Порткі Пуціна. Галоўныя высновы з мяцяжу Прыгожына

Мяцеж Прыгожына скончыўся, час асэнсоўваць наступствы. Адно з галоўных — 24 чэрвеня мы даведаліся, наколькі слабая сённяшняя Расія. І наколькі кволы, баязлівы і няўцямны яе 70-гадовы правадыр. А казалі, ён кшталту мача. Аказалася, хутчэй ануча.

Яўген Прыгожын, скрыншот з відэа

Яўген Прыгожын, скрыншот з відэа

Падумаць толькі: купка флібусцьераў, авантурыстаў, салдат удачы пад кіраўніцтвам крыклівага капітана-кухара Флінта-Прыгожына выйшла на марш і амаль дайшла да Масквы. Фактычна без адзінага выстрала, пры маўклівай згодзе мірнага насельніцтва і пры адсутнасці супраціву.


Глядзіце таксама

Хвалёныя пуцінскія сілавікі, на ўтрыманне якіх з дзяржбюджэту выдзяляюцца астранамічныя грошы, раптам некуды зніклі. Схаваліся ў бульбу, так ніводнага разу нават не стрэліўшы ў бок тых вагнераўцаў.

Адсюль першая выснова: сённяшняя расійская дзяржава — калос на гліняных нагах. Ва ўмовах, калі асноўнае войска ледзьве стрымлівае контрнаступ УСУ, астатнюю РФ можна браць голымі рукамі. Вырашы якая-небудзь Манголія «адціснуць» крыху тэрыторыі ў залік эпохі чынгізідаў, праз 24 гадзіны стаялі б недзе пад Уралам.

Выснова другая: усенародная падтрымка Пуціна ў Расіі — міф. Дакладней: падтрымка, можа, і ёсць, але яна надзвычай пасіўная. Калі ёсць неблагі заробак і іпатэка, калі па ТБ распавядаюць, як заходнікі «з намі шчытаюцца», то норм, Уладзімір Уладзіміравіч. Але калі раптам у горад заходзяць «вагнера», а мясцовыя «мянты» разбягаюцца разам з АМАПам, то выбачайце. Абараняць ваш канстытуцыйны лад мы не будзем — будзем ладзіць абдымашкі з новай уладай, несці хлопцам ваду і ежу, рабіць сэлфі. Слаўся, Яўген Віктаравіч.


Фота АР

Фота АР

Выснова трэцяя: прыгожынскі мяцеж не меў імгненных палітычных вынікаў, але тут высока верагодны адкладзены эфект. Увесь свет убачыў, што кіраўнік вялікай ядзернай дзяржавы — проста састарэлы баязлівец. Раніцай 24 чэрвеня, калі вагнераўцы яшчэ нетаропка снедалі ў Растове, Пуцін выйшаў у эфір, зрабіў няўклюдную прамову, назваў свайго было кашавара злачынцам... І знік. Кажуць, нават збег з Масквы — ці тое ў Пецярбург, ці тое на Валдай. Ніколі мянушка Бункерны дзед не была такой трапнай.

І гэты чалавек яшчэ год таму пагражаў усёй Еўропе. А цяпер нібыта пагражае ўсяму свету, заяўляючы пра ядзерную зброю. Выстаўляў сябе крутым мэнам з моцнымі тэстыкуламі, супраць якога ўсе гэтыя макроны-шольцы проста дробныя падшыванцы. Але во як сталася: прыплылі тут раптам канкістадоры на двух караблях, і галоўны Інка, уладар велічнай імперыі, адразу наклаў у порткі. І ганебна пачаў дамаўляцца з баламутамі — даручыўшы, каб не свяціцца, гэтую місію свайму смешнаму мінскаму хаўруснічку.

Цяпер свет, вядома, адкрыў вочы на кіраўніка Крамля. І не толькі свет, але і ўласна пуцінскае атачэнне, якое ў суботу таксама трэслася ад страху, а некаторыя дык увогуле збеглі за мяжу на сваіх бізнес-джэтах.

Але атрымаў моцную псіхалагічную траўму і сам Пуцін. Напэўна, яе можна параўнаць з той, ад якой у 2020-м пацярпеў Лукашэнка — дагэтуль не акрыяў. У беларускага дыктатара посттраўматычны сіндром выліўся ў жудасныя рэпрэсіі, помсту, звядзенне рахункаў. Што будзе рабіць Пуцін? Наважыцца на тое ж самае? Будзе помсціць асабіста Прыгожыну, умовы якога пры перамовах прыніжальна выканаў — і нават крымінальныя справы закрыў насуперак усялякай юрыспрудэнцыі? Паглядзім.

Выснова чацвёртая: АДКБ чарговы раз паказала сябе як абсалютна бессэнсоўная арганізацыя. Усё той жа раніцай у суботу Пуцін кінуўся тэлефанаваць хаўруснікам Лукашэнку, Такаеву, Мірзіёеву… Афіцыйна — «каб праінфармаваць аб сітуацыі ў краіне». Дэ-факта — можна не сумнявацца — каб прамацаць пытанне ваеннай падтрымкі ў рамках АДКБ. І калі пра размовы з Мінскам і Ташкентам паведамлялася без падрабязнасцяў, то праз Астану выцекла адметная дэталь. Такаеў заявіў, што мяцеж Прыгожына — унутраная справа Расіі.

Статут АДКБ абавязвае іх чальцоў абараняць адно аднаго ў выпадку знешняй пагрозы, то адразу бачна, як Такаеў дэманстратыўна «памыў рукі». ПВК Вагнера, маўляў, пагроза ўнутраная, то выблытвайцеся самі, спадары маскоўскія.

Пры гэтым дэмарш прэзідэнта Казахстана меў выразны маральны аспект. Адзіны раз, калі АДКБ спрацавала на карысць аднаго з сябраў арганізацыі, тычыўся менавіта казахстанскіх падзей. У студзені 2022 года ў краіне выбухнулі масавыя пратэсты — не мірныя, як у Беларусі ў 2020-м, а гвалтоўныя, крывавыя. Запанікаваўшы, Такаеў тады таксама кінуўся да тэлефона — папрасіў саюзнікаў аб дапамозе. Дапамога прыйшла — пратэсты былі здушаныя дзякуючы ўводу сумеснага кантынгенту. Праблемы ў тым, што пратэсты выключна ўнутраныя, ніхто не ўбачыў. Звыкла абвінавацілі калектыўны Захад у спробе зладзіць каляровую рэвалюцыю — дый адправіліся ратаваць класава блізкую аўтакратыю.

І вось калі здавалася, што Казахстан мусіць аддзячыць, той прыкінуўся шлангам. Хаця прыдумаць знешняе кіраванне прыгожынцамі — з боку таго ж Кіева — было б вельмі зручна. Але не, ніхто звязвацца не пажадаў.

Не пажадаў і Лукашэнка — ён толькі на словах «прыкрывае спіну рускаму салдату». Магчыма, і беларускі дыктатар і з былым пуцінскім кухарам палез дамаўляцца, толькі б не адпраўляць сваіх сілавікоў ваяваць з мяцежнай ПВК і абараняць крамлёўскага сябрука.


Глядзіце таксама

Карацей, яшчэ адзін цвік у труну АДКБ, якая існуе толькі на паперы.

Ну, і хіба выснова апошняя: нягледзячы на тое, што смута вагнераўская скончылася, не паспеўшы пачацца, гэта не перашкаджае лічыць яе бенефіцыярам Украіну. Бо, вядома ж: любы пярэпалах у лагеры ворага — на карысць. Хай грызуцца — гэта толькі падвышае шанцы контрнаступу. Вось і кажуць, што дэакупацыя ва УСУ апошнім часам пайшла весялей. То дзякуй за гэта вагнераўцам.

Гледзячы на такія сваркі «за парэбрыкам», можа, і Захад павялічыць пастаўкі ўзбраенняў, і адпаведныя рашэнні тамтэйшая бюракратыя будзе прасоўваць больш шпарка, і за новымі санкцыямі не заржавее.

Варта паскорыць шлях да перамогі Украіны над Расіяй. Над калосам, чые гліняныя ногі так цудоўна прадэманстраваў колішні крамлёўскі кухар Яўген Прыгожын. Галоўны вагнеравец зрабіў важкі ўнёсак у поспех сіл дабра над дзікунскай навалаччу. Яму за гэта, можа, і Бахмут даруецца.