487-мы дзень вайны: УСУ ціха наступаюць, у свеце думаюць, што было з Прыгожыным

Эфектны і медыйны «Марш Вагнера на Маскву» не спыніў баявыя дзеянні ва Украіне. УСУ працягвае вызваляць сваю зямлю, баявыя дзеянні час ад часу перакідваюцца на Расію, а аналітыкі ўсё ж думаюць наконт выбрыку Прыгожына: што гэта было і якія яшчэ будуць наступствы.

2819142.jpg

Генштаб УСУ сціпла паведамляе…

Зводка Генштаба УСУ традыцыйна сціпла паведамляе аб ходзе ўкраінскага контрнаступлення. Паводле Генштабу, расійскія войскі засяроджваюць асноўныя намаганні на Ліманскім, Аўдзееўскім і Мар'інскім кірунках — на працягу сутак там адбылося 29 баявых сутыкненняў. А таксама на Запарожскім і Херсонскім напрамках вораг абараняецца і спрабуе стрымаць прасоўванне Сіл абароны Украіны.

Але Telegram-канал 3-й асобнай штурмавой брыгады УСУ піша пра разгром расійскіх войскаў на Бахмуцкім кірунку. Згодна паведамленню, дзясяткі жаўнераў РФ былі ліквідаваныя і параненыя ў выніку «зачысткі» плацдарму ворага на Заходнім беразе канала Северскі Данец — Данбас.

Ваенныя краіны пачалі прасоўванне ў раёне Бахмута з пачатку чэрвеня. У прыватнасці, ім удаецца вызваляць ад расійцаў раёны паўночней і паўднёвей горада. Як тлумачыла намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр, такім чынам УСУ плануюць узяць у атачэнне групоўку РФ, якая застаецца ў Бахмуце.

У той час, калі ў Расіі вагнераўцы спрабавалі правесці мяцеж, Узброеныя Сілы Украіны знішчылі на фронце 720 акупантаў, 6 танкаў і 5 РСЗА.

Міністэрства абароны Вялікабрытаніі піша, што ўкраінскія вайскоўцы выкарыстоўваюць вопыт першых двух тыдняў контрнаступлення для ўдасканалення тактыкі і дасягаюць упэўненага тактычнага прагрэсу на ключавых напрамках.

Як піша выведка, у апошнія дні ўкраінскія войскі перагрупаваліся і працягнулі праводзіць наступальныя аперацыі на трох асноўных напрамках на поўдні і ўсходзе Украіны.

«Украінскія войскі выкарыстоўваюць вопыт першых двух тыдняў контрнаступлення для ўдасканалення тактыкі штурму глыбокай, добра падрыхтаванай расійскай абароны. Украінскія падраздзяленні дасягаюць паступовага, але ўпэўненага тактычнага прагрэсу на ключавых кірунках», — піша брытанская выведка.

Вайна ў Расіі

У выніку нанясення ўдару расійскім верталётам па нафтабазе ў Варонежы згарэла 5000 тон авіяцыйнага паліва. Гасілі пажар практычна ўсе сілы Варонежскага пажарна-ратавальнага гарнізона — 97 чалавек і 31 адзінка тэхнікі. Пажар ліквідавалі ў 00:40 у нядзелю.

У расійскім Шэбекіна Белгарадскай вобласці адбыўся пажар на прамысловым прадпрыемстве. Улады заявілі пра атаку дрона, з якога была скінутая выбуховая прылада.

Апошнія месяцы жыхары Белгародскай вобласці і яе ўлады ўсё часцей паведамляюць пра нібыта абстрэлы і выбухі, абвінавачваючы ва ўсім УСУ.

Паход Прыгожына на Маскву: наступствы

У Амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW) лічаць, што дасягнутае дзякуючы Лукашэнку, пагадненне Крамля з Прыгожыным з'яўляецца кароткатэрміновым рашэннем. Узброенае паўстанне заснавальніка ПВК Вагнер Яўгена Прыгожына і яго паход на Маскву паказала слабасць Крамля. Хутчэй за ўсё, гэта нанясе істотную шкоду намаганням Расіі ў вайне супраць Украіны.

«Паўстанне Прыгожына прадэманстравала, што расійскім войскам не хапае рэзерваў у многіх тылавых раёнах і яно амаль напэўна пагоршыць маральны дух расійскіх войскаў ва Украіне, бо ўкраінскія сілы могуць выкарыстоўваць гэта для карэкціроўкі спробаў прарыву расійскай абароны», — гаворыцца ў паведамленні.

Аналітыкі пішуць, што цяпер Крэмль сутыкаецца з глыбока нестабільнай раўнавагай. Пагадненне, дасягнутае дзякуючы Лукашэнку, з'яўляецца кароткатэрміновым, а не доўгатэрміновым рашэннем, а мяцеж Прыгожына паказаў сур'ёзныя слабасці Крамля і расійскага Мінабароны.

«Здагадка аб тым, што паўстанне Прыгожына, адказ Крамля і пасярэдніцтва Лукашэнкі былі інсцэніраваныя Крамлём, абсурдныя», — гаворыцца ў справаздачы.

У ISW звяртаюць увагу, што дзеянні ПВК Вагнер выявілі слабасць расійскіх сілавых структур і прадэманстравалі няздольнасць Уладзіміра Пуціна своечасова выкарыстоўваць свае сілы для адбіцця ўнутранай пагрозы, што яшчэ больш падарвала ягоную манаполію на сілу.

Акрамя таго, дзеянні «вагнераўцаў» паказалі дэградацыю расійскіх вайсковых рэзерваў, амаль цалкам занятых баямі ва Украіне, а таксама небяспеку спадзявацца на нявопытных прызыўнікоў для абароны межаў Расіі.

Аналітыкі не прагназуюць хуткі крах Крамля, аднак мяцеж Прыгожына і падзеі ў РФ, хутчэй за ўсё, нанясуць істотную шкоду вайсковым намаганням Масквы ў вайне супраць Украіны.

Былая кіраўніца маскоўскага бюро CNN Джыл Догерці выказала здагадку, што шэфа «вагнераўцаў» могуць ліквідаваць, нягледзячы на тое, што ён збег у Беларусь. На яе думку, Пуцін не даруе здраднікаў. «Цалкам магчыма, што мы ўбачым, як Прыгожына заб'юць у Беларусі. Але гэта цяжкая дылема для Масквы, таму што пакуль Прыгожын мае пэўную падтрымку, ён уяўляе пагрозу, незалежна ад таго, дзе ён знаходзіцца», — сказала яна.

Паводле ўкраінскіх і сусветных СМІ

Глядзіце таксама