«Беларускі Гаюн»: пацвярджэння інфармацыі пра будаўніцтва лагера для «Вагнера» ў Беларусі няма

Тэлеграм-канал «Беларускі гаюн», які адсочвае ваенную актыўнасць у Беларусі, не пацвярджае інфармацыю, што з’явілася ў расійскіх СМІ: ані пра перасоўванне «Вагнера» на тэрыторыю Беларусі, ані пра будаўніцтва лагера для ПВК у Асіповіцкім раёне.

Малюнак з rutube.ru

Малюнак з rutube.ru

Як адзначае «Гаюн», расійскае выданне «Вёрстка» паведаміла, што ў Асіповіцкім раёне нібыта пачалося будаўніцтва лагера для наймітаў «Вагнера». У допісе гаворыцца, што журналісты выдання атрымалі пацвярджальныя каментарыі ў лясніцтве і ад крыніцы, «блізкай да кіраўніцтва Магілёўскай вобласці». У тэксце сказана, што лагераў нібыта будзе некалькі для 8.000 наймітаў, плошча цяперашняга — 24 тысячы квадратных метраў.

Акрамя таго, у допісе гаворыцца, што некалькі сваякоў наймітаў ПВК «Вагнер» пацвярджаюць, што іх адправяць у Беларусь.

Што пра гэта можа сказаць «Беларускі Гаюн»?

Па-першае, па стане на 17:30 26.06 мы адназначна можам сказаць, што за мінулыя суткі не было зафіксавана ніякай актыўнасці ў Асіповіцкім раёне, не кажучы ўжо пра будаўніцтва такога буйнога аб'екта.

Адзначым, што выклікаюць пэўныя пытанні заявы замежнага (расійскага) выдання пра тое, што ім удалося атрымаць каментары ад крыніц, блізкіх да кіраўніцтва Магілёўскай вобласці. Пры тым, што беларускія незалежныя СМІ такіх каментароў не атрымлівалі і інфармацыю пакуль не пацвярджаюць.

Што тычыцца магчымага перакідання наймітаў ПВК «Вагнер» у Беларусь, то мы зможам пацвердзіць або зняпраўдзіць гэтыя звесткі шляхам прамога назірання. На сёння ніякіх калон ПВК, якія рухаюцца ў Беларусь ці ўжо знаходзяцца ў Беларусі, не бачна.

Працягваем сачыць за сітуацыяй.

Нагадаем, раней Лукашэнка паабяцаў Прыгожыну, што ён і байцы ПВК «Вагнер» могуць знайсці прытулак у Беларусі. У адказ на такія гарантыі Прыгожын спыніў свой «марш справядлівасці» на Маскву, не дайшоўшы да яе (па розных даных) ад 330 да 200 кіламетраў.

Глядзіце таксама