Эксперт: Запрасіўшы Прыгожына ў Беларусь, Лукашэнка выйграў тактычна але прайграў стратэгічна
Учора ўвесь дзень Лукашэнка размаўляў з Прыгожыным. Вынікам дамоўленасцяў стала спыненне «маршу справядлівасці» «Вагнера» на Маскву. У абмен у дачыненні да Прыгожына будзе спыненая крымінальная справа, а «Вагнер» сыдзе ў Беларусь, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта РФ Дзмітрый Пяскоў.
Частка наймітаў ПВК «Вагнер», якая першапачаткова адмовілася ўдзельнічаць у мяцяжы Прыгожына, падпіша кантракты з Мінабароны РФ.
Навошта Лукашэнку патрэбны Прыгожын? Эксперт Украінскага інстытута будучыні Ігар Тышкевіч тлумачыць, чаго дасягнуў Лукашэнка.
Лукашэнка патрэбны той:
1. Хто можа пайсці супраць цара (расійскага), але не мае ў Беларусі ўласных войскаў.
2. Хто «валодае часткай Афрыкі». У прыватнасці, мае ўласны геолагаразведачны і горназдабыўны бізнес па золаце, вальфраму, тытану і ўрану.
3. Хто можа даць «дах бяспекі» свавольствам самога Лукашэнкі на гандлі зброяй, выведцы рэдказямельных элементаў і здабычы золата і алмазаў.
4. Той, хто мае ў Афрыцы «сілавы рэсурс» які (як пасярэднік) Лукашэнка можа прапанаваць кітайцам у зонах нестабільнасці.
І, нарэшце, што вельмі важна — той, хто здолеў стварыць эфектыўную інфармацыйную машыну ў новых медыя, якая служыла для расійскіх інфармацыйных аперацый і для апрацоўкі ўласных грамадзян. А таксама для дыскрэдытацыі і дэманізацыі палітычных апанентаў. На фоне правалу беларускай прапаганды такія таленты запатрабаваныя.
Так, Прыгожын — гэта не толькі ПВК. Дакладней, не столькі ПВК, колькі ўсё пералічанае вышэй. А Афрыка? Ядро ПВК «Вагнер» знаходзіцца менавіта ў Афрыцы. І гэта не менш за 20 тысяч байцоў, не ўлічваючы падрыхтаваных імі атрадаў з мясцовых. І гэта ядро не выязджала ні ва Украіну, ні ў РФ, што сведчыць пра нейкую ўпэўненасць Прыгожына ў дагаварняке (і гэтая ўпэўненасць спрацавала, але не так, як той разлічваў).
Што тычыцца ПВК «Вагнер», то верагодна структура будзе паступова дзяліцца на дзве.
1. Так званая «франтавая» або «антыўкраінская». Тут камандзірам можа стаць Мезенцаў (былы намеснік міністра абароны па матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні). Ці хтосьці іншы — афіцэраў з Галоўнага ўпраўлення Генштаба яны набралі шмат.
2. «Афрыканскі Вагнер». А вось тут Прыгожын будзе трымацца да канца. Гэта яго байцы. І гэта яго бізнес. А так жа, пакуль дзяржкарпарацыі не разгарнулі свае ПВК ён «трымае за адно месца» Раснафту, Газпром і нават партнёраў Чэмезава — усе яны маюць бізнес там. Дарэчы, патрымацца за тое ж месца пералічаным вышэй таварышам (і іх групам) не супраць і Лукашэнка.
Дык ці выйграў Лукашэнка? Тактычна так. Адразу па некалькіх прычынах
1. Ён паказаў сваю «патрэбнасць» Пуціну і фактычна наблізіўся да ядра атачэння крамлёўскага цара.
2. Ён, за кошт разрульвання сітуацыі атрымаў магчымасць дамагчыся няўдзелу РФ у выбарах 2023-24 (у пачатку 2024 выбары ў мясцовыя Саветы і парламент). Гэта значыць адтэрміноўку з разгортваннем прарасійскага палітычнага праекта, які курыруецца з Масквы.
Стратэгічна (ці нават у сярэднетэрміновай перспектыве) ён прайграў. І вось прычыны:
1. Пуцін не забывае прыніжэнняў і спрабуе пазбавіцца ад «залежнасці» альбо «доўгу паслугай» камусьці спецыфічнымі метадамі. Напрыклад, ствараючы вялікія праблемы «крэдытору», развязанне якіх (а гэта лёгка — сам жа стварыў) пераварочвае схему, і ўжо Пуціну «павінны». Пытанне зручнага выпадку.
2. Любыя будучыя канфлікты Прыгожына з вежамі Крамля (а тут нават забудзем фронт — возьмем Афрыку) аўтаматычна будуць азначаць прылёт па Лукашэнку, паколькі той — «апякун» кухара Пуціна.
3. Зашквар з апекай над Прыгожыным ускладняе магчымасці гульні Лукашэнкі на стабілізацыю стасункаў з Захадам. Тут важная і асоба ўладальніка «аркестра» (у тым ліку ваенныя злачынствы) і дадатковая дэманстрацыя звязкі з Пуціным.
Таму для Лукашэнкі атрымаўся ўжо традыцыйны на гэтым адрэзку ягонай палітычнай кар'еры фармат — тактычна «перамог», але стратэгічна заганяе сябе ў адно кепска патыхаючае месца.