
Але ёсць тэхнічная каманда, якая працуе заўсёды: саўнд-дызайнер, які адказвае за ўсю гукавую частку, гукарэжысёры, музыкі, не ўсіх мы можам называць публічна… Каманда для кожнай кнігі збіраецца заўсёды як наноў.
Праўда, для таго, каб агучыць кнігу, яе трэба як мінімум прачытаць. Але «замоў» на агучванне кніг, прызнаецца Крысціна, вельмі і вельмі багата. І не толькі «замоў» — ёсць і тыя, хто сам займаецца аўдыёкнігамі і вырашае дапамагчы «Кніжнаму возу».
— Людзі, якія ведаюць, што ёсць аплікацыя «Кніжны воз», іншыя каманды, часам кажуць: «У нас ёсць агучанае, мы хацелі б у вас размясціць». І мы заўсёды толькі «за». Так да нас трапілі «Хронікі Нарніі» і «Сем камянёў».
Будучы ў Мінску, я часцяком заходзіла ў «Букініст», шукала беларускія кніжкі розных перакладаў і часоў — так мы знайшлі «Маўглі», «Пітэра Пэна», якога таксама плануем зрабіць.
Бывае, што перакладчыкі самі звязваюцца з намі. Яны кажуць: «У мяне ёсць пераклад, я яго падрэдагую, ці можаце вы яго агучыць?». Ёсць аўтары, якія прыходзяць з прапановамі, ёсць тое, што нехта з нашай каманды чытае сваім дзецям і дзеліцца: «Ой, я такую класную кніжку прачытаў». Шмат чаго рэкамендуюць нашы чытачы і дасылаюць нам у сацыяльныя сеткі — часам проста вялізнымі спісамі.
І мы самі запытваемся, што людзям было б цікава пачуць.
Так і ўтвараецца вялізная чарга, і, падаецца, недзе на паўгода наперад у нас ужо стабільна ёсць праца.
З вялікай чытацкай удзячнасцю…
Аплікацыя і вэб-версія «Кніжны воз» бясплатныя. Як адзначыла Крысціна, у каманды не было мэты зарабляць на гэтым грошы, асноўная задача была ў тым, каб зрабіць беларускія дзіцячыя кніжкі даступнымі, каб да іх мог мець доступ чалавек з любой кропкі свету. Але даволі багата людзей у сацыяльных сетках запытвалася, як можна аддзячыць і падтрымаць праект.
— Мы зразумелі: калі ёсць падобны запыт, трэба нешта такое стварыць, каб у людзей была магчымасць і бясплатна паслухаць, і нейкі свой унёсак у справу зрабіць. У выніку мы ўсё ж нядаўна запусцілі рахунак для данатаў. Там можна альбо аформіць падпіску, альбо разава данаціць «Кніжнаму возу». Гэта будзе скарбонкай для стварэння новых праектаў, каб мы маглі спакойна нешта планаваць і пісаць, не думаючы пра тое, дзе нам узяць грошы.
А планаў у «Кніжнага воза», як ужо казалі, назбіралася на паўгоддзе. Апроч азначанага Шэрлака Холмса цяпер каманда «Воза» дапісвае «Востраў скарбаў», плануе запісаць «Пітэра Пэна». У чарзе на агучку — кніжка Сержа Мінскевіча «Прыгоды Какоса-Маракоса». Будзе працяг «Ката-Шпрота», будзе Аляксей Шэін.
— А яшчэ ў нас ёсць невялічкія апавяданні невядомай аўтаркі — дзяўчыны, якая складае вельмі кранальныя і добрыя апавяданні пра бусліка. Мы дамовіліся, што таксама іх агучым. Гэта спецыяльны крок, што мы бяром не толькі вядомых аўтараў. Ёсць людзі, якія ствараюць, і ствараюць вельмі цёпла. Чаму б гэтым творам не пабачыць свет?
Але самае доўгачаканае з нашага боку — гэта «Віні-Пых», беларускамоўная версія Віні-Пуха. Літаральна цяпер ідзе працэс запісу. Варта адзначыць, што гэта праект аўдыёспектакля з нашымі партнёрамі. Я не магу сказаць, «хто, калі, куды», але мы пішам яго не за ўласныя сродкі, а з дапамогай партнёраў. Я спадзяюся, што да восені мы зможам дарабіць і выдаць «Віні-Пыха».
Таму — слухайце нас, далучайцеся, наша аплікацыя даступная для Android і IOS, яна ёсць у App Store і Google Play, ёсць вэб-версія. Завітвайце на нашы старонкі ў Facebook і Instagram.
І, па магчымасці — аддзячце камандзе.