Тышкевіч: Расходны матэрыял выцягваць у Беларусь ніхто не будзе
Аналітык украінскага Інстытута будучыні Ігар Тышкевіч упэўнены, што «тысячы «вагнераўцаў» у Беларусь не заедуць. Проста таму, што іх няма чаго сюды цягнуць.
![luprih.jpg luprih.jpg](/img/v1/images/luprih.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Ужо пайшлі канспіратыўныя гісторыі, што ўсё гэта пастаноўка (мяцеж Прыгожына — С.), каб 20 ці колькі тысяч байцоў ПВК «Вагнер» перакінуць у Беларусь. Давайце разбяромся з колькасцю, — адзначае ў інтэрв’ю «Салідарнасці»Ігар Тышкевіч. — У маршы на Маскву ўдзельнічала не болей за 5-6 тысяч чалавек. Гэта азначае, што менавіта гэтая частка знаходзіцца пад пагрозай: ад радавых да камандзіраў.
Другі аспект, што апроч Прыгожына ёсць і колькасць камандзіраў падраздзялення. Пра іх, трэба заўважыць, расійская прапаганда не гаворыць, гэта азначае, што яны, хутчэй за ўсё, застаюцца і ў той ці іншай меры будуць легалізавацца і працягваць сваю працу, але пад іншым дахам. Сыходзячы з гэтага, нават калі падумаць, што кожны пяты гатовы тэарэтычна паехаць у Беларусь, што для яго небяспечна… Але мне здаецца, што такога не будзе, максімум — каля 10%. У любым выпадку гэта максімум да тысячы чалавек.
У рэальнасці, хутчэй за ўсё, прыедзе 200-300 чалавек, лічыць Тышкевіч. Гэта тое ядро, якое важна Прыгожыну.
— У структуры ПВК «Вагнер» ёсць тры катэгорыі байцоў: пастаяннае ядро — хто на стаўцы і на заробку, хто пастаянна ў сувязі з уладальнікам кампаніі. Большая частка ядра знаходзіцца ў Афрыцы. На ўкраінскім кірунку ядро — гэта камандзір. Прычым сярод камандзіраў сярэдняга звяна ў большасці сваёй умоўна блізкія байцы, якія бралі ўдзел у дзвюх-трох вагнераўскіх аперацыях, але па розных прычынах яшчэ не сталі пастаяннымі байцамі на стаўцы. Усе астатнія — гэта расходны матэрыял.
Расходны матэрыял выцягваць у Беларусь ніхто не будзе. Блізкіх і ядро — 50 на 50. А ва Украіне з ядра было не так багата. Таму я і кажу, што гэта будзе некалькі соцень. Але з іншага боку, іх таксама будзе дастаткова, каб «пабузіць» унутры Беларусі ў выпадку чаго. Таму гэта сітуацыя напружаная.
Глядзіце таксама
![Анабасіс Вагнера. Чаго чакаць беларусам ад мяцежа Прыгожына? Асобная думка. Анабасіс Вагнера](/img/v1/images/screenshot_from_2023_06_27_12_51_59.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Таксама трэба згадаць, як радасна беларускія прапагандысты казалі, што ў Беларусі такое немагчыма, таму што ў нас манаполія на гвалт ад імя дзяржавы, манаполія на вайсковыя фарміраванні. Праходзіць двое сутак — і манаполіі ўжо няма.
Але артыкул за наёмніцтва застаецца. Гэта вельмі цікавая рэч, пра якую варта думаць. Я не выключаю, што ў беларускім заканадаўстве неўзабаве з’явіцца пункт пра прыватныя вайсковыя кампаніі па аналогіі з Расіяй, дзе гэта таксама будзе.
Яшчэ адзін чыннік — успрыняццё насельніцтва. Прыезд узброеных людзей, як бы там не было, будзе вельмі цяжка паказаць як прыезд вялікіх патрыётаў. Тым больш у Беларусі. Гэта будзе ўспрымацца багата кім як дадатковая пагроза. Таму рана ці позна сацыяльная напружанасць таксама будзе ўзрастаць, і гэта пэўныя мінусы для беларускіх улад, — заключае Ігар Тышкевіч.
Глядзіце таксама
![ISW: Лукашэнка можа выкарыстаць «Вагнер», каб даць выспятка Пуціну ISW: Сілавая гульня Пуцін — Лукашэнка — Прыгожын яшчэ не скончаная](/img/v1/images/20230609_gaf_u03_018_1.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)