Класкоўскі: Лукашэнка здае незалежнасць Беларусі ў расійскі ламбард
Палітычны аглядальнік праекта «Позірк» Аляксандар Класкоўскі тлумачыць «Св*бодзе», што азначае сустрэча Лукашэнкі з Пушыліным, чаму Масква не шкадуе грошай для Беларусі, і адказвае на пытаньне, якім будзе выбар Лукашэнкі паміж сувэрэнітэтам краіны і асабістай уладай.
— 18 красавіка Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком
акупацыйнай адміністрацыі расейскай анэксаванай часткі Данецкай вобласці
Ўкраіны (так званай «ДНР») Дзянісам Пушыліным. Можна прыгадаць, што год таму,
калі Пушылін прыяжджаў у Беларусь, то зь ім у Берасьці сустрэліся мясцовыя
чыноўнікі невысокага рангу. А цяпер прымае сам Лукашэнка, разумеючы ўсе
міжнародныя наступствы. Чаму?
— Калі коратка сказаць, то да гэтага прымусіў Пуцін. А калі
гаварыць лексыкай самога беларускага кіраўніка, то — «нахілілі». Сапраўды,
летась у ліпені Пушылін быў у Беларусі, але Лукашэнка тады яго «прадынаміў»,
праігнараваў. Пушылін сустракаўся з дробнымі чыноўнікамі, усклаў кветкі да
Берасьцейскай крэпасьці, сказаў пра «подзьвіг рускага салдата».
А потым мы бачылі этапы нагнятаньня прэсінгу з боку Крамля.
Лукашэнка прылятаў да Пуціна ў Сочы і адтуль мусіў ехаць у Абхазію. БелТА
сарамліва паведамляла, што Лукашэнка наведаў памятныя мясьціны Чорнага мора і
там напаткаў нейкага грамадзяніна Бжанію. Пра тое, што гэта прэзыдэнт
самаабвешчанай Абхазіі, нават ня згадвалася. А сёлета ў лютым той самы Бжанія
ўжо прылятаў у Менск і сустракаўся з Лукашэнкам. І вось цяпер з другога заходу
ў Менск прыехаў Пушылін і сустрэўся гэтым разам з Лукашэнкам.
Я думаю, Лукашэнка ад гэтага візыту зусім не ў захапленьні.
Але ступень залежнасьці беларускага правадыра ад Крамля ўзрасла вельмі моцна.
Дэ-факта Крэмль ужо прымушае свайго васала прызнаваць акупаваныя тэрыторыі.
— Што далей можна чакаць у гэтым шэрагу «нахіленьня» Крамлём
свайго васала? Што можа стаць наступным?
— Нічога добрага. Само па сабе гэта нібыта сымбалічны
момант, але гэта зьвяно ланцуга. Крэмль пасьлядоўна бярэ Беларусь у абцугі,
прасоўвае ва ўсе сфэры свае шчупальцы. Страчваецца і вайсковы, і
замежнапалітычны сувэрэнітэт. Гэта паўзучы працэс, які ператварае Беларусь
чыста ў марыянэткавае ўтварэньне.
Пуціну ня трэба сюды заходзіць з танкамі, дэсантам — можна
высмактаць усе сокі з Беларусі, намёртва яе прывязаць да Расеі, а тутэйшаму
правіцелю пакінуць чырвона-зялёны сьцяг, рэзыдэнцыю, клюшку — хай гэтым
задаволіцца.
Нарастае рызыка непасрэднага ўцягваньня Беларусі ў вайну.
Лукашэнка такімі сустрэчамі дэ-факта прызнае гэтыя анэксаваныя тэрыторыі. Таму
калі заўтра, напрыклад, пачнецца ўкраінскі наступ, то тады Крэмль скажа
Лукашэнку: «Ты ж прымаў гэтых правадыроў, дэ-факта прызнаў іх часткай Расеі,
таму давай, абараняй саюзную дзяржаву, як запісана ў нашых дамовах». І значна
цяжэй будзе адкруціцца.
— Разам з тым Расея цяпер плаціць Лукашэнку больш, чым
заўсёды. Як падлічылі эканамісты, агульную — прамую і ўскосную — дапамогу Расеі
можна ацаніць у 15 мільярдаў даляраў.
— Так, сапраўды, Пуцін асабліва шчодры апошнія паўтара года,
з пачатку вайны. Усяго надаваў Лукашэнку — і газу таннага, і нафты са зваротным
акцызам, і крэдытаў. Але ж і ў эканамічнай сфэры ідзе паўзучае закабаленьне,
ужо выкананыя на 80 працэнтаў тыя самыя «саюзныя праграмы». Ідзе завязваньне на
расейскі рынак, пазбаўленьне сувэрэнітэту і ў эканоміцы, у падатковай,
фінансавай сфэрах — так можа дайсьці і да адзінай валюты.
У моманце эканоміка, можа, і выйграе, але гэта коштам здачы
эканамічнага сувэрэнітэту — каб утрымацца тут і цяпер. Правадыр аддае ў
расейскі лямбард будучыню Беларусі, яе незалежнасьць.
— Лукашэнка гадамі падключаўся да розных інтэграцыйных
схемаў з Расеяй, але пры гэтым усё ж неяк захоўваў беларускі сувэрэнітэт — хаця
б дзеля ўтрыманьня сваёй улады. Чаму пасьля 2020 году ўсё пакацілася? Можа, ён
разьлічвае, што ў нейкі момант сытуацыя павернецца назад і можна будзе са
шчупальцаў Расеі высьлізнуць? Ці ён ужо дбае толькі пра захаваньне сваёй улады
над Беларусьсю нават праз продаж яе сувэрэнітэту?
— Лукашэнка пасьля 2020 году мусіць выбіраць толькі паміж
кепскім і вельмі кепскім. Для яго ў жніўні 2020 году была альтэрнатыва — альбо
адносна спакойна пакінуць пасаду, альбо душыць пратэсты. Ён, натуральна, выбраў
задушэньне, бо для яго адыход ад улады не ўкладаецца ў галаве. Да таго ж ён
баіцца наступстваў страты ўлады і ня верыць ні ў якія гарантыі. У гэтым пляне
ён прыпёрты да сьценкі і, па вялікім рахунку, выбару ў яго няма.
Мне думаецца, Лукашэнка спадзяецца, што яму зноў пашанцуе
нейкім чынам. Альбо Пуцін пераможа ў вайне і ён стане саўдзельнікам перамогі.
Альбо ў выпадку паразы Расеі ўдасца высьлізнуць, сказаць, што заўсёды быў
міратворцам і быў супраць вайны.
Але, наколькі можна зразумець псыхалёгію Лукашэнкі, ён
імкнецца наперад далёка ня думаць. Ён майстар тактыкі, манэўраваньня ў рэальным
часе, а не ў стратэгіі. Дый, паўтаруся, па вялікім рахунку, выбару ў яго няма.
Я думаю, што ў крытычнай сытуацыі ён пагодзіцца стаць губэрнатарам
Паўночна-Заходняга краю, а ня здасца сваім палітычным праціўнікам.