Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнер» сыходзіць назад у палявыя лагеры
Да Масквы заставалася 200 кіламетраў.
Яўген Прыгожын бліжэй да васьмі гадзін вечара 24 чэрвеня заявіў, што разварочвае свае калоны і вяртаецца назад у палявыя лагеры.
ПВК «Вагнер» спыняе рух калон, разварочвае іх і вяртаецца ў палявыя лагеры. Пра гэта заявіў Яўген Прыгожын у сваім Telegram-канале, піша ТАСС.
«Разумеючы ўсю адказнасць за тое, што будзе пралітая руская кроў з аднаго з бакоў, мы разварочваем свае калоны і сыходзім у зваротным кірунку ў палявыя лагеры згодна з планам», — сказаў Прыгожын.
Прэс-служба беларускага кіраўніка заявіла, што Лукашэнка правёў перамовы з Прыгожыным — і той пагадзіўся спыніць рух калоны наймітаў на Маскву.
Пакуль беларускім і расійскім СМІ даводзіцца абмежавацца інфармацыяй, нібыта Лукашэнка па ўзгадненні з Уладзімірам Пуціным правёў перамовы з заснавальнікам ПВК “Вагнера” Яўгенам Прыгожыным.
Відаць, гэтым разам перамовы былі паспяховымі, яны доўжыліся ўвесь дзень.
У выніку бакі прыйшлі да дамоўленасцяў аб недапушчальнасці развязвання крывавай бойні на тэрыторыі Расіі.
Як заявілі ў прэс-службе беларускага кіраўніка, Прыгожын прыняў прапанову Лукашэнкі аб спыненні руху калоны ПВК Вагнера па тэрыторыі Расіі і «далейшых кроках па дээскалацыі напружання».
«На даны момант на стале — абсалютна выгадны і прымальны варыянт развязкі сітуацыі, з гарантыямі бяспекі для байцоў», — падкрэсліваецца ў афіцыйным паведамленні.
Андрэй Суздальцаў жа ў сваім тэлеграма заявіў, што Лукашэнка папросту прыпісаў сабе поспех, хоць перамовы праводзіў Дзюмін: "А. Лукашэнка сапраўды тэлефанаваў Прыгожыну, але вёў перамовы Дзюмін. Проста А. Лукашэнка тут жа прыпісаў сабе поспех. Не ў першы раз. Беларускія СМІ і інтэрнэт-рэсурсы літаральна навязваюць гэтую хлусню: "Бацька выратаваў Расію!". Але пацверджанняў з расійскіх афіцыйных крыніц няма.
Чакаем афіцыйнай заявы Крамля. Перш за ўсё нас цікавяць сутнасць дасягнутых дамоўленасцяў. Гэта ведае Дзюмін, бо менавіта ён вёў перамовы тварам да твару з лідарам «Вагнера» і ён узгадняў умовы з У.Пуціным. Але і Лукашэнка ўдзельнічаў — два званкі зрабіў.
Крэмль акрамя ўмоў павінен падзякаваць таму, хто гэта пагадненне дасягнуў. Гэта палітычнае рашэнне. Калі будзе падзяка прэзідэнта Расіі на адрас А. Лукашэнкі, то гэта, безумоўна катастрафічна адаб'ецца на аўтарытэце расійскай вярхоўнай улады і ставіць пад пытанне 2024 год. Калі ўсё ж такі падзяка Дзюміну — то тады мы ведаем імя будучага расійскага прэзідэнта”.
Паводле tass_agency, "Медуза"