Аўтарка кнігі пра дыскрымінацыю беларускамоўных: «Немагчыма вырашыць праблему, якой не бачна»

Аліна Нагорная напісала кнігу пра тое, як беларускамоўным беларусам даводзіцца выжываць у Беларусі. Як выявілася, не так і лёгка: выданне змяшчае больш за 100 гісторый пра дыскрымінацыю беларусаў на падставе ўжывання імі дзяржаўнай мовы. Назва выдання — «Мова 404»*. Як пераканаць чыноўнікаў прытрымлівацца закону і што найперш — мова ці змены ў краіне, аўтарка распавяла Hrodna.life.

Выйшла кніга пра парушэнні правоў беларускамоўных у Беларусі. "Нельга вырашыць праблему, якой не бачна", - лічыць аўтарка

Выйшла кніга пра парушэнні правоў беларускамоўных у Беларусі. "Нельга вырашыць праблему, якой не бачна", - лічыць аўтарка

*404 (Not Found) — код памылкі, калі вэб-сервер не можа знайсці запытаную старонку на сайце.

Адкуль героі

Гісторыі ў кнізе не ананімныя. Там адзначаны прозвішчы герояў, узрост, род заняткаў. Сярод іх — студэнты, лекары, прадаўцы, пісьменнікі. Яны жыхары розных гарадоў і вёсак Беларусі, некаторыя на момант стварэння кнігі ўжо жылі за мяжой, але сутыкаліся з моўнай дыскрымінацыяй, калі прыязджалі ў Беларусь. Іх гісторыі — пра звычайныя бытавыя сітуацыі або сутыкненне з прадстаўнікамі ўлады. «Я збірала гісторыі людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Гэта быў адзіны крытэр», — тлумачыць Аліна Нагорная. Заканамернасцяў па гарадах яна не заўважыла.


Гісторыі збірала праз Facebook

«Я проста напісала пост у Facebook, што збіраю гісторыі дыскрымінацыі. Пасля яшчэ адзін, дзе патлумачыла, што такое моўная дыскрымінацыя. Напрыклад, у краме ты хочаш прачытаць па-беларуску склад малака, а яго няма, ёсць толькі па-казахску, па-ўкраінску; ты замаўляеш кебаб з ялавічынай, а табе кажуць: „Размаўляй нармальна“. Людзі пачалі каментаваць, пісаць сутнасць сваіх гісторый. Частку герояў я ведала асабіста, бо яны звярталіся да нас ва „Умовы для мовы“, апісвалі свой выпадак і прасілі, каб мы ім юрыдычна дапамаглі — напісаць зварот, скласці заяву».

«Умовы для мовы» — грамадская ініцыятыва, заснаваная Алінай Нагорнай і юрыстам Ігарам Случаком. Сярод кампаній, праведзеных імі:

— «Беларускім месцам — квіткі па-беларуску»: звароты грамадзян да чыноўнікаў для беларускай мовы на квітках на транспарт, у басейны, музеі і г. д. За апошнія два гады мову на квітках памянялі больш чым у 50 гарадах Беларусі.

— «Беларускім вуліцам — шыльды па-беларуску!»: звароты грамадзян для змены мовы шыльдаў на беларускую. Па ўсёй Беларусі абнавілі больш за 500 шыльдаў: указальнікі, дарожныя знакі, назвы вуліц на дамах.

Ігар Случак дамогся, каб усе ўстановы, калі да іх звярнуцца па-беларуску, давалі адказ на той жа мове, каб па-беларуску можна было скласці дамову з ЖКГ, энергазбытам і банкамі, атрымаць страхавое пасведчанне па-беларуску, а таксама істотна беларусізаваў футбол. Случак-бот у Telegram утрымлівае ўзоры зваротаў у дзяржаўныя ўстановы і службы, юрыдычныя дакументы на нашай мове і вытрымкі з заканадаўства.

«Сама ўвесь час з такім сутыкаюся»

«Я вырашыла пісаць кнігу, бо сама ўвесь час сутыкаюся з нейкімі цікавымі гісторыямі. Са знаёмымі людзьмі няма праблем — яны размаўляюць са мной па тэме таго, што я кажу. Незнаёмыя не адказваюць на маё пытанне, а кажуць «А вы всегда по-белорусски разговариваете?» ці «О, у вас такой чудесный белорусский язык!». Абедзве рэакцыі мне не падабаюцца — не падабаецца сітуацыя, што ў Беларусі некага здзіўляе размова па-беларуску.

Да таго ж [у межах «Умовы для мовы"] мы з Ігарам увесь час кансультавалі людзей па некаторых жорсткіх выпадках — кагосьці не ўзялі на працу праз беларускую мову, кагосьці на сумоўе не запрашалі. Такіх выпадкаў у Беларусі тысячы, яны проста не бачныя ў медыя.

Аліна Нагорная з рускамоўнай сям'і, размаўляе па-беларуску сем гадоў

Аліна Нагорная з рускамоўнай сям'і, размаўляе па-беларуску сем гадоў

На гэтым фоне заўжды ёсць людзі, якія кажуць: «Кто вам мешает по-белорусски разговаривать?». Чалавек, які ў Беларусі размаўляе па-руску, можа не зразумець сітуацыі, калі ты прыйдзеш у банк і не атрымаеш дамовы на сваёй мове. Каб кожны мог атрымаць дамову ад ЖКГ па-беларуску, у нас сышло сем з паловай месяцаў жыцця. Няма такой опцыі — выбраць мову, аўтаматам усё па-руску". У кнізе ёсць прыклад чалавека, які ў Беларусі не змог купіць у кнігарні каляндарык на беларускай мове.

Большасць гісторый Аліна апрацоўвала з тэлефона ў час кармлення сына-немаўляці. У плане арганізацыі выдання цяжка не было: знаходзіліся людзі, якія дапамаглі. Цяжэй было маральна, бо многія гісторыі ў кнізе падобныя да таго, што здаралася з ёй самой.

Навошта наогул гэтая кніга?

«Праблему з беларускай мовай абавязкова трэба вырашаць. Бо гэта не толькі нашыя карані, класная старажытная выдатна распрацаваная мова. Гэта яшчэ і наша незалежнасць, яна яшчэ і палітычна важная. Лічу, што ў цяперашняй сітуацыі яна нават жыццёва важная. Але немагчыма вырашыць праблему, якую ніхто не бачыць. Большасць з ёй проста не сутыкаліся, яны размаўляюць па-руску».

Як атрымаць кнігу

Сродкі на кнігу збіралі праз краўдфандынг, і кожны, хто хацеў, мог адразу яе атрымаць. У кнігарнях выданне пакуль недасяжнае, але «Умовы для мовы» ўжо запусцілі кампанію за беларускую мову ў інтэрнэце. За актыўны ўдзел можна будзе атрымаць кнігу. «Я хачу, каб яе пабачылі як мага больш людзей, і за межамі Беларусі. Бо ў нас такая традыцыя, што нешта могуць заўважыць унутры, калі пра гэта пачынаюць казаць за мяжой. Рускамоўны пераклад, хутчэй за ўсё, будзе ў электронным выглядзе, буду старацца яго шырока распаўсюджваць».

У хуткім часе кнігу перакладуць на нямецкую і рускую мовы, магчыма, таксама на англійскую і французскую

У хуткім часе кнігу перакладуць на нямецкую і рускую мовы, магчыма, таксама на англійскую і французскую


Беларускамоўным можа быць толькі актыўны чалавек

«У нас амаль 10 мільёнаў носьбітаў гэтай мовы — жыхары і беларусы за мяжой — якія ведаюць яе хоць неяк. І яна ў настолькі кепскім юрыдычным стане, што ЮНЕСКА афіцыйна называе яе ўразлівай — пры такой колькасці носьбітаў».

У час перапісу ў 2019 годзе ў Беларусі роднай мовай назвалі беларускую 54%, мовай хатняга ўжытку — 26%.

«Дыскрымінацыя б’е па 100% беларусаў, бо ў рускамоўнага чалавека няма выбару. Калі ты жывеш у Беларусі, ты можаш жыць лёгка, быць рускамоўным, або кожны дзень сутыкацца з нейкімі перашкодамі і прынцыпова быць беларускамоўным. Ты не можаш нават нармальна запісацца ў паліклініку. Я прыехала ў радзільню, запаўняла па-беларуску дакументы, ужо пачынала нараджаць, а ў мяне пыталі: «А вы всегда по-белорусски разговариваете?».

Па-беларуску звычайна размаўляюць актыўныя людзі, бо гэта складана — размаўляць у Беларусі па-беларуску пасіўнаму чалавеку.