Прыгожын у Беларусі? Нервова, турботна, складана і ненадоўга
Месца «рэлакацыі» для Яўгена Прыгожына, кіраўніка ПВК «Вагнер», было абрана нечаканае. Імаверна, Лукашэнка даў яму пэўныя гарантыі недатыкальнасці на сваёй тэрыторыі. Але ёсць вельмі вялікія сумневы, што мяцежны «палявы камандзір» затрымаецца ў Беларусі надоўга.
Канечне, на першы погляд Лукашэнку, з яго паранаідальнымі страхамі наконт Палка Каліноўскага было б някепска займець у сябе армію, якая ўжо мае досвед баявых дзеянняў у гарадскіх умовах, і больш за тое, ужо сутыкалася з ПКК — напрыклад, у Бахмуце. Але якую карысць з гэтага можа атрымаць Прыгожын? Для яго Сінявокая — гэта не тое месца, дзе ён можа пачувацца ў бяспецы.
Другое прышэсце «Вагнера»
Нагадаем, што гэта ўжо не першае прышэсце «Вагнера» ў Беларусь. Першае адбылося напярэдадні выбараў 2020 года і было для «прыгожынцаў» зусім не вясёлкавым.
У ноч з 28 на 29 ліпеня 2020 года ў санаторыі «Беларусачка» пад Мінскам КДБ затрымала 33 чалавекі. «Прыезджыя звярнулі на сябе ўвагу нехарактэрным для расійскіх турыстаў паводзінамі і аднастайным адзеннем у стылі мілітары. Спіртнога не ўжывалі, забаўляльных устаноў не наведвалі, трымаліся адасоблена, імкнучыся не прыцягваць да сябе ўвагі. Яны невялікімі групамі ўважліва вывучылі тэрыторыю і асяроддзе санаторыя», — паведамляла БелТА.
Так, гэта былі байцы ПВК «Вагнер», якія казалі, што чакалі транзіту ў Лацінскую Амерыку. А Лукашэнка паспрабаваў скарыстаць іх ва ўнутрыпалітычных мэтах, абвінаваціўшы іх у сувязі з Ціханоўскім і Статкевічам. Лукашэнка заявіў, што расіяне далі паказанні, што былі накіраваныя спецыяльна ў Беларусь: «Усё гэта хлусня: пра Стамбул, пра Венесуэлу, пра Афрыку і Лівію. Гэтыя людзі, яны далі паказанні, былі накіраваныя спецыяльна ў Беларусь. Каманда была — чакаць».
І ў звароце да народу і парламенту сказаў, што яшчэ 200 «вагнераўцаў» шарохаюцца ў беларускіх лясах з намерам сарваць уборачную кампанію (дарэчы, гэтых «грыбнікоў» не знашлі дагэтуль).
А потым высветлілася, што знаходжанне ў Беларусі «вагнераўцаў» было часткай аперацыі спецслужбаў Украіны, якія мелі намер вывезці іх да сябе (там «вагнераўцы» абвінавачваліся ў ваенных злачынствах).
9 жніўня ў краіне прайшлі прэзідэнцкія выбары. 14 жніўня Мінск зняў з 32 затрыманых усе абвінавачанні і перадаў Расіі. А Пуцін выступіў у падтрымку Лукашэнкі, што не ў малой ступені вызначыла лёс беларускіх пратэстаў…
Галоўнае ў гэтай гісторыі тое, што ва Украіне ніхто не здымаў з «Вагнера» абвінавачанні ў ваенных злачынствах. І цяпер у Прыгожына не павінна быць асаблівай упэўненасці ў тым, што яго і яго байцоў у будучыні не «размяняюць» у якіх-небудзь палітычных гульнях. А «фігура размену», якая патрэбная і Расіі, і Украіне, пагадзіцеся, «смачная».
Саша, дзе грошы?
Калі «Вагнер» у колькасці 20 тысяч «мяцежнікаў» на чале з Прыгожыным атабарыцца ў Беларусі, гэта, насамрэч, азначае даволі вялікія выдаткі. Нават рэгулярнаму беларускаму войску трэба плаціць заробак. А з Прыгожыным прыйдуць найміты, якія ваявалі за грошы, і ў іх «стаўка» за паслугі яшчэ большая.
«Вагнераўцаў», якія заедуць у Беларусь, нават калі не ў дзесяцітысячных маштабах, трэба недзе размясціць. Можа быць, першыя пару тыдняў яны і задаволяцца намётамі, але потым ім трэба шукаць больш прыстойнае жытло. Іх трэба карміць, іх трэба лячыць, ім трэба будзе набыць цывільную вопратку, ім патрэбныя будуць склады для зброі і іншая трасца… Утрыманне прыватнай арміі насамрэч — справа не вельмі танная.
Чалавек, які ўмее лічыць грошы — бізнесмен і блогер Аляксандр Кныровіч, — так напісаў пра армію «Вагнера» ў канале «Эканоміка Беларусі»:
«Развагі на тэму "сыдзе ў Беларусь" ён адзін або з пацанамі — беспадстаўныя. Армія ў 25 000 чалавек, па расійскіх цэнах, каштуе ніяк не менш за $100 млн у месяц. Іх трэба апранаць-абуваць, карміць-паіць, спаць укладаць, ну і ўзбройваць, вядома. І плаціць зарплату. Гэтыя грошы (думаю, прыкметна вялікія) да ўчорашняга дня плаціла Расія, у Беларусі іх проста няма».
Зразумела, частку «вагнераўцаў» можна перавесці на пасаду «інструктараў», якія будуць рыхтаваць расійскіх «мобікаў», што атабарыліся ў Беларусі ў падрыхтоўчых лагерах. Але не справа, калі інструктараў — больш за шарагоўцаў. Таму армію «вагнераўцаў», хутчэй за ўсё, давядзецца адправіць куды падалей — у тую ж Афрыку.
У Беларусі шмат прыгожых сабораў…
Не варта забывацца і пра помслівасць Пуціна, якога Прыгожын вельмі моцна прынізіў сваім «маршам справядлівасці» на Маскву. Пуцін такога не даруе. Канечне, спачатку ён разбярэцца, якім чынам мяцежнікі праехалі тры расійскія вобласці, амаль не сустрэўшы супраціву. Гэтага патрабуе звычайная логіка: а што, калі б на месцы «Вагнера» былі рэгулярныя часткі УСУ? Ці праехалі б яны па Расіі таксама беспакарана? І яны б дакладна не спыніліся на просьбу Лукашэнкі…
А ўжо потым можна ўзяцца і за самога Прыгожына.
Доля прарасійскіх сілавікоў у Беларусі — аграмадная. І не выключана, што ФСБ у Беларусі пачуваецца таксама вольна, як у Расіі. Мы мелі багата выпадкаў, калі расійскія міліцыянты затрымлівалі беларускіх пратэстоўцаў у Расіі і выдавалі іх Беларусі. І думаю, што Прыгожын разумее: беларускія сілавікі не адмовяць у зваротнай паслузе сваім расійскім калегам.
Апроч таго, у Беларусі багата цікавых храмаў і сабораў, кшталту знакамітага сабора ў Солсберы, які наведвалі не менш знакамітыя асобы Пятроў і Башыраў. А таго ж «Навічка» ў Расіі — хоць заліся, і прыкладаў таму — ад Скрыпаля да Навальнага.
Чакаць Прыгожын у Беларусі можа толькі аднаго: рана ці позна па яго прыйдуць, і не так істотна, хто гэта будзе — беларускія сілавікі альбо расійскія. Але кіраўнік ПВК «Вагнер» не выглядае настолькі наіўным чалавекам, каб гэтага чакаць. Таму ў Беларусі яму відавочна не месца.
Пытанні і ў Лукашэнкі
Для Лукашэнкі ёсць два плюсы ў тым, каб прыняць у сябе «вагнераўцаў». Першы ўжо акрэслілі — гэта сіла, якая здольная супрацьстаяць Палку Каліноўскага ў выпадку ўваходу яго ў Беларусь. А другі — гэта рэсурс для гандлю з Пуціным.
Лукашэнка ўмее гандляваць людзьмі, і ён неаднаразова гандляваў палітвязнямі. Не думаю, што мяцежныя «вагнераўцы» для яго будуць нейкай каштоўнасцю. Калі Пуцін паабяцае яму нешта цікавае — Лукашэнка іх здасць з такой самай лёгкасцю, як і прыняў.
Але і турботаў для беларускага кіраўніка даволі багата. Па-першае, каму будуць падпарадкоўвацца гэтыя абстраляныя людзі з баявым досведам? Ці будуць яны лаяльныя да беларускага кіраўніка? Чые загады будуць выконваць, і, калі яны выступілі нават супраць кіраўніка Расіі, ці не папруцца яны (пры нейкіх умовах) «маршам справядлівасці» на Мінск?
Па-другое, гандаль людзьмі — таксама палка ў два канцы. А калі раптам Пуцін паабяцае нешта не Лукашэнку за «вагнераўцаў», а «вагнераўцам» за Лукашэнку? Альбо Прыгожын раптам задумае зрабіць з Лукашэнкам тое, што не атрымалася з Пуціным? Калі той ужо падняў адзін раз руку на «гаспадара», то…
Лукашэнку заўсёды і паўсюль мрояцца загавары, і пытанні ўласнай бяспекі для яго — першасныя. Таму наўрад ці ён пакіне ў краіне мяцежных байцоў ПВК у нейкіх значных колькасцях.
Так, іх можна зрабіць інструктарамі, можна ўмацаваць імі «беларускую ПВК» — «ГардСервіс». Але наўрад ці гэтых людзей будзе больш за пару тысячаў. У большай колькасці яны ўжо ўяўляюць небяспеку для самога Лукашэнкі.
А куды падзець яшчэ 18 тысяч мяцежных байцоў?
Таму і Прыгожын, і ягоныя «пацаны», калі і будуць у Беларусі, то тут не затрымаюцца. Гэта нявыгадна ні ім, ні прымаючаму боку. Хутчэй за ўсё, тэрыторыя Беларусі стане для іх транзітам. А транзітам куды? Адзін Прыгожын ведае.