ISW: Сілавая гульня Пуцін — Лукашэнка — Прыгожын яшчэ не скончаная

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) сваю сённяшнюю зводку амаль цалкам прысвяціў падзеям вакол «Вагнера». На думку адмыслоўцаў інстытута, Лукашэнка можа скарыстаць і «Вагнер», і расійскую ядзерную зброю, каб даць моцнага выспятка Пуціну.

20230609_gaf_u03_018_1.jpg

Лукашэнка, верагодна, імкнецца выкарыстоўваць групу «Вагнер» у Беларусі, каб купіць прастору для манеўру і ўраўнаважыць кампанію Крамля па паглынанні Беларусі праз Саюзную дзяржаву, пішуць эксперты інстытута.

Лукашэнка падрабязна апісаў, як ён умяшаўся ў канфлікт Пуціна і Прыгожына такім чынам, што — калі аповед Лукашэнкі праўдзівы — дэманструе, што Лукашэнка з'яўляецца палітычна падкаваным акцёрам, здольным аказваць уплыў у вышэйшых эшалонах расійскай палітыкі. Лукашэнка распавёў, як яму ўдалося стаць пасярэднікам у пагадненні паміж Пуціным і раз'юшаным Прыгожыным, які адмовіўся адказваць на тэлефонныя званкі Пуціна, умела залучаючы абодва бакі наўпрост і праз намесніка міністра абароны Расіі Юнус-Бека Еўкурава і дырэктара ФСБ Расіі Аляксандра Бортнікава.

Лукашэнка мяркуе, што ён паспяхова выступіў пасярэднікам у крызісе ўнутры ўласнага бліжэйшага атачэння Пуціна, чаго не змог зрабіць сам Пуцін. Лукашэнка ўмяшаўся ў якасці пасярэдніка, верагодна, збольшага для таго, каб даць зразумець Пуціну і іншым высокапастаўленым крамлёўскім чыноўнікам, што Маскве не варта жартаваць з Лукашэнкам і што ён валодае здольнасцю паспяхова і незалежна дзейнічаць у рамках расійскай палітыкі.

«Хвальба Лукашэнкі аб сваёй здольнасці маніпуляваць уплывовымі асобамі з найбліжэйшага атачэння Пуціна зневажальная для Пуціна незалежна ад таго, праўда гэта ці не. Той факт, што Пуцін не аспрэчыў пераказ падзей Лукашэнкі і фактычна публічна падзякаваў Лукашэнку, з'яўляецца яшчэ больш зневажальным», — мяркуюць у ISW.

Лукашэнка, верагодна, імкнецца жорстка кантраляваць любыя сілы групы «Вагнера», якія перамяшчаюцца ў Беларусь. Лукашэнка падкрэсліў, што група «Вагнера» не будзе адкрываць вербавальныя цэнтры ў Беларусі, як гэта было ў Расіі, але беларусам — і, як мяркуецца, іншым грамадзянам — будзе дазволена далучыцца да групы Вагнера ў Беларусі.

Кіраўнік Беларусі мяркуе, што група «Вагнера» будзе ў першую чаргу выступаць у якасці партнёра па навучанні і кансультаванні беларускіх вайскоўцаў. Ён заявіў, што сілы «Вагнера» лепш падрыхтаваныя, чым беларускія вайскоўцы, і што беларускія вайскоўцы маглі б атрымаць выгаду з шырокага баявога досведу ПВК.

Глядзіце таксама

Лукашэнка абверг сцвярджэнні аб тым, што беларускія ўлады ўжо пачалі ствараць палявыя лагеры для баевікоў групоўкі, але адзначыў, што Беларусь створыць лагеры, калі «Вагнер» папросіць пра гэта.

Лукашэнка, магчыма, паспрабуе выкарыстаць групу «Вагнера» ў Беларусі, каб паменшыць назапашаную структурную залежнасць беларускіх узброеных сіл ад расійскіх вайскоўцаў у выкананні больш высокіх аператыўных функцый.

Лукашэнка, магчыма, паспрабуе выкарыстаць групу «Вагнера», каб дапамагчы аднавіць згублены патэнцыял беларускіх узброеных сіл, які беларускія вайскоўцы ў значнай ступені дэлегавалі Заходняй вайсковай акрузе Расіі. Роспуск беларускімі вайскоўцамі свайго аб'яднанага сухапутнага камандавання ў 2011 годзе фактычна падпарадкаваў беларускія Узброеныя сілы Заходняй вайсковай акрузе. Беларусь апошнім часам не мае досведу правядзення буйнамаштабных аперацый або арганізацыі вучэнняў вышэй за батальённы ўзровень. Асноўнай крыніцай ведаў і досведу для больш высокай аператыўнай актыўнасці ў Беларусі з'яўляюцца арганізаваныя Расіяй вучэнні, такія як «Захад», «Шчыт Саюза» і «Непарушнае братэрства».

Група «Вагнера» мае вопыт правядзення агульнавайсковых аперацый з фарміраваннямі, праўзыходнымі па колькасці баявыя службы беларускіх узброеных сіл. Аднак незразумела, наколькі паспяховымі могуць быць гэтыя ацэненыя намаганні.

Аператыўнае падпарадкаванне беларускіх узброеных сіл расійскаму Генеральнаму штабу было рэальнасцю дэ-факта на працягу многіх гадоў, і павярнуць назад такія глыбокія інстытуцыйныя сувязі будзе складана, калі наогул магчыма. Аднак крызіс стабільнасці новага расійскага рэжыму можа даць Мінску новыя магчымасці.


Глядзіце таксама

Лукашэнка таксама абвясціў 27 чэрвеня, што Беларусь раней атрымала неўстаноўленую колькасць расійскай ядзернай зброі — падзея, якую Лукашэнка таксама можа выкарыстоўваць, каб ураўнаважыць кампанію Крамля ў паглынанні Беларусі праз Саюзную дзяржаву.

Беларускія апазіцыйныя чыгуначнікі заявілі, што расійская ядзерная зброя будзе дастаўленая на базу 2631-й базы захоўвання ракетных і авіяцыйных боепрыпасаў у Прудку Віцебскай вобласці. 27 чэрвеня Лукашэнка адзначыў, што ніхто не ўступаў у вайну з ядзернай дзяржавай, і намякнуў, што Беларусь прыменіць ядзерную зброю, калі варожая дзяржава нападзе на Беларусь.

Гэта развіццё падзей больш цікавае з пункту гледжання таго, як Лукашэнка можа выкарыстоўваць размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі для процідзеяння Расіі, чым праз якую-небудзь пагрозу, якую ядзерная зброя ў Беларусі прадстаўляе для NATO або Украіны. Лукашэнка можа выкарыстоўваць размяшчэнне расійскай тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі ў тандэме з новай прысутнасцю групы Вагнера ў Беларусі, каб давесці, што Беларусь валодае новымі магчымасцямі для самаабароны незалежна ад Расіі, і што, такім чынам, у дадатковым расійскім базаванні ў Беларусі няма неабходнасці.

Паказчыкам такога курсу дзеянняў будзе тое, ці дазволіць Лукашэнка большай колькасці расійскіх вайскоўцаў трэніравацца на беларускіх палігонах. Украінскія афіцыйныя асобы заявілі, што па стане на пачатак чэрвеня 2023 года ў Беларусі знаходзілася каля 1000 расійскіх вайскоўцаў – рэзкае зніжэнне ў параўнанні з вясной 2023 года, калі ўкраінскія афіцыйныя асобы паведамілі, што па стане на 30 сакавіка ў Беларусі знаходзілася каля 9000-10000 расійскіх вайскоўцаў.

Іншым паказчыкам было б відавочнае абяцанне або адмова ад пастаяннай прысутнасці расійскіх войскаў на тэрыторыі Беларусі.

Сілавая гульня Пуцін — Лукашэнка — Прыгожын яшчэ не скончаная і будзе па-ранейшаму мець кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя наступствы, якія могуць прынесці карысць Украіне.

Дырэктар расійскай нацыянальнай гвардыі (Расгвардыі) Віктар Золатаў абвясціў 27 чэрвеня, што Расгвардыя атрымае цяжкае ўзбраенне і танкі. Заява паказвае, што Крэмль спрабуе развязаць праблемы бяспекі рэжыму, якія ўзніклі падчас узброенага бунту Прыгожына 24 чэрвеня — такія, як няздольнасць або нежаданне расійскіх сіл бяспекі адбіць механізаваны наступ на Маскву. Перадача цяжкай ваеннай тэхнікі Расгвардыі для забеспячэння ўнутранай бяспекі звяжа зброю, якая ў адваротным выпадку магла бы быць выкарыстана на Украіне.

Міністэрства абароны Расіі таксама абвясціла 27 чэрвеня аб падрыхтоўцы да перадачы цяжкай вайсковай тэхнікі групы Вагнера няўказаным падраздзяленням расійскіх узброеных сілаў. Гэтая перадача пазбавіць сілы «Вагнера» арганічнай цяжкай механізаванай тэхнікі і паказвае, што Міністэрства абароны Расіі імкнецца распусціць раней асобныя падраздзяленні ПВК, развеяць байцоў групы «Вагнера» і інтэграваць іх у рэгулярныя расійскія падраздзяленні, каб звесці да мінімуму рызыку любых паўторных спробаў бунту. Абвешчаная перадача тэхнікі падраздзяленням Мінабароны азначае, што сілы «Вагнера» наўрад ці будуць у бліжэйшы час разгорнутыя для ўзмацнення лініі фронту ва Украіне да правядзення рэарганізацыі.

Застаецца незразумелым, ці будзе Міністэрства абароны Расіі распускаць падраздзяленні «Вагнера» і перападпарадкоўваць асабовы склад «Вагнера» існуючым рэгулярным падраздзяленням.

Такая радыкальная рэарганізацыя была б раўназначная роспуску ПВК ва Украіне як асобнай арганізацыйнай адзінкі і знішчыла б унікальную баявую моц, якую група «Вагнера» стварыла для сябе ва Украіне.

Рашэнне Мінабароны Расіі захаваць асобныя падраздзяленні «Вагнера» ў структуры Міністэрства абароны стварыла б рызыкі для стабільнасці пры падначаленні раней незалежных і празмерна балаваных сіл ПВК высокабюракратызаванаму ваеннаму камандаванню Міністэрства абароны. 

Кампанія Крамля па знішчэнні рэпутацыі Прыгожына і, магчыма, роспуску ўкраінскага падраздзялення групы «Вагнера» зніжае верагоднасць таго, што Пуцін абвесціць аб новым раўндзе мабілізацыі рэзерваў у бліжэйшай перспектыве. Мінабароны Расіі будзе заклапочанае падпарадкаваннем сіл «Вагнера», калі многія з іх вырашаць падпісаць кантракты з Мінабароны. 

Пуцін, які асцярожна прымае пастановы і ясна даў зразумець, што турбуецца за свой рэжым, таксама наўрад ці стане раздражняць расійскае грамадства вельмі непапулярным абвяшчэннем мабілізацыі адразу пасля ўзброенага паўстання. Рэакцыя Крамля на наступствы ўзброенага бунту Прыгожына паказвае на больш выгадныя ўмовы для Украіны ў параўнанні з сітуацыяй, якая існавала да 24 чэрвеня.

Асноўныя высновы:

  • Аповед Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі пра яго пасярэдніцтва паміж Пуціным і Прыгожыным 24-25 чэрвеня ў тандэме з прамовай Пуціна 26 чэрвеня паказвае на тое, што Пуцін паабяцаў Лукашэнку і Прыгожыну, што Прыгожын і група «Вагнера» атрымаюць «гарантыі бяспекі» ў Беларусі.
  • Лукашэнка, верагодна, імкнецца выкарыстоўваць групу Вагнера ў Беларусі, каб купіць прастору для манеўру, каб ураўнаважыць кампанію Крамля па паглынанні Беларусі праз Саюзную дзяржаву, і, верагодна, імкнецца жорстка кантраляваць любыя сілы групы Вагнера, якія перамяшчаюцца ў Беларусь.
  • Лукашэнка таксама абвясціў 27 чэрвеня, што Беларусь раней атрымала неўстаноўленую колькасць расійскай ядзернай зброі – падзея, якую Лукашэнка таксама можа выкарыстоўваць, каб ураўнаважыць кампанію Крамля ў паглынанні Беларусі праз Саюзную дзяржаву.
  • Сілавая гульня Пуціна — Лукашэнкі — Прыгожына яшчэ не скончаная і будзе па-ранейшаму мець кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя наступствы, якія могуць прынесці карысць Украіне.

Пераклад НЧ