Лукашэнка заявіў, што двух беларусаў «нахабна забілі ўкраінцы». Насамрэч яны загінулі ад ракет, запушчаных з Беларусі

Нагадаем, 7 красавіка Лукашэнка заявіў, што Беларусь «правяла ва Украіне спецаперацыю па вызваленні сваіх грамадзян».

fury_gruzoviki.jpeg


Падчас узнагароджання кадэбэшнікаў, якія ўзялі ўдзел у «спецаперацыі» па вывазе з Украіны беларусаў, Лукашэнка сказаў: «Некалькі дзясяткаў людзей засталіся там, прама скажам, закладнікамі сітуацыі. І іх трэба было вяртаць дадому, у сем’і. На жаль, па-мойму, двум чалавекам так і не ўдалося вярнуцца дадому. Яны проста нахабна былі забітыя ўкраінцамі. Прыйдзе час, мы разбярэмся і з імі».

Верагодней за ўсё, гаворка ідзе пра двух дальнабойшчыкаў, якія пацярпелі ад расійскай бамбардзіроўкі ў Корасцені Жытомірскай вобласці 10 сакавіка. Пра іншыя выпадкі смерцяў, прынамсі, не паведамлялася.

Па словах старшыні Корасценьскай грамады Уладзіміра Маскаленкі, тыя расійскія самалёты выляталі з беларускіх аэрадромаў.

Мазырчукі — 38-гадовы Дзмітрый Шылец і 35-гадовы Іван Рогаў — тады трапілі ў рэанімацыю, але не выжылі, бо моцна абгарэлі.

Дальнабойшчыкі на пачатак вайны былі ў рэйсе ва Украіне, але не змаглі выехаць, бо межы былі закрытыя. Целы мужчын пасля даставілі на радзіму.

Нагадаем, 7 красавіка Лукашэнка заявіў, што Беларусь «правяла ва Украіне спецаперацыю па вызваленні сваіх грамадзян».

«Арыштавалі паўтары тысячы нашых вагонаў, захапілі нашы аўтамабілі і да сотні, па-мойму, нашых хлопцаў, якія кіравалі гэтымі фурамі. Я папярэджваў украінцаў, што мы будзем вымушаныя правесці аперацыю па вызваленні гэтых людзей. Мы такую спецыяльную аперацыю правялі і ўсіх нашых людзей вызвалілі», — казаў Лукашэнка.

Нейкіх падрабязнасцяў ён не наведаміў ні тады, ні цяпер. Украінскія СМІ і афіцыйныя асобы пра «беларускую спецаперацыю» не паведамлялі таксама.