«Вагнер» ці Мінабароны: парадуемся і паназіраем
ТАСС паведамляе, што ў Маскве па трывозе ўзняты спецвойскі. Разнастайныя тэлеграмканалы посцяць відэа бронетэхнікі, якая на хатукасці рассякае па вуліцах расійскай сталіцы. Месцазнаходжанне двух чалавек цяпер цікавіць шмат каго ў гэтым свеце: Прыгожын і Пуцін.
Вечар пятніцы 23 чэрвеня перастаў быць томным задоўга да вечара пятніцы 23 чэрвеня. Уся гэтая байда з процістаяннем ПВК “Вагнер” на чале з Яўгенам Прыгожыным і Міністэрства Абароны РФ на чале з Сяргеем Шойгу, якая цягнецца ўжо далёка ня першы месяц, не магла скогнчыцца вось так проста, як завяршаюцца вядомыя амерыканскія анімацыі: “That’s All Folks”. Маўляў, кіно скончылася, разыходзьцеся.
Рана ці позна пытанне мусіла быць пастаўлена рубам: ці я (кім бы гэты “я” ні быў), ці яны. Прарвала цяпер.
Спачатку — пра хаду падзеяў.
Прыгожын абвінаваціў расійскія ўзброеныя сілы ў нанясенні ўдару па тылавым лагеры групы Вагнер і суправадзіў заяву відэё, быццам, знятым на месцы падзеяў. Само па сабе не здзіўляе: да “непаразуменняў” паміж МА РФ і ПВК “Вагнер” ужо ўсе, падаецца, прызвычаіліся. Дый відэа не выглядае пераканаўчым: некаторыя расейскія “ваенблогеры”, якія цяпер з’яўляюцца ледзь не асноўнай крыніцай інфармацыі расейскага боку ў вайне супраць Украіны, западозрылі ў сюжэце пастаноўку.
Праўда, некаторыя блогеры адначасова запосцілі “Танец маленькіх лебядзедзяў”. Маўляў, хто мае вушы — пачуе. Нічога сабе! Для такіх ілюстрацыяў да бягучых падзеяў трэба мець істотныя падставы.
А істотнае было. У заяве Прыгожына. Па-першае, ён назваў свайго апанента Шойгу “пачварай”. Занадта нават для палітычнай культуры нашых усходніх суседзяў. Па-другое, ён заклікаў да “маршу справядлівасці” на Маскву. Фактычна — да ваеннага перавароту. Па кім тут могуць танцыць маленькія лебедзі?
Далей— урыўкавыя паведамленні, якія не маюць пакуль пацверджання, пра тое, што групы “вагнераўцаў” накіраваліся з акупаваных абласцей Украіны ў бок Расіі. З’явілася інфармацыя, што па трывозе паднятая Расгвардыя.
Далей — інфармацыя, што ў будынку Міністэрства абароны РФ збіраецца ваенная калегія. Па паведамленні ваенных блогераў Расіі па цэнтральных органах ваеннага кіравання Расіі аб'яўлены агульны збор.
Паралельна ўзнікае пытанне: дзе Пуцін? Некаторыя блёгеры спадзяюцца, што ён прыйдзе і развядзе бяду рукамі. Але Пуціна нідзе не бачна. І толькі Пяскоў заяўляе, што ён паставіў Пуціна ў курс справы.
Тое, што сабралі галоўных расійскіх вайскоўцаў, пацвярджаецца двума відэа, запісаных у адным і тым жа месцы, двух уплывовых расійскіх вайскоўцаў: наальне галоўнага ўпраўлення генеральнага штаба ВС РФ генерал-лейтэнант Уладзімі Аляксееў, які вядомы ў вузкіх колах тым, што займаўся кантактамі Мінабароны і прыватных ваенных кампаній. Ён, калі коратка, заклікаў ПВК Вагнер не нагнятаць.
Другі — Сяргей Суравікін, якога раней Прыгожын высока ацэньваў, звярнуўся да байцоў ПВК Вагнер з просьбай не разбураць адзіную справу.
Ужо гэтае дае адназначны сігнал: усё, што адбываецца — не фэйк, і што ўсё больш чым сур’ёзна.
Пры гэтым ФСБ Расіі распачала крымінальную справу супраць Прыгожына за спробу ўзброенага перавароту. Гучыць, канечне, пераканаўча. ФСБ — сур’ёзная структура, практычна, усемагутная. Што ёй нейкі Прыгожын, калі за ёй — уся моц расейскай дзяржавы? У гэта можна было б паверыць. Калі б не заклік “усемагутнай структуры” да байцоў ПВК “Вагнер” з прапановай затрымаць Прыгожына. Шта? Хлопцы з ФСБ, вы ж — усемагутныя! Навошта вам пасярэднікі ў справе затрымання нейкага бізнэсоўца?
Тым часам тг-каналы радасна посцяць інфу пра шматкіляметровыя калёны “музыкаў”, якія рушаць з акупаванай тэрыторыі Ўкраіны ў Растоўскую вобласць. Ідуць паведамленні пра бой з Расгвардыяй, якая спрабавала затрымаць рух “вагнераўцаў”, але была вымушана ўцякаць. Посцяць і відэё, быццам, “таго самага бою”, на якім амаль анічога ня бачна і нічога не зразумела.
Каналы мусульманаў Паўночнага Каўказу даюць інструкцыі сваім братам і сёстрам у расійскіх гарадах назапашваць ежу, заправіць машыны і нікуды не выходзіць з дамоў. Асабліва калі жывеш у Маскве ці Піцеры. Калі выходзіш — бяры с сабой траўмат ці нож.
Калі сыходзіць з усіх гэтых дадзеных, то можна зрабіць выснову, што сітуацыя ў Расіі дастаткова сур'ёзная. Прыгожын, маючы за сабой добра ўзброеную, вялікую па колькасці і валодаючую баявым досьведам сілу, не пагодзіцца проста так пайсці ў турму на тэрмін ад 12 да 20 гадоў. У той жа час заяву ФСБ проста так не дэзавуюеш. Хаця, не выключана, што яны могуць паспрабаваць гэта зрабіць.
Яшчэ адзін момант: а другой гадзіне ўночы 22 чэрвеня ў Маскве былі ўзнятымі па трывозе часткі мабрэзэрву, аддзелы МА РФ, МУС, ФСБ, ФСА, і Расгвардыі. Фармальная (афіцыйная) падстава — пагроза "тэрарыстычных атакаў" з боку "ўкраінскіх дыверсантаў". Цалкам можа быць, што гэтыя меры (якія дзейнічаюць дагэтуль) былі зьдзейсьненымі ў чаканьні выступленьня Прыгожына і ягонай ПВК.
Пакуль сітуацыя застаецца незразумелай, цьмянай, і ніхто ня возьмецца прагназаваць далейшае развіццё падзеяў. Магчыма, ранкам будзе больш яснасці. Але ўжо цяпер можна казаць, што сітуацыя ў Расіі ну вельмі далёкай ёсць ад стабільнасці. Асабліва калі ўлічыць, што ў Прыгожына маецца вялікая колькасць прыхільнікаў у частках МА РФ, на якое разлічваюць ягоныя праціўнікі. Асабліва ў найбольш баяздольных паветрана-дэсантных войсках. Ды й адсутнасць Пуціна пры ўсім гэтым кіпішы шмат пра што кажа. Карацей, усё толькі пачынаецца.