Класкоўскі: Звальненне Кізіма не азначае, што разарваны дыпламатычныя адносіны

Украінскае кіраўніцтва ўсё яшчэ зацікаўлена падтрымліваць адносіны з Мінскам, але гэта не азначае, што Кіеў забыўся, адкуль ляцелі ракеты ў лютым 2022 года. Звальненне амбасадара не паўплывае на прагматычную пазіцыю Банкавай, лічыць палітычны аналітык Аляксандр Класкоўскі.

Ігар Кізім

Ігар Кізім


— Мне здаецца, Кіеў не хоча завастраць увагу на факце звальнення амбасадара, гэта значыць рабіць акцэнт на абвастрэнні двухбаковых адносін, — адзначыў аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі ў інтэрв'ю «Філіну». — Калі перафразаваць вядомую формулу: няма чалавека на гэтай пасадзе — няма праблемы.

Калі ўзгадаць, то адклікалі Кізіма ў якасці сімвалічнай рэакцыі на тое, што Лукашэнка прыняў Пушыліна, правадыра так званай «ДНР». Тады Кіеў проста быў абавязаны даць нейкі адказ на такія абразлівыя дзеянні.

Але разам з тым, думаю, яны хочуць захаваць нейкую свабоду манеўру на беларускім кірунку. Аналітыкі не раз падкрэслівалі, што такая палітыка ў дачыненні да Мінска, рэжыму Лукашэнкі, у кіеўскіх улад выключна прагматычная.

Таму што ідзе вайна, яны не хочуць «другога фронту», хочуць, каб была магчымасць вырашаць гуманітарныя пытанні.

Таму звальненне Кізіма не азначае, што разарваны дыпламатычныя адносіны.

Думаю, што гэта якраз крок, каб захаваць нейкія стасункі, нейкія каналы для развязання пытанняў, таму што амбасада ў Мінску не закрыта, там засталіся чатыры супрацоўнікі.

— Чаму ва ўкраінскага кіраўніцтва застаецца зацікаўленасць усё ж падтрымліваць адносіны з Мінскам?

— Тут і гуманітарныя матывы, як я ўжо сказаў, каб вырашаць лёсы сваіх суайчыннікаў. Застаецца і матыў асабліва не раздражняць беларускае кіраўніцтва.

Вядома ж, што нейкая закулісная дыпламатыя існавала, таму што з розных крыніц даходзілі звесткі аб нейкім лабіяванні ўкраінскім бокам інтарэсаў афіцыйнага Мінска пры ўвядзенні санкцый. Лукашэнка некалькі разоў прагаворваўся пра нейкія таемныя перамовы. Дыму без агню не бывае. Мне здаецца, Кіеў пакуль, з аднаго боку, хоча пакінуць люфт у стасунках з Мінскам.

З іншага, мы бачым, што ўсё ж такі ідзе нейкі працэс умацавання стасункаў з дэмакратычнымі сіламі.


— Атрымліваецца, што Офіс Зяленскага хоча пакінуць люфт, а дэпутаты ў гэты ж час хочуць прызнаць Беларусь краінай-агрэсарам.

— Трэба разумець, што Украіна — не аўтарытарная краіна, а дэмакратычная. І ў Вярхоўнай Радзе ёсць розныя дэпутаты, розныя меркаванні. Так з'явіўся праект пастановы аб прызнанні Беларусі краінай-агрэсарам.

Але, на мой погляд, наўрад ці выканаўчая ўлада падтрымае гэту ініцыятыву. Мы ведаем, што яшчэ з мінулага года ляжыць праект пастановы аб прызнанні Беларусі акупаванай тэрыторыяй, быў яшчэ праект пастановы аб прызнанні Беларусі краінай-спонсарам тэрарызму.

Але ніякага руху няма. Таму што ўсё гэта крокі па абвастрэнні адносін з Мінскам. А гэтага, як я ўжо сказаў, выканаўчая ўлада Украіны не хоча ў цяперашніх умовах.

Калі ацэньваць сам апошні праект, мяркую, гэта не вельмі дальнабачная гульня. Гэта якраз пагаршае адносіны паміж беларусамі і ўкраінцамі, памяншае магчымасці для ўзаемаразумення з дэмакратычнымі сіламі.

Калі казаць чыста ўтылітарна, пакуль ва ўладзе Лукашэнка, ніякіх рэпарацый Украіна ўсё роўна не атрымае. А калі ўявіць, што ўлада мяняецца, тады недарэчна з новага дэмакратычнага ўрада патрабаваць нейкіх рэпарацый.

Гэта такая не вельмі дальнабачная пастаноўка пытання. Але, паўтаруся, у мяне адчуванне, што выканаўчая ўлада і іншыя дэпутаты не кінуцца падтрымліваць гэту пастанову і, хутчэй за ўсё, яна таксама будзе доўга ляжаць пад сукном.

Але гэта не азначае, што Кіеў забыўся, адкуль ляцелі ракеты ў лютым 2022 года. Так, сёння яны вельмі стрыманыя, але засечкі ў памяці ў іх засталіся.

І сітуацыя цяпер дынамічная: нейкія дзеянні, рашэнні, палітычныя крокі Кіева на беларускім напрамку будуць залежаць ад развіцця падзей на фронце, з аднаго боку, а з другога, ад развіцця вось гэтага авантурнага сюжэта з размяшчэннем ядзернай зброі ў Беларусі.

Лукашэнка, вядома, тым самым пагаршае сваё становішча і сам ірве апошнія ніткі нейкіх стасункаў, магчымасцей весці палітычную гульню на ўкраінскім кірунку.

Дарэчы, не выключана, што гэты дрэйф афіцыйнага Кіева да збліжэння з дэмакратычнымі сіламі Беларусі звязаны менавіта з тым, што Лукашэнка ўцягваецца ў ядзерную гульню Пуціна і становіцца ўсё больш адыёзнай фігурай.