Амбасадар Украіны расказаў, як насамрэч праходзіла «спецаперацыя» па вызваленні беларускіх дальнабойнікаў

Амбасадар Украіны Ігар Кізім адрэгаваў на заявы Лукашэнкі і КДБ пра беларускіх дальнабойнікаў, якіх нібыта «забілі ўкраінцы».

0_kizim.jpg


Надзвычайны і паўнамоцны пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім расказаў, што вывозіць беларускіх кіроўцаў грузавых аўтамабіляў з Украіны пасля пачатку расійскага ўварвання актыўна дапамагалі дыпламаты абедзвюх краін.

«Увогуле незразумела, чаму КДБ прыпісвае сабе “поспехі”, бо беларускія дыпламаты зрабілі не менш (калі не больш), каб вярнуць беларускіх грамадзян дадому, у тым ліку і пры дапамозе Амбасады Украіны ў Беларусі. Бо амбасада Беларусі была эвакуявана з Украіны, хоць магла б, як многія іншыя, перамясціцца з Кіева, дзе сапраўды было небяспечна заставацца, у іншы горад і працягваць дапамагаць сваім грамадзянам на месцы», — напісаў Ігар Кізім на сваёй старонцы ў Facebook.

Паводле ўкраінскага дыпламата, праблемы былі толькі з кіроўцамі ў Малыне (Жытомірская вобласць), а па іншых групах беларусаў праблемаў не было.

«Іх ніхто асабліва не збіраўся затрымліваць. Але “на вайне як на вайне”. Кожнае ведамства мае свой “інтарэс”, і ўсё, што звязана з пытаннямі бяспекі, у часе вайны становіцца галоўным. Гэта, вядома ж, зацягвала працэс. Але, напрыклад, з беларусамі ў Чарнаўцах наш консул падтрымліваў сталы тэлефонны кантакт, як з іх сваякамі, так і з прадстаўнікамі Мінтрансу», — дадаў ён.

«А калі вывозілі целы двух загінулых ад ракетнага ўдару (зразумела, адкуль прыляцела ракета) беларусаў у Корасцені, то гэтым займаліся не толькі ўкраінскія і беларускія консулы і прадстаўнікі Мінтрансу, але і польскія калегі. Пра КДБ гаворкі ўвогуле не было. Калі не лічыць, што валанцёраў, якія прывезлі целы ў Мазыр, пасля вяртання адразу ж выклікалі “для дачы паказанняў”. І, нарэшце, “апагей” аперацыі — сустрэча на Варшаўскім мосце (памежны пераход у Брэсце — НЧ). Тут, праўда, “працавала” КДБ. Нават мне тэлефанавалі і “папярэджвалі”, што калі што, то... Гэта, уласна, сутнасць “аперацыі”, аб паспяховым правядзенні якой публічна казалі 7 красавіка», — удакладніў Ігар Кізім.

Паводле яго, украінскія прадстаўнікі аўтаперавозчыкаў вялі перамовы з расійскімі перавозчыкамі аб узаемным абмене сваімі кіроўцамі, якія пасля пачатку вайны аказаліся на тэрыторыі Расіі і Украіны.

«Дамовіліся, што месцам “абмену” будзе памежны пераход у Брэсце. Аўтобус з украінцамі павінен быў прыехаць туды праз Беларусь, а з расійцамі з Украіны — праз Польшчу. І тут пачалася “спецаперацыя”. Калі расійцы перасеклі мяжу і аказаліся ў Беларусі, беларускія памежнікі не выпусцілі ўкраінскіх і паставілі ўмову, што вызваляць іх толькі “ў абмен на сваіх”. Размясцілі іх у асобным вагоне і паставілі вакол ахову. То бок фактычна ўзялі ў закладнікі ўкраінскіх кіроўцаў», — дадаў украінскі дыпламат.

Ігар Кізім не выключае, што гэта магло адбыцца па ўзгадненні з Расіяй.

«Але гэта ўжо не важна. Важна тое, што яшчэ раз паказалі, што тэрыторыя Беларусі небяспечная для ўкраінцаў. Бо калі б абмен адбываўся на мяжы Расіі з Латвіяй, то такая сітуацыя не ўзнікла б», — падкрэсліў ён.

На думку ўкраінскага дыпламата, беларускія СМІ, расказваючы пра гэтую «спецапэрацыю», чарговым разам стварылі з украінцаў вобраз ворага і ўкінулі ў інфармацыйную прастору Беларусі «яшчэ адну порцыю антыўкраінскай прапаганды».

31 траўня Лукашэнка ўзнагародзіў супрацоўнікаў КДБ нібыта за сакавіцкую аперацыю па вывазе беларускіх грамадзян з украінскай тэрыторыі, ахопленай вайной. Вядома, што два беларускія дальнабойнікі загінулі пры абстрэле Жытоміршчыны з расійскіх самалётаў, што выляталі з тэрыторыі Беларусі.

Лукашэнка заявіў 31 траўня:«Некалькі дзясяткаў людзей засталіся там, проста скажам, закладнікамі сітуацыі. І іх трэба было вяртаць дадому, у сем’і. На жаль, па-мойму, двум чалавекам так і не ўдалося вярнуцца дадому. Яны проста нахабна былі забітыя ўкраінцамі. Прыйдзе час, мы разбярэмся і з імі».

Выпадак з гібеллю беларускіх дальнабойнікаў сапраўды быў у сакавіку, аднак яны загінулі пры расійскім абстрэле гораду Корасцень Жытомірскай вобласці. Раніцай 11 сакавіка памёр 38-гадовы Дзмітрый Шылец — беларускі кіроўца, які пацярпеў падчас авіяўдару па ўкраінскім горадзе Корасцень. Да гэтага ён быў у рэанімацыі. Другі беларус, 34-гадовы Іван Рогаў, загінуў 10 сакавіка.

Мэр Корасценя тады сказаў, што расійскія самалёты адправіліся на бамбаванне Корасценя акурат з тэрыторыі Беларусі.