У Расіі спроба ваеннага перавароту ці грамадзянская вайна? ПВК «Вагнер» выступіў супраць расійскай арміі

Заснавальнік ПВК «Вагнер» Яўген Прыгожын заявіў, што рэгулярнае расійскае войска нанесла ракетныя ўдары па тылавых лагерах ПВК «Вагнер». Яго найміты ў колькасці да 25 тысяч чалавек нібыта выступілі «разбірацца, чаму ў краіне дзеецца бязмежжа».

Фота з yazilimcimekani.com

Фота з yazilimcimekani.com


Сёння раніцай Прыгожын выступіў з праграмнай прамовай у паўгадзінным відэа, у якім прамовіў рэчы, занадта вострыя нават для яго. Ён заявіў, што Украіна бамбіла 8 гадоў не Данецк, а пазіцыі расійскіх і прарасійскіх войскаў на Данбасе. Сам Данбас раскрадваўся з 2014 года людзьмі з Адміністрацыі прэзідэнта Расеі ФСБ. А Міністэрства абароны падманула Пуціна — Украіна і NATO нават не збіраліся нападаць на Расію.

Прыгожын расказаў, што расійская армія страціла «дзясяткі тысяч» салдат і афіцэраў у самым пачатку вайны, за першы месяц. «Шайгу схаваўся, яго было не відаць. Гэта быў дрыготкі дзядок, які думаў, як яму выйсці з гэтай сітуацыі. <...> Яго трэба было судзіць і пакараць за тое, што ён знішчыў ужо ў той час дзясяткі тысяч жыццяў дзецюкоў», — сказаў Прыгожын.

Пры гэтым 25 сакавіка 2022 года расійскае Мінабароны агучыла афіцыйную версію страт: 1351 чалавек забітымі.

Таксама Прыгожын распавёў пра «проста немагчымую» колькасць зніклых без вестак: «Іх проста выкідалі, як мяса — таму што не было магчымасці забраць. І дагэтуль гэта хаваюць».

Шайгу і Герасімава Прыгожын назваў не інакш як «дзядулямі», якія баяцца выйсці з зоны камфорту. Пуціна, які знаходзіцца на самаізаляцыі і адарваўся ад рэальнасці, яны ўводзяць у зман.

«Войска РФ адступае на Запарожскім і Херсонскім кірунках, мы мыемся крывёю, рэзервы ніхто не дае». «Начальнік генштаба вішчыць як баба базарная, як свіння, у тэлефон, патрабуючы вярнуць пазіцыі», — апісвае ён Герасімава.

Падрыхтоўка да вайны, і яе вядзенне ад самага пачатку былі правальнымі. Сёння справы не лепшыя: расійская армія прайграе, у расійскім Генштабе — бяздарнае кіраўніцтва, Украіна не шкадуе зброі і беражэ людзей, а Расія — наадварот. Не лічыцца з чалавечымі стратамі — гэта афіцыйная пазіцыя Генштаба. Большая частка дакладаў Мінабароны цалкам хлуслівыя: напрыклад, ніхто не знішчаў 60 танкаў «Leopard», як пра гэта дакладвалі Пуціну — пра ўсё гэта казаў Прыгожын.

Шайгу, па словах Прыгожына, зацікаўлены ў атрыманні яшчэ адной зоркі Героя і звання маршала. А пра УСУ Прыгожын кажа падкрэслена ветліва, называючы іх «украінцы» або «праціўнік».


А ўвечары, у 21.40 па маскоўскім (і мінскім) часе ў афіцыйным тэлеграм-канале прэс-службы Прыгожына з'явілася некалькі аўдыёпаведамленняў. Голас на запісе не адрозніваецца ад голасу Прыгожына.

Асноўныя тэзісы:

  • «Нас спрабавалі разагнаць. Мы былі гатовыя пайсці на саступкі Мінабароны і здаць зброю. Але гэтыя мразі нанеслі ракетныя ўдары па нашых тылавых лагерах. Загінула вялікая колькасць нашых байцоў»
  • «Савет камандзіраў ПВК “Вагнер” прыняў рашэнне: зло, якое нясе ваеннае кіраўніцтва краіны, павінна быць спынена. Тыя, хто знішчыў нашых салдат, будуць пакараныя. Прашу не аказваць супраціў. Тых, хто будзе гэта рабіць, знішчым неадкладна».
  • «У 21.00 Шайгу баязліва, як баба, бег з Растова (там знаходзіцца стаўка камандавання) каб не тлумачыць, навошта ён падымаў верталёты, каб знішчаць нашых хлопцаў. Навошта наносіў ракетныя ўдары. Гэтая пачвара будзе спыненая».

«Нас 25 тысяч, і мы ідзем разбірацца, чаму ў краіне дзеецца бязмежжа. Усе, хто хоча — далучайцеся. Трэба заканчваць з гэтым бязладдзем».

У 21.00 у каналах, блізкіх да ПВК «Вагнер», з'явілася відэа наступстваў удару па лагеры ПВК. За кадрам двое мужчын абмяркоўваюць, хто мог яго нанесці — адзін кажа, што «хахлы не даб'юць, гэта саюзнічкі». На здымку бачныя часткі целаў і чутныя стогны параненых. Сапраўднае Ці гэта відэа, невядома.

Мінабароны Расіі пракаментавала заявы Яўгена Прыгожына:

«Усе паведамленні і відэакадры, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках ад імя Яўгена Прыгожына, пра нібыта «нанясенне МА РФ удару па «тылавых лагерах» ПВК «Вагнер» не адпавядаюць рэчаіснасці і з'яўляюцца інфармацыйнай правакацыяй. Узброеныя сілы Расійскай Федэрацыі працягваюць выкананне баявых задач на лініі судакранання з Узброенымі сіламі Украіны ў раёне правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі».

Расследавальнік Bellingcat Арык Толер піша, што відэа лагера, які, калі верыць Прыгожыну, падвергнуўся ракетнаму ўдару, — гэта той жа лагер, які паказваў у сваім нядаўнім відэа праваенны блогер Аляксандр Смірноў.

На гэта ж паказвае папулярны ў Расіі z-канал «Рыбар», які лічыцца блізкім да Мінабароны. Ён жа піша, што гэта відэа «не цягне на стоадсоткавы доказ і з высокай доляй імавернасці з'яўляецца пастановачным».

Былы кіраўнік мінабароны самаабвешчанай «ДНР» Ігар Гіркін (Стралкоў) у сувязі з тым, што адбываецца, канстатаваў, што Расія апынулася «на мяжы спробы вайсковага перавароту».

Прапагандысты пакуль маўчаць, як Маргарыта Сіманьян, або распаўсюджваюць, як Уладзімір Салаўёў аднолькавыя паведамленні, што відэа з канала Прыгожына пра нібыта «нанясенне МА РФ удару па тылавых лагерах “ПВК Вагнер” не адпавядаюць рэчаіснасці».

Паблік «Павернутыя на Z вайне» апублікаваў паведамленне: «Госпадзе, захавай Расію».