Украіна адклікае свайго пасла ў Беларусі. Пакуль — «для кансультацый»

МЗС Украіны асудзіў учорашнюю сустрэчу Лукашэнкі з кіраўніком акупацыйнай адміністрацыі Данецкай вобласці Дзянісам Пушыліным. Ведамства расцэньвае яе як спробу легітымізацыі так званай «ДНР» і мае намер адклікаць для кансультацый свайго пасла ў Беларусі Ігара Кізіма.

Ігар Кізім. Фота з «экстрэмісцкага» партала 

Ігар Кізім. Фота з «экстрэмісцкага» партала 


«Лічым сустрэчу з прадстаўніком расійскай акупацыйнай адміністрацыі, які хаваецца ад украінскага следства за ўчыненне цяжкіх злачынстваў і знаходзіцца пад украінскімі і міжнароднымі санкцыямі, чарговым і абуральным недружалюбным актам з боку Рэспублікі Беларусь, накіраваным на падтрымку дзяржавы-агрэсара РФ. У сувязі з гэтым МЗС Украіны прыняў рашэнне выклікаць пасла Украіны ў Рэспубліцы Беларусь Ігара Кізіма для кансультацый», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай украінскім МЗС.

«Мінск павінен устрымлівацца ад такіх дэструктыўных крокаў і спыніць падтрымку агрэсіўнай вайны Расіі супраць Украіны», — дадалі ва ўстанове.

Нагадаем, Лукашэнка ў сваім палацы на праспекце Пераможцаў прыняў кіраўніка самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспублікі» Дзяніса Пушыліна. Прэс-служба Лукашэнкі назвала Пушыліна «часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка «ДНР».


Варта адзначыць, што летась, у ліпені, Пушылін прыязджаў у Беларусь, наведваў Брэсцкую крэпасць. Тады афіцыйная беларуская прапаганда не надала амаль аніякай увагі яго візіту. Лукашэнка прыезд Пушыліна таксама вырашыў «не заўважыць».

У верасні Расія імітавала на захопленых тэрыторыях Украіны ў Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцях «рэферэндумы», у выніку якіх абвясціла аб далучэнні гэтых зямель да РФ. Такім чынам, статус Пушыліна застаецца нявызначаным: ці тое ён кіраўнік самаабвешчанай рэспублікі, ці тое губернатар нібыта «расійскага» рэгіёна.

Лукашэнка па выніках сустрэчы прапанаваў дапамогу беларускага боку ў аднаўленні захопленай Расіяй Данецкай вобласці. Пушылін жа назваў запатрабаваным супрацоўніцтва ў сельскай гаспадарцы і прамысловасці. Ён выказаў зацікаўленасць у атрыманні запчастак для БелАЗаў і абслугоўванні кар'ернай тэхнікі, запатрабаванай будзе і прадукцыя МАЗа. У сваю чаргу так званая «ДНР» можа прапанаваць Беларусі каалінавую гліну.