Што стаіць за візітам у Мінск кіраўніка «ДНР»?

Лукашэнка 18 красавіка прыняў у сябе кіраўніка так званай «ДНР» Дзяніса Пушыліна. На думку палітолага Валерыя Карбалевіча, гэта паказвае, наколькі беларускі кіраўнік сёння «свабодны» ў сваіх замежнапалітычных кроках і да якіх памераў скурчыўся суверэнітэт беларускай дзяржавы.

Лукашэнка і Пушылін

Лукашэнка і Пушылін


Галоўным аргументам на карысць таго, што Лукашэнка нібыта захоўвае пэўную аўтаномію, доўгі час заставаўся той факт, што афіцыйны Мінск не прызнаваў анексіі Расіяй Крыма і чатырох украінскіх абласцей. Як не прызнаваў незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі. Таму ацэнка статусу гэтых тэрыторый у пэўным сэнсе была індыкатарам, маркерам сапраўднай незалежнасці Беларусі ад Расіі. І гэты індыкатар яскрава сведчыць, як беларускі суверэнітэт паступова скарачаецца.

Кіраўнік самаабвешчанай «ДНР» Дзяніс Пушылін не першы раз прыязджае ў Беларусь. Папярэдні візіт быў 27 ліпеня мінулага года. Тады ён наведаў Берасце, сустрэўся з намеснікам старшыні Брэсцкага аблвыканкама Дзмітрыем Гарадзецкім, старшынёй гарадскога Савета дэпутатаў Мікалаем Красоўскім і кіраўніком рэгіянальнай арганізацыі «Белая Русь» Аляксандрам Бахановічам. Пра той візіт нічога не паведамлялі беларускія дзяржаўныя медыя. Грамадскасць даведалася пра паездку ад самога Пушыліна, які расказаў пра гэта ў сваім тэлеграм-канале. Тое было такім амаль дэманстратыўным дыстанцыяваннем Лукашэнкі ад непажаданага госця.

Мінула дзевяць месяцаў. І што мы бачым? 18 красавіка Пушылін зноў прыязджае ў Беларусь. І гэтым разам з ім сустракаецца Лукашэнка. Пушылін названы «часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка ДНР». Лукашэнка абмеркаваў з ім пытанні супрацоўніцтва так званай «ДНР» з Беларуссю, паабяцаў усялякую дапамогу. Пушылін заявіў, што прывёз з сабой «шэраг дарадцаў, міністраў, якія зараз ужо ў больш практычнай плашчыні прапрацуюць гэтыя пытанні».

Гэта не адзінае грэхападзенне Лукашэнкі ў гэтым кірунку. Хачу нагадаць, што 28 верасня 2022 года Лукашэнка раптоўна наведаў самаабвешчаную Рэспубліку Абхазію, якая абвясціла незалежнасць у 2008 годзе. А 23 лютага «прэзідэнт» гэтага нікім не прызнанага паўдзяржаўнага ўтварэння Аслан Бжанія наведаў Мінск і быў прыняты Лукашэнкам.


Працэс пайшоў. І гэты працэс сведчыць не столькі пра набыццё нейкай міжнароднай легітымнасці гэтымі кантраляванымі Расіяй тэрыторыямі, колькі пра страту самастойнасці Беларусі.

Дарэчы, Лукашэнка гэта добра разумее. І таму прызнанне «ДНР» нейкае паўзучае, сарамлівае. Фармальна, паводле расійскай версіі, «ДНР» на сёння ўжо з’яўляецца часткай тэрыторыі РФ. І фактычна Лукашэнка, які прымае ўсіх губернатараў Расіі, прыняў Пушыліна як кіраўніка расійскага рэгіёна. Аднак традыцыйная працэдура была парушана.

Звычайна на сустрэчы Лукашэнкі з чарговым губернатарам прысутнічаюць амбасадар РФ у Беларусі, сакратар «саюзнай дзяржавы», іншыя чыноўнікі. Гэтым разам Пушылін быў у «ганаровай» адзіноце. Лукашэнка, відавочна, імкнецца стварыць уражанне, каб вонкава так да канца і не было зразумела, каго ж ён прымаў: ці то кіраўніка расійскага рэгіёна, ці то кіраўніка самаабвешчанай «рэспублікі» (дзіўна, што, паводле афіцыйнай расійскай версіі, гэты рэгіён захаваў сваю ранейшую назву «ДНР»), ці кагосьці яшчэ. Але шыла ў меху не схаваеш.