Прыгожын узяў Растоў. А беларусам за гэта што-небудзь будзе?
Многія цяпер паціраюць рукі, гледзячы на тое, што робіцца ў Расіі. Шмат хто называе гэта «грамадзянскай вайной», «рэвалюцыяй», «путчам», «ваенным пераваротам». Аднак пакуль радавацца рана. І перш за ўсё радавацца рана беларусам, паколькі расійскія падзеі могуць адбіцца на нашым становішчы не самым спрыяльным чынам.
Новы 1917-ы?
Цяпер шматлікія аналітыкі, гісторыкі, публіцысты і іншыя медыйныя эксперты — і нават Пуцін,— параўноўваюць сённяшнія падзеі ў Расіі з падзеямі 1917 года. І калі не непасрэдна з бальшавіцкім пераваротам, то хоць бы з Лютаўскай рэвалюцыяй, вынікам якой стала адрачэнне Мікалая Другога «Крывавага».
Гэтыя параўнанні не зусім карэктныя. Бунт у войсках і супраціў іх адпраўцы на фронт тады, і «марш Прыгожына» цяпер — дзве вялікія розніцы. Прынамсі, патрабаванняў «адрачэння цара» пакуль не чуваць ні ад расійскай вярхушкі, ні ад бунтуючых жаўнераў. Адзінае, што Прыгожын адмовіўся скласці зброю нават «на загад прэзідэнта», ала «Далоў Пуціна» — «Далоў самадзяржаўе» 1917-га — яшчэ не прагучала.
Персанальна мне эта нагадвае не 1917 год, а паўстанне ва Уладзівастоку пасля заканчэння руска-японскай вайны 1905 года. У той вайне Расія мела ўсе шанцы перамагчы, але з-за бяздарнага камандавання вымушаная была падпісаць Портсмуцкі мір. Адным з яго вынікаў стала тое, што ва Уладзівастоку сабралася вялікая колькасць войскаў, якія чакалі дэмабілізацыі пасля руска-японскай вайны. Умовы іх утрымання былі нездавальняючымі, харчаванне беднае, жалаванне затрымлівалася. У войсках спела незадаволенасць. Чаша цярпення перапоўнілася, калі на флоце адмянілі абавязковыя вінныя порцыі.
30 кастрычніка 1905 года на вуліцы горада вываліў натоўп прыкладна тысяч у дзесяць салдат і дзве тысячы матросаў і з крыкамі «За што ваявалі!» і «Залатапагоннікі — здраднікі, не далі арміі перамагчы!» пайшоў разбураць крамы і рэстараны. Спробы навесці парадак сіламі гарнізона скончыліся нічым. У самы кароткі тэрмін большая частка гарнізона Уладзівастока выйшла з-пад кантролю ваеннага камандавання.
31 кастрычніка «паўстанцы», многія з якіх былі п'яныя, захапілі гаўптвахту, ваенную турму, каравульны дом, разграмілі іх і вызвалілі арыштаваных. Ужо да канца дня амаль увесь Уладзівасток апынуўся ў іх руках. У горад для падаўлення паўстання начальнікам Уладзівастоцкага гарнізона былі выкліканыя некалькі батальёнаў і полк з Рускага вострава. Але стрэлы ў паветра над галовамі п’яных жаўнераў толькі развесялілі абстраляную ў баях пехтуру, і тая з рогатам пайшла братацца з нядаўна яшчэ надзейнымі войскамі. Па ўсім горадзе пачаліся збіцці афіцэраў і членаў іх сем'яў. Некаторыя з афіцэраў, умацаваўшыся ў казармах, адстрэльваліся ад уласных салдат, пакуль да горада не падышлі свежыя ўрадавыя войскі.
Мяцеж ва Уладзівастоку быў задушаны ў тры дні, калі ўлады паабяцалі выканаць некаторыя патрабаванні «паўстанцаў» і выправадзілі з горада найбольш агрэсіўна настроеныя часткі.
Пагадзіцеся, бунт «прыгожынцаў» больш нагадвае Уладзівасток 1905-га. Яны столькі часу біліся за Бахмут, выгрызаючы тэрыторыю літаральна па сантыметры. І вось, варта было ім адысці, расійская армія не толькі здае іх пазіцыі, але і выказала намер раззброіць «Вагнер». А потым, калі верыць Прыгожыну, нават нанесла ракетны ўдар па іх тылавых пазіцыях. Як тут не закрычаць: «Залатапагоннікі — здраднікі»!?
Варта адзначыць, тое, што называлася «першым бунтам салдат ва Уладзівастоку», бальшавікі і пасля камуністы назвалі «падзеямі першай рускай рэвалюцыі».
Калі пераможа Пуцін?
Пакуль няма ніякіх перадумоў казаць пра тое, што «бунт Прыгожына» і яго «марш справядлівасці» на Маскву будзе паспяховым да канца. Вядома, ён узяў Растоў і, быццам бы, Варонеж, але дабрацца да цэнтральнай улады ў Крамлі яму наўрад ці свеціць. Урэшце, у Пуціна пакуль яшчэ застаюцца не тое каб лаяльныя, але падкантрольныя яму войскі, колькасная і тэхнічная перавага знаходзіцца на баку Міністэрства абароны Расіі. Знайсці баяздольныя часткі, якія здушаць мяцеж, можна, для гэтага нават не трэба будзе адклікаць войскі з фронту. Адзіная праблема — выцягнуць войскі Прыгожына з гарадскіх умоў. Менавіта ў гарадскіх умовах умее ваяваць «Вагнер» і не ўмее рэгулярная расійская армія.
Апроч таго, Прыгожын, нібыта, не сварыцца з самім Пуціным. Усе яго прэтэнзіі звернутыя да генералаў — Шайгу і Герасімава. Астатнія просяць Прыгожына спыніцца —у тым ліку і Суравікін, да якога Прыгожын ставіцца з піетэтам, і Кадыраў.
Пуціну з Прыгожыным можна і дамовіцца. Пуцін нешта паабяцае «Вагнеру», Прыгожын «з разуменнем» паставіцца да Пуціна, у расійскіх войсках пачнецца «разбор палётаў», галовы Шайгу і Герасімава паляцяць, але ў выніку «пераводу на другую работу» ці неяк яшчэ... Але спробы мяцяжу Пуцін Прыгожыну не даруе, і адзінай практычнай умовай для Пуціна будзе раззбраенне байцоў Прыгожына і адпраўка іх куды-небудзь у Афрыку.
Але справа ў тым, што прыгожынская ПВК «Вагнер» — гэта рэальна найбольш баяздольныя падраздзяленні на фронце ва Украіне. «Знікненне» гэтай сілы з карты ваенных дзеянняў само па сабе ўдар для расійскіх войскаў, як псіхалагічны, так і цалкам сабе ваенны. І гэтыя 25 тысяч салдат, якія раптоўна зніклі з фронту, трэба будзе кім-небудзь замяніць.
Таму нельга выключаць, што ціск на Лукашэнку з тым, каб беларускае войска паўнавартасна ўдзельнічала ў вайне з Украінай, практычна непазбежна ўзрасце. Пуціну, які страціў рэзервы «Вагнера», трэба будзе неяк трымаць лінію фронту перад украінскім контрнаступленнем. І адкрыццё новага «Паўночнага фронту» дало б яму вельмі моцныя перавагі — у прыватнасці, аслабіла б украінскі наступ на поўдні і ўсходзе.
Вядома, наўрад ці беларускае войска прасунецца далей за Чарнігаў (калі наогул да яго дойдзе). Але «Паўночны фронт» змусіў бы Украіну перакінуць частку рэзерваў з поўдня і ўсходу на поўнач, паслабіўшы контрнаступальную групоўку.
А на ўсе запэўніванні Лукашэнкі, што ягонае войска «бароніць Расію спіну ад NATO» цяпер Пуцін можа сказаць: «Для NATO мы табе ядзерную зброю далі. Так што давай, наперад, ва Украіну».
А калі раптам пераможа Прыгожын?
Калі раптам Прыгожын дасягне сваіх мэтаў, якія б яны ні былі — альбо адстаўка камандавання расійскага войска, альбо зрынанне Пуціна (хто ведае?), то і тут нам нічога добрага не свеціць.
Прыгожын пайшоў сваім «маршам справядлівасці» ў Расію не дзеля таго, каб скончыць вайну. Наадварот, ён усяляк падкрэслівае, што вайна павінна працягвацца, і ён гатовы яе працягваць — але не пад кіраўніцтвам бяздарных палкаводцаў.
Вядома, сам Прыгожын — таксама невялікі стратэг і тактык, што і паказвае лабавы штурм Бахмута на працягу ледзь не года. Аднак нельга не сказаць, што, у адрозненне ад расійскіх генералаў, Прыгожын ведае хаця б канкрэтную абстаноўку на фронце і не сядзіць за тысячу кіламетраў ад яго. Як мінімум — ён не здольны недаацэньваць праціўніка.
Усё ж такі ПВК «Вагнер» нездарма стаў ці не самай эфектыўнай баявой сілай Расіі ў гэтай вайне.
Калі Прыгожын свайго даможацца —вайна ва Украіне, і так нялёгкая, будзе яшчэ цяжэйшай. У Расіі з'явіцца больш эфектыўнае камандаванне, што ўскладніць становішча Украіны. І калі Прыгожын усё ж такі возьме верх над расійскімі генераламі — вайна ва Украіне мае шанец зацягнуцца надоўга. Яшчэ даўжэй, чым мы разлічвалі. Можа здарыцца нават і так, што цяперашняе ўкраінскае контрнаступленне будзе апошнім прарывам гэтай вайны. Далей рускіх з Украіны прыйдзецца выціскаць з вялізнымі намаганнямі і вялізнымі стратамі.
І гэта чарговым разам адсоўвае ў часе паслабленне і паразу Расіі, а значыць, і шанец на вызваленне Беларусі ад дыктатуры (неабавязкова ўзброенае).
Два цікавыя моманты, над якімі варта задумацца
Першы момант: у Турцыю паляцеў самалёт Лукашэнкі. Урадавы бізнес-джэт EW-301PJ, які ў 00:01 вылецеў з MSQ, у 5:15 раніцы прызямліўся ў турэцкім Бодруме. Адзначым, што туды гэты самалёт лётае досыць часта, а выкарыстоўваюць яго таксама і Віктар, і Дзмітрый Лукашэнка.
З Масквы ў Турэцкі Даламан паляцеў самалёт самага багатага члена ўрада Расіі — віцэ-прэм'ера Дзяніса Мантурава.
Турцыя — пляцоўка перамоваў па Украіне. Прынамсі, менавіта там была заключаная «збожжавая здзелка». Верагодна, што за кулісамі гучных падзей у Расіі хтосьці дзесьці перагаворваецца аб умовах міру ва Украіне і заканчэнні вайны, распрацоўваючы сцэнар на будучыню.
Другі момант: тое, як лёгка Прыгожын зайшоў у Растоў і Варонеж. Усе пуцінскія структуры падаўлення мірнага насельніцтва, уключаючы АМАП, Расгвардыю і ФСБ, не змаглі перашкодзіць узброенай групоўцы наймітаў ПВК «Вагнер». Варта задумацца пра паводзіны нашых АМАПаў у такіх жа крытычных сітуацыях — напрыклад, калі полк Каліноўскага і брыгада Сахашчыка ўсё ж увойдуць у Беларусь.
А пакуль Прыгожын упэўнена рухаецца ўжо па Ліпецкай вобласці, сустракаючы на сваім шляху ўжо менш сімвалічны супраціў. Ці будзе бітва за Маскву?