Фота Прыгожына ў мінскім гатэлі Green City — фэйк. Але «купіліся» на яго не тыя, хто павінен быў
Сёння з’явіліся паведамленні, нібыта кіраўнік «Вагнера» Яўген Прыгожын паказаўся ў Беларусі. Нібыта яго бачылі ў мінскім гатэлі «Green City». Але высветлілася, што гэта — падробка, зробленая з дапамогай нейрасетак.
![Фэйкавае фота з Прыгожыным, створанае нейрасеткай. Скрын з тэлеграм-канала Ludazhor Vision Фэйкавае фота з Прыгожыным, створанае нейрасеткай. Скрын з тэлеграм-канала Ludazhor Vision](/img/v1/images/screenshot2023_06_26at1719221_pxj3k.jpg.jfif?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фэйкавае фота з Прыгожыным, створанае нейрасеткай. Скрын з тэлеграм-канала Ludazhor Vision
Фота Прыгожына ў гатэлі «Green City», што на Каменнай Горцы ў Мінску, стварыў прапагандыст Юрый Церах. У ягоным канале яно было размешчана разам з гучным паведамленнем пра тое, што кіраўнік ПВК «Вагнер» збірае прэс-канферэнцыю ў тым жа гатэлі.
Пад допісам адразу з'явіліся з'едлівыя каментары пра тое, што пратэсныя каналы «дакладна купяцца». Але атрымалася троху іначай.
Спачатку фота сапраўды апублікавалі некалькі дробных дэмакратычных беларускіх каналаў. А наступным на фэйк купілася… дзяржаўная газета «Мінская праўда».
![Публікацыя ў тэлеграм-канале «Мінскай праўды» (ужо выпраўлена) Публікацыя ў тэлеграм-канале «Мінскай праўды» (ужо выпраўлена)](/img/v1/images/photo_2023_06_2617242411_kkcmr.jpeg.jfif?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Публікацыя ў тэлеграм-канале «Мінскай праўды» (ужо выпраўлена)
Праўладныя каналы ўжо паправілі свае памылкі.
Маніторынгавая група «Беларускі Гаюн» у сваю чаргу паведамляла, што абодва самалёты Прыгожына — у Расіі. Першы, бізнес-джэт BAe 125-800B (RA-02731), з 22 чэрвеня знаходзіцца ў Маскве. Другі, асноўны самалёт Embraer Legacy 600 (RA-02795), учора з Санкт-Пецярбурга лётаў на поўдзень Расіі і позна ўвечары вярнуўся назад.
Паводле «Наша Ніва»