Вагнэр, народны артыст Беларусі

Пры знаёмстве зь людзьмі ён звычайна казаў наступную фразу: «Кампазытар Вагнэр. Але не зусім той, аб якім вы зараз падумалі». Сёньня 101-я гадавіна з дня народзінаў Генрыха Вагнэра.

vahner_henryh_2.jpg

Усё жыцьцё таленавіты чалавек быў пад ціскам уласнага прозьвішча. Вядомы выпадак, які ілюструе рэчаіснасьць, здарыўся аднойчы ў шпіталі, пра яго ўзгадвае Барыс Ардаў.

У якасьці зяця знакамітай акторкі Лідыі Ржэцкай, у 1950-х Генрых Вагнэр быў прымацаваны да лякарні для мясцовага кіраўніцтва, так званай "менскай крамлёўцы". Неяк прыйшлося кампазытару ляжаць у гэтай лякарні. Палата была на дваіх, і суседам яго быў тыповы савецкі кіраўнік сярэдняй рукі. Гэты апошні не без зьдзіўленьня глядзеў на творчага чалавека, бо той сваёй зьнешнасьцю і манэрамі вылучаўся на фоне іншых хворых, якія належалі да менскай наменклатуры. І вось сусед спытаў Вагнэра:

— А ты хто па прафэсіі?

— Кампазытар.

— А прозьвішча ў цябе якое?

— Вагнэр, - адказаў музыка. Гэта не зрабіла ніякага ўражаньня. Але тут, як знарок, з рэпрадуктара пачуўся жаночы голас, які анансаваў:

— Кампазытар Вагнэр. Уверцюра з оперы "Тангейзер"... І зараз жа грымнулі магутныя акорды... Тут сусед павярнуўся да музыкі і з непадробным захапленьнем сказаў:

— Ну ты даеш!

Польскі габрэй у Менску

2 ліпеня 1922 года ў сям'і Матуса Вагнэра нарадзіўся сын Генрых. Жылі яны ў прыгарадзе Варшавы — Жырардуве. У дзяцінстве хлопчык выявіў значныя здольнасьці да музыкі. Бацька быў даволі багатым чалавекам і змог наняць прыватнага настаўніка. Пасьля Генрых паступіў у музычны інстытут, а ў 1938-м — у Варшаўскую кансэрваторыю.

У жніўні 1939 года юнак быў на вакацыях пад Пінскам. 1 верасьня ў тэлефанаваньні бацькам ён даведаўся аб нападзе нацыстаў на Польшчу. Бацькі пераканалі Генрыха, што вяртацца дадому нельга. 17 верасьня імпэрыя зла са свайго боку пачала акупацыю Польскай рэспублікі. Пасьля тэлефанаваньня бацькам некалькі чалавек, якія адпачывалі разам з Генрыхам, прынялі рашэньне перайсьці мяжу.

Бацькі Генрыха Вагнэра

Бацькі Генрыха Вагнэра

Вядома, на тэрыторыі СССР іх усіх арыштавалі.

Бацькоў ён больш не пачуе і ніколі не ўбачыць – іх шлях скончыўся ў Асвенцыме. Як адзначае Юлія Андрэева, не зь вялікай камуністычнай ласкі сямнаццацігадовы юнак, які, паводле ягоных уласных прызнаньняў, ня ўмеў нічога, акрамя як іграць на раялі, ледзь не адразу па пераходзе мяжы трапіў у працоўны лягер.

Добра што не ў Сібір, а ў Палесьсе – цягаць шпалы на будоўлі чыгункі. Аднак і ў гэтых умовах яго музычны талент быў заўважаны. Чатырох сяброў-музыкаў з Польшчы лёс скіраваў у Менск. Генрых трапіў у Беларускую дзяржаўную кансэрваторыю.

У 1948-м Генрых Вагнэр, ужо дыплямаваны музыка, паступіў на кампазытарскае аддзяленьне ў тую ж кансэрваторыю. У 1952 годзе ў яго зьявілася магчымасьць вярнуцца ў Польшчу, пасьля таго як Сталін дазволіў палякам вяртацца на радзіму, але ён застаўся ў Менску і скончыў навучаньне ў 1954-м.

Чаму не вярнуўся ў Варшаву? Юлія Андрэева ўзгадвае, што акурат пра гэта не размаўляла з Генрыхам на гэтую тэму, але шмат гутарыла з Этай Тырманд, якая таксама зьвязала свае жыцьцё зь нашай краінай. Надта жывыя былі ўспаміны пра польскі антысэмітызм напярэдадні гітлераўска-сталінскага нашэсьця. Надта балюча адчувалася страта цэлай сям’і – найбліжэйшых сваякоў і каханых. Немагчыма было ўявіць сябе жыцьцё на ранейшым месцы без матулі, братоў, сясьцёр, што сталіся ахвярамі фашыстоўскага генацыду. У Менску можна было распачаць усё аднова.

vahner_henryh_3.jpg

За 78 гадоў жыцьця ён выдаў незьлічоную колькасьць твораў у самых розных музычных жанрах. У юнацтве ён пісаў пераважна песьні, у сталыя гады – сымфоніі, араторыі, канцэрты для розных інструмэнтаў з аркестрам, опэры і балеты, не бяз посьпеху намагаючыся спалучыць сваю прыродную цягу да экспэрымэнту і жорсткія патрабаваньні сацыяльнай замовы.

Старэйшы калега Генрыха Вагнэра Дзьмітры Камінскі (старшыня праўленьня Саюза кампазытараў БССР у 1963—1966 гадах) ва ўспамінах 1980-х гадоў адгукнуўся пра яго так: «Я б не назваў Вагнэра добрым кампазытарам. Большасьць яго твораў уяўляе з сябе больш ці менш "хвосткі" набор тых ці іншых "абаротаў". Пісаў ён і сымфоніі, і асобныя п’есы для фартэпіяна, скрыпкі і іншых інструмэнтаў, але ўсё гэта аднолькава невыразна. Мне асабіста яго творчасьць ніколі не падабалася, дый чалавек ён нейкі назойлівы».

Адзначым яго оперу «Сьцежкаю жыцьця» па матывах аповесьці Васіля Быкава «Воўчая зграя», пастаўленую ў 1980 годзе.

Генрых Вагнэр і Васіль Быкаў. Фота з прыватнага архіву дачкі кампазытара

Генрых Вагнэр і Васіль Быкаў. Фота з прыватнага архіву дачкі кампазытара

У 1988 годзе Генрых Вагнэр стаў народным артыстам Беларусі.

Памёр кампазытар у 2000 годзе і пахаваны на Ўсходніх могілках у Менску.

mohila_kompozitora_henriha_vahnera.jpg