«Заклікаем да голасу розуму». Рэжым Лукашэнкі выказаў «заклапочанасць» з нагоды падзей у РФ

Сёння раніцай Уладзімір Пуцін патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку, каб «праінфармаваць» аб сітуацыі ў Расіі ў кантэксце наступу ПВК Вагнера на Маскву. Пасля гэтага некалькі гадзін афіцыйны Мінск ніяк не каментаваў падзеі. І вось нарэшце рэакцыя рэжыму з’явілася ў прапагандысцкіх медыя — у выглядзе заявы Рады бяспекі, якую ўзначальвае генерал Вальфовіч.

Аляксандр Вальфовіч. Фота «Спутніка»

Аляксандр Вальфовіч. Фота «Спутніка»

Заява, адразу скажам, атрымалася ў жанры «ні аб чым». Фактычна гэта звычайная «заклапочанасць», якую часта выказваюць заходнія палітыкі. Зрэшты, мяркуйце самі.

«Беларусь была і застаецца хаўруснікам Расіі, які цалкам падзяляе мэты і задачы СВА, —гаворыцца ў заяве лукашэнкаўскай Рады бяспекі. —

Гэта цяжкая, вымушаная і апраўданая місія па абароне рускіх людзей на Данбасе. Фактычна ідзе барацьба за будучыню славянскага свету. Беларусы і расіяне — брацкія народы, нашы дзяржавы звязаны палітычным саюзам. І мы не можам заставацца ў баку ад падзей, якія адбываюцца на поўдні Расіі.

Любая правакацыя, любы ўнутраны канфлікт у ваенных і палітычных колах, у інфармацыйным полі і грамадзянскай супольнасці — падарунак калектыўнаму Захаду. Нават калі зацікаўленыя сілы і не стаяць ля вытокаў падобных сцэнарыяў, то не ўпусцяць шанец іх развіць і ўзначаліць. Гэта можа прывесці да катастрофы.

Не было нічога страшней у гісторыі Расіі, чым смута — разбуральная і бессэнсоўная па сваёй сутнасці. Падобнае таму, што адбываецца, не варта тых наступстваў, тых страт, да якіх могуць прывесці эмацыйныя рашэнні і супрацьпраўныя дзеянні. На карту пастаўленыя інтарэсы народа, жыццё простых грамадзян, цэласнасць Расіі».

«Мы заклікаем да голасу розуму. У гэты цяжкі час усе, хто сёння ўцягнуты ў недапушчальнае супрацьстаянне ўнутры адзінага ў сваіх мэтах воінскага братэрства, патрэбныя там, дзе вырашаецца будучыня славянскага свету, лёс мільёнаў нашых людзей. Беларускі народ заўсёды быў і будзе з Расіяй», — падкрэслілі ў Радзе бяспекі.


Глядзіце таксама

Заяву праментаваў у сваім тэлеграм-канале публіцыст і былы дэпутат Сяргей Навумчык.

«Заява Савета бясьпекі РБ адносна Прыгожына ад першай да апошняй літары прарасейская і зроблена ад імя беларускага народа, хаця беларускі народ гэтую структуру ні на што падобнае не ўпаўнаважваў, бо не выбіраў. Беларускі народ увогуле ўжо амаль тры дзесяцігодзьдзі пазбаўлены вольных і празрыстых выбараў. Асабліва расьсьмяшылі словы пра «славянский мир». Варта чакаць закліку да барацьба гэтага міфічнага «славянского мира» (які ў сучаснасьці існуе толькі ў галовах шавіністаў) з кельтамі, гуннамі ды тэўтонцамі. Вось іх бы войскі РБ і РФ перамагло б. Хаця...», — напісаў Сяргей Навумчык.