Як Лукашэнка скарыстаецца «дээскалацыяй» бунту Прыгожына?

Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка скарыстаецца пасярэдніцтвам ва ўрэгуляванні бунту Яўгена Прыгожына каб затрымліваць фармалізацыю Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, або прадухіляць выкарыстанне Пуціным беларускіх сіл ва Украіне, лічаць спецыялісты Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Фота з Twitter

Фота з Twitter

Позна ўвечары 24 чэрвеня Крэмль абвясціў, што беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка і фінансіст групы «Вагнера» Яўген Прыгожын дамовіліся, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, не будучы прыцягнутым да крымінальнай адказнасці ў Расіі. Частка байцоў групы «Вагнера» падпіша кантракты з Міністэрствам абароны Расіі, і ніводнаму з байцоў ПВК не будзе выстаўленае абвінавачванняў за ўдзел ва ўзброеным паўстанні.

Прадстаўнік Крамля Дзмітрый Пяскоў паведаміў, што расійскія ўлады закрыюць крымінальную справу супраць Прыгожына, які паедзе ў Беларусь, падзякаваў Лукашэнку за ягоную ролю ў пасярэдніцтве ў заключэнні пагаднення з «вышэйшай мэтай — пазбегнуць кровапраліцця».

Раней прэс-служба беларускага дыктатара паведаміла, што Лукашэнка вёў перамовы з Прыгожыным, і сцвярджала, што Лукашэнка і Пуцін дамовіліся аб «двухбаковых дзеяннях» з мэтай урэгулявання канфлікту. Лукашэнка падкрэсліў важнасць пазбягання  «крывавай бойні» і забеспячэння гарантый бяспекі для байцоў «Вагнера».

Пасля першага беларускага паведамлення Прыгожын выпусціў аўдыёзварот, у якім заявіў, што ягоны «марш за справядлівасць» дасягнуў сваёй мэты і што ён загадаў байцам «Вагнера» вярнуцца на свае пазіцыі, каб прадухіліць перарастанне сітуацыі ў крывавую бойню.

Прыгожын не згадаў у сваёй заяве ні пра датычнасьць да канфлікту Лукашэнкі, ні пра дэталі дамоўленасцяў, якія былі дасягнутыя ў выніку перамоваў.

У справаздачы эксперты ISW адзначаюць: бунт Прыгожына прадэманстраваў, што расійскім войскам не хапае рэзерваў у многіх тылавых раёнах, і амаль напэўна пагоршыць маральны дух расійскіх вайскоўцаў ва Украіне, што ўкраінскія войскі могуць выкарыстоўваць для карэкціроўкі спробаў прарыву расійскай абароны.

На думку экспертаў, дамоўленасць пры пасярэдніцтве Лукашэнкі, хутчэй за ўсё, ліквідуе ПВК «Вагнер» як незалежнага гульца на чале з Прыгожыным у яе цяперашнім выглядзе, хоць асобныя элементы групы могуць працягваць існаваць у падначаленні Мінабароны РФ.

Аналітыкі паказваюць, што незразумела, як Крэмль будзе вызначаць асабовы склад «Вагнера», які не ўдзельнічаў у мяцяжы, і ў заяве Пяскова не ўдакладняецца далейшы лёс асабовага складу «Вагнера», які ўдзельнічаў у паўстанні, акрамя як атрыманне памілавання.

Таксама адзначаецца, што Прыгожын амаль напэўна спланаваў мяцеж загадзя, улічваючы каардынацыю і хуткасць перамяшчэння «Вагнера», але ISW не можа пацвердзіць гэтую гіпотэзу.

Глядзіце таксама

Як гаворыцца ў аглядзе, узброены мяцеж Прыгожына, верагодна, яшчэ больш падарваў падтрымку «Вагнера», прымусіўшы звязаныя з ім рэгіянальныя органы ўлады і вербавальныя арганізацыі асудзіць дзеянні Прыгожына. Адзначаецца і тое, што пакуль незразумела, ці заручыўся Прыгожын падтрымкай камандзіраў або шараговага складу «Вагнера» перад заключэннем здзелкі, і многія вайскоўцы «Вагнера», верагодна, будуць незадаволеныя неабходнасцю падпісання кантрактаў з МА, дэмабілізацыі або перадыслакацыі за межы Украіны.

Эксперты мяркуюць таксама, што Лукашэнка, верагодна, паспрабуе выкарыстаць дээскалацыю ўзброенага паўстання для дасягнення сваіх мэтаў, такіх як затрымка фармалізацыі Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі або прадухіленне выкарыстання Пуціным беларускіх сіл ва Украіне.

Аналітыкі паказваюць і тое, што Крэмль цяпер знаходзіцца ў стане глыбокай нестабільнасці. Пагадненне з Лукашэнкам — гэта кароткатэрміновае, а не доўгатэрміновае рашэнне, а пераварот Прыгожына агаліў слабыя месцы ў Крамлі і расійскім МА.

Яны таксама адзначаюць: мяцеж Прыгожына і развязка падзей 23-24 чэрвеня — хоць гэта не абавязкова барацьба Прыгожына і Крамля ў поўным аб'ёме — імаверна, нанясе значную шкоду ўладзе Пуціна і расійскім вайсковым намаганням ва Украіне.

Глядзіце таксама