Новы пасол Украіны ў Беларусі прызначаны не будзе?

«Новы пасол Украіны будзе ўручаць даверчыя граматы новаму прэзідэнту Беларусі», — так палітолаг Яўген Магда выказаўся пра адстаўку Ігара Кізіма.

image_27_1024x551.png

22 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падпісаў указ аб вызваленні ад пасады амбасадара ў Беларусі Ігара Кізіма.

Кізім узначальваў амбасаду ў Мінску з 2017 году. Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну ў лютым 2022 году Кіеў разарваў дыпламатычныя адносіны з Расіяй, але не з Беларуссю.

У красавіку сёлета, пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі ў Мінску з кіраўніком акупаванай Расіяй «ДНР» Дзянісам Пушыліным, Кіеў адклікаў амбасадара Кізіма для кансультацыяў. Указ аб яго адстаўцы «Свабода» папрасіла пракаментаваць украінскага палітолага Яўгена Магду.

— Пасля таго як амбасадара Кізіма адклікалі з Мінску на кансультацыі пасля сустрэчы Лукашэнкі з Пушыліным, яго звальненне з пасады было пытаннем часу. І гэты час вызначалі не ў Кіеве і нават не ў Мінску, а ў Маскве. Яго вызначалі праз размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Відавочна, што Украіна не захацела мець паўнавартаснага амбасадара ў Беларусі, калі там будзе размешчаная тактычная ядзерная зброя, якая будзе несці пагрозу для нашай дзяржавы.

Таму прэзідэнт Зяленскі прадэманстраваў паніжэнне ўзроўню адносінаў, звольніўшы амбасадара, які больш за 5 гадоў прадстаўляў Украіну ў Беларусі. Трэба адразу дакладна сказаць, што гэта не азначае разрыву дыпламатычных адносінаў. Але да іх разрыву застанецца толькі адзін крок. І гэта ў Беларусі павінны разумець.

Там таксама павінны разумець, што новы амбасадар прызначаны не будзе. Ён не будзе ўручаць даверчыя граматы Лукашэнку, якога ў Кіеве лічаць нелегітымным. І звальненне Ігара Кізіма дадаткова пацвердзіла гэты факт. І можна дапусціць, што новы амбасадар Украіны будзе ўручаць даверчыя граматы новаму прэзідэнту Беларусі. Калі гэта адбудзецца — цяпер, на жаль, невядома.

— Але, наколькі я разумею, амбасада не закрываецца і ёю будзе кіраваць часовы павераны?

— Так, будзе часовы павераны. Там засталося літаральна 5 чалавек. Дарэчы, могуць прыслаць новага дыпламата, які зойме пасаду часовага паверанага. Для гэтага не трэба ўручаць даверчыя граматы. Я б на месцы Зяленскага прыслаў на гэтую пасаду нейкага колішняга вайсковага аташэ.

Днямі ў Вярхоўнай Радзе Украіны быў зарэгістраваны праект пастановы аб прызнанні Беларусі дзяржавай-агрэсарам і разрыве з ёю дыпламатычных адносінаў.

Увесь персанал амбасады Беларусі ва Украіне быў адкліканы 20 сакавіка 2022 году, менш як праз месяц пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.

Беларускія праўладныя прапагандысты неаднаразова ладзілі правакацыі супраць амбасадара Кізіма, яго абвінавачвалі ў вярбоўцы ў Беларусі добраахвотнікаў на вайну на баку Украіны, гучалі патрабаванні абвясціць яго persona non grata.