Аляксандр Фрыдман: На фоне ўсяго, што Лукашэнка ўжо натварыў, сустрэча з Пушыліным — дробязь
Аляксандр Лукашэнка 18 красавіка прыняў кіраўніка самаабвешчанай «ДНР» Дзяніса Пушыліна. Гэтая сустрэча яшчэ раз падкрэсліла і ў вачах Захаду, і ў вачах Украіны марыянетачны характар Лукашэнкі.
Раней Лукашэнка ўжо прымаў у Мінску кіраўніка непрызнанай Абхазіі Аслана Бжанію, зараз узровень візаві знізіўся яшчэ больш.
Што прымусіла беларускага кіраўніка прыняць самаабвешчанага кіраўніка “ДНР”? Як Украіна адрэагуе на яўна несяброўскі жэст Лукашэнкі? Пагаварылі з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
— Першы і, відаць, галоўны чыннік, які ўдзельнікі сустрэчы падкрэслівалі, — эканамічны. Лукашэнка бачыць для сябе магчымасці зарабіць. Ён, відаць, зыходзіць з таго, што Данбас застанецца пад кантролем Расіі, што Пушылін па-ранейшаму застанецца кіраваць “ДНР”, а Расія пачне адбудоўваць акупаваную вобласць, як гэта адбываецца ў Марыупалі. Адпаведна, Лукашэнка разлічвае зарабіць з дзяржаўных расійскіх грошай, якія будуць туды ўкладацца. І нават калі гэта працягнецца не доўга, то ёсць шанц нешта зарабіць тут і цяпер.Канечне, адначасова гэта і сігнал лаяльнасці да Масквы. Вось глядзіце: для мяне чыняць розныя перашкоды як Захад, так і Украіна, але для мяне гэтых перашкодаў не існуе. Мне здаецца, што наклаліся адразу ўсе гэтыя фактары, таму справа і дайшла да гэтага візіту.
Летась Пушылін ужо прыязджаў у Беларусь, але Лукашэнка не палічыў патрэбным сустрэцца з ім. Бо тады для Лукашэнкі мела нейкае значэнне і рэакцыя Украіны, і рэакцыя Захаду. А сёння іншыя абставіны, іншыя магчымасці, іншыя інтарэсы, таму ён і сустракаецца з ім.
— Ці не ўраўняла сустрэча Лукашэнкі з Пушыліным статусы абодвух дзеячаў?
— З пункту гледжання Украіны яны маюць аднолькавы статус: абодва ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны, абодва выступаюць на расійскім баку (прычым Пушылін адыгрывае куды больш важную ролю), а па-трэцяе — яны абодва расійскія марыянеткі. Гэтая сустрэча яшчэ раз падкрэсліла і ў вачах Захаду, і ў вачах Украіны марыянетачны характар Лукашэнкі.
Для Лукашэнкі гэтая сустрэча ўвогуле дастаўляла асалоду, бо ён быў уверсе, а Пушылін — знізу: аддана пазіраў знізу ўверх, Пушылін выказваў яму пашану. А Лукашэнка адчуваў сябе як рыба ў вадзе: сталы вопытны палітык з пэўнай палітычнай вагой размаўляе з гэтым “хлопчыкам” — так гэта выглядала на відэа. Магчыма, гэтак з Лукашэнкам размаўляюць у той жа Расіі ці ў Кітаі, а тут ён атрымаў пэўную кампенсацыю.
— Ці азначае гэта, што Лукашэнка канчаткова патрапіў у сілкі Крамля? Цяпер ён канчаткова ўступіў у клуб ізгояў?
— Лукашэнка працяглы час знаходзіцца ў клубе ізгояў і нават не імкнецца выйсці з яго. Ён поўнасцю лаяльны да рэжымаў-ізгояў, калі сустракаецца нават з такой фігурай, як Пушылін. Кіраўнік Абхазіі Аслана Бжанія — сепаратыст, якога не прызнае ўвесь свет, не прызнае дзяржаву, якую ён узначальвае. Але ў Бжаніі, у адрозненне ад Пушыліна, ёсць пэўная дэмакратычная легітымнасць: ён быў абраны і карыстаецца падтрымкай у Абхазіі. Проста яго не прызнае ўвесь свет. А ў Пушыліна зусім іншы статус: ён актыўна ўдзельнічае ў вайне супраць Украіны, ён лічыцца тэрарыстам, які знаходзіцца ў вышуку ва Украіне, пасля вайны, безумоўна, яго чакае (калі ен увогуле выжыве) крымінальны пераслед, прычым не толькі ва Украіне, але, напэўна, і на еўрапейскім узроўні. Гэтая фігура мае надзвычай дрэнную рэпутацыю, але для Лукашэнкі яна не з’яўляецца праблемай. Напэўна, на фоне ўсяго, што Лукашэнка ўжо натварыў і, напэўна, яшчэ зробіць — гэта дробязь.
Насамрэч давайце параўнаем: зараз Лукашэнка сустрэўся з Пушыліным, а летась адкрыў сваю мяжу для расійскіх войскаў, сёлета на тэрыторыі Беларусі расійскія войскі праходзяць навучанне, а пасля пойдуць ва Украіну — забіваць. У гэтым кантэксце сустрэча з Пушіліным сапраўды дробязь. Лукашэнка спакойна і вельмі даўно сустракаецца з кіраўнікамі расійскіх рэгіёнаў, відаць, такім ён лічыць і Пушыліна. Калі б у Мінск прыехаў Кадыраў — чалавек з абсалютна адмоўнай рэпутацыяй — і яго прыняў бы. І нават Прыгожына. Я б не разглядаў гэтую сустрэчу як падзею, гэта падзея для Пушыліна, які мае патрэбу ў падтрымцы: для чалавека з МММаўскім мінулым (схільнасць да махлярства, будаўніцтва фінансавай піраміды, імкненне выглядаць лепш, чым ты ёсць на самай справе) прэстыжна — сустрэцца з Лукашэнкам. У яго ж у вачах было напісана: я сустракаюся з самым Лукашэнкам!
— Як Украіна можа адрэагаваць на такі варожы крок з боку Лукашэнкі?
— Мне здаецца, што пагаршаць асабліва няма чаго. Я думаю, што для Украіны ўсё вызначана. Галоўнае пытанне — гэта не тое, з кім сустракаецца і што гаворыць Лукашэнка. Узровень рэакцыі на Лукашэнку вельмі нізкі, ён апусціўся да ўзроўню ўкраінскага амбасадара ў Беларусі; калі раней зрэдку на выпады Лукашэнкі рэагавалі Зяленскі, Данілаў, Падаляк, то апошнія заявы Лукашэнкі каментаваў амбасадар Кізім. Можа, і гэтым разам амбасадар выкажа абурэнне допісам у фэйсбуку, як папярэдні раз, можа, з фармальным асуджэннем выступіць МЗС Украіны.
Украіна для сябе ўсё фіксуе — з Лукашэнкам усё зразумела. Але больш радыкальныя крокі Украіна прыберагла на той момант, калі з боку Беларусі пачнецца новая хваля агрэсіі, калі Лукашэнка зноў адкрые мяжу для расійскіх войскаў, альбо калі з тэрыторыі Беларусі адновяцца ракетныя ўдары. У такім выпадку Украіна будзе рэагаваць. А якія магчымасці ў яе засталіся? Адклікаць амбасадара і разарваць дыпламатычныя адносіны. Іншага інструментарыя ва ўкраінцаў не засталося. Уплыў Украіны на еўрапейскія рашэнні я б не перабольшваў насамрэч. Ва Украіны засталося мала магчымасцяў рэагаваць, таму апошнія жэсты яны пакінулі на крайні выпадак.