Чаму Прыгожын пагадзіўся гаварыць з Лукашэнкам. Версія крамлёўскай прапаганды
Расійскі прапагандыст Дзмітрый Кісялёў у праграме «Вести недели» заявіў, што кіраўнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын хацеў размаўляць з Пуціным, а не з Лукашэнкам. Трубку для размовы з Лукашэнкам Прыгожын узяў толькі пасля папераджальных удараў побач з вагнераўскаю калонаю.
![Яўген Прыгожын, фота ТАСС Яўген Прыгожын, фота ТАСС](/img/v1/images/000026_1687792808_573860_big.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Яўген Прыгожын, фота ТАСС
Фрагмент праграмы «Вести недели» ў сваім канале апублікаваў журналіст Ілья Шапелін, піша Наша Ніва.
«У Прыгожына знесла дах ад вялікіх грошай, адчування ўсёдазволенасці, што з’явіліся ўжо даўно — з часоў аперацый у Сірыі, Афрыцы, а ўмацавалася пасля ўзяцця Салядара і Арцёмаўска. Яму здалося, што ён можа супрацьпаставіць сябе і Міністэрству абароны, і самой дзяржаве, і асабіста прэзідэнту», — сказаў Кісялёў.
Прапагандыст распавёў, што Пуцін і ўсе датычныя структуры ў ноч на 24 чэрвеня не прылеглі ні на хвіліну. За гэты час, паводле яго, на подступах да Масквы былі створаны тры лініі абароны. Адна з іх па рацэ Ака. «Прайсці іх у Прыгожына не было ніякіх шанцаў», — кажа Кісялёў.
Паводле Кісялёва, Прыгожын сам запытаў размову з Пуціным, але той «са здраднікам размаўляць адмовіўся».
«У гэты момант ініцыятыву праявіў лідар Беларусі Лукашэнка. Па ўзгадненні з Пуціным ён спрабаваў датэлефанавацца да Прыгожына, але той на званкі Лукашэнкі адказваць не хацеў», — распавядае такую гісторыю Кісялёў.
«Тады ў паветра паднялася штурмавая і франтавая авіяцыя і стала наносіць папераджальныя бомбавыя ўдары, пакуль не па калоне, але побач, тыпу, алё, Яўген Віктаравіч, вазьміце трубачку, калі ласка. Так Лукашэнка і датэлефанаваўся», — гаворыць Кісялёў.
Каб пазбегнуць вялікага кровапраліцця, крымінальная справа аб узброеным мяцяжы была прыпыненая, як кажа Кісялёў. «Але Прыгожын павінен выехаць у Беларусь — на гэтых умовах прэзідэнт Расіі памілаваў яго», — падкрэсліў ён.
«Ад права ўдзелу ў СВА Прыгожын адхілены», — сказаў Кісялёў.
Раней Лукашэнка распавёў сваю версію таго, як адбываліся перамовы з кіраўніком ПВК «Вагнер». Пуцін нібыта казаў Лукашэнку, што званіць Прыгожыну няма сэнсу, той не бярэ трубку, размаўляць ні з кім не хоча.
Як сцвярджаў Лукашэнка, яму ўдалося знайсці тры каналы камунікацыі з Растовам. Ён дазваніўся да намесніка міністра абароны Юнус-Бека Яўкурава, які ў той момант быў у Растове побач з Прыгожыным. Яўкураў нібыта спытаў у Прыгожына: «Вось, прэзідэнт Беларусі тэлефануе, будзеш размаўляць?» На гэта, паводле Лукашэнкі, Прыгожын адказаў: «З Аляксандрам Рыгоравічам? Буду!»
Вынікае, што, згодна з новымі расійскімі метадычкамі, расійскай штурмавой авіяцыі прыйшлося страляць, каб прымусіць Прыгожына пагаварыць з Лукашэнкам.