Эксперт: Дамоўленасць з Прыгожыным — працэс садамазахізму ў выкананні Пуціна

Украінскі ваенна-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка заклікае не пераацэньваць ролю Лукашэнкі ў развязанні сітуацыі з мяцяжом Прыгожына ў Расіі. На ягоную думку, усё было вырашана на іншым узроўні, Лукашэнка толькі служыў «тэлефонам».

fza1ij7wyaeddqp.jfif

— Лукашэнка стаў проста «перадастам» у гэтай усёй няпростай сітуацыі, якая ўзнікла ў Расіі і ўжо нават папахвала грамадзянскай вайной, — адзначыў украінскі ваенна-палітычны аглядальнік Аляксандр Каваленка ў эфіры «Звычайнага ранку». — Але да грамадзяншчыны, як мы бачым, пакуль не дайшло. Хоць колькасцю збітых верталётаў і самалётаў я задаволены, паменшылася колькасць ВКС РФ у сваім складзе.

Прыгожын сапраўды пайшоў на папятны і разгарнуўся, і тут ёсць такі цікавы момант — ці пайшоў Крэмль насустрач Прыгожыну і ці будзе праведзена замена міністра абароны і начальніка генштаба, гэта значыць Шайгу і Герасімава на тых генералаў, якія выгадныя Прыгожыну і яго куратарам? А гэта Суравікін — Мезенцаў.

Ну і, мабыць, найбольш рэзанансны момант гэтай гісторыі, калі сапраўды адбыўся перамоўны працэс, то гэта аплявуха самому Пуціну, якая не мае аналагаў у сучаснай расійскай гісторыі.

Такая аплявуха пасля таго, як раніцай ён заявіў, што Прыгожын ледзь не здраднік, што ён па-за законам і яго трэба ліквідаваць і знішчыць, а да вечара ўжо з ім заключаюцца дамоўленасці — гэта прыніжэнне.

Пуціна і так фактычна ўжо даўно неаднаразова прынізілі, як на ўнутранай, так і на знешняй арэне. А тут проста працэс нейкага садамазахізму ў яго выкананні.

Гістарычна з Расіяй так было заўсёды: калі прайгравалася вайна, пачыналася ўнутраная дэстабілізацыя. На дадзеным этапе вайна пакуль яшчэ набліжаецца да свайго фіналу, поўнага фіяска для Расіі, а дэстабілізацыя, як мы бачым, ужо сябе праяўляе.

Пры гэтым эксперт не верыць у трывалы альянс Лукашэнкі-Прыгожына і настойвае на выключна тэхнічнай ролі беларускага кіраўніка.

— Малаверагодна, што Лукашэнка ўвойдзе ў нейкі альянс з Прыгожыным, у іх няма настолькі цесных сувязяў, зноў-такі ўявіць, што Лукашэнка нейкім чынам можа дапамагчы Прыгожыну, напрыклад, беларускім войскам — не бачу такога варыянту.

Ён можа быць менавіта пасярэднікам, выконваць функцыі «перадаста». Ён і выканаў гэтую функцыю. У цэлым яго функцыя пасрэдная — гаворачая галава, запалохвання Захаду ядзернай бомбай і гэтак далей.

Але пры гэтым ён не заняў нейкую актыўна-агрэсіўную пазіцыю. Лукашэнка, нягледзячы на свае габарыты, дробная рыбка для такіх спраў. Ён вёрткі, гэта праўда, можа лавіраваць, гэта праўда. Але ў цэлым для чагосьці глабальнага ён дробязны, — мяркуе ўкраінскі аглядальнік.


Глядзіце таксама