Лукашэнка прыняў кіраўніка самаабвешчанай «ДНР» Пушыліна. Летась ён яго ігнараваў
Аляксандр Лукашэнка ў сваім палацы на праспекце Пераможцаў прыняў кіраўніка самаабвешчанай «Данецкай Народнай Рэспублікі» Дзяніса Пушыліна. Гэта можна ўспрымаць як канчатковае прызнанне беларускім рэжымам неўкраінскай прыналежнасці акупаваных яшчэ ў 2014 годзе тэрыторый на Данбасе.
![Фота прэс-службы Лукашэнкі Фота прэс-службы Лукашэнкі](/img/v1/images/photo_2023_04_18_11_09_51.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота прэс-службы Лукашэнкі
Прэс-служба Лукашэнкі назвала Пушыліна «часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка «ДНР».
«Я хацеў бы, што называецца з першых вуснаў, пачуць сітуацыю ў «Данецкай Народнай Рэспубліцы», калі гэта магчыма. На фронце як у нас там справы? Таму што цэнтральны так званы ўчастак — ён у вас там самы складаны. Ідуць вельмі інтэнсіўныя баі. І на поўнач, і на поўдзень. Дый у напрамку Данецка. Абстрэл. Людзям цяжкавата. І ў гэтай сітуацыі што Беларусь можа зрабіць для Данецка, чым мы можам дапамагчы?» — заявіў Лукашэнка падчас сустрэчы.
У сувязі з гэтай неспадзяванай сустрэчай варта адзначыць некалькі момантаў.
Першае. Безумоўна, цяпер можна лічыць, што афіцыйны Мінск цалкам прызнаў тое, што акупаваныя тэрыторыі так званай «ДНР» не належаць Украіне. Гэта было і так відавочна, што Лукашэнка іх даўно прызнаў, але да апошняга стваралася ўражанне, што беларускі дыктатар пазбягае гэта рабіць публічна.
Другое. Летась, у ліпені, Пушылін прыязджаў у Беларусь. На чале дэлегацыі «ДНР» ён наведваў Брэсцкую крэпасць. Усклаўшы тады кветкі да Вечнага агню, данецкі сепаратыст напісаў у сацсетках: «Усіх рускіх радняць з абаронцамі Брэсцкай крэпасці стойкасць духу і здольнасць да самаахвяравання ў імя вышэйшай мэты. Сёння прыйшоў час зноў вызваляць рускія гарады, заснаваныя рускімі людзьмі: Кіеў, Чарнігаў, Палтаву, Адэсу, Днепрапятроўск, Харкаў, Запарожжа, Луцк».
![Ігар Тышкевіч: Бжанія ў Мінску — гэта крок да вайны Ігар Тышкевіч: Бжанія ў Мінску — гэта крок да вайны](/img/v1/images/5c387d6c_3e72_435c_ba3b_d827c152c336_w1597_n_r0_st_s_logo_1.webp?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Эксперты тады заўважылі, што афіцыйная беларуская прапаганда не надала амаль аніякай увагі візіту Пушыліна. Не было ў таго і статусных сустрэч у Беларусі. Лукашэнка прыезд Пушыліна таксама вырашыў «не заўважыць».
Трэцяе. У ліпені 2022 года «ДНР» яшчэ лічыла сябе незалежнай дзяржавай. У верасні Расія імітавала на захопленых тэрыторыях Украіны ў Данецкай, Луганскай, Запарожскай і Херсонскай абласцях «рэферэндумы», у выніку якіх абвясціла аб далучэнні гэтых зямель да РФ. То фармальна Лукашэнка сёння прызнаў не асобны статус «ДНР», а яе прыналежнасць да Расіі. Пры гэтым з расійскімі губернатарамі ён сустракаецца рэгулярна.
Чацвёртае. Варта падкрэсліць і тое, што Лукашэнка прыняў Пушыліна ў тым жа памяшканні сваёй рэзідэнцыі, дзе сустракаецца з высокапастаўленымі расійскімі чыноўнікамі кшталту міністра абароны Сяргея Шайгу альбо прэм'ер-міністра Міхаіла Мішусціна. Цяжка сказаць, аб чым гэта сведчыць, але і расійскім губернатарам у Мінску забяспечваюць больш сціплы прыём, і кіраўніка самаабвешчанай Абхазіі Аслана Бжанія Лукашэнка прыняў у лютым фактычна не як роўнага сабе.
![Фота прэс-службы Лукашэнкі Фота прэс-службы Лукашэнкі](/img/v1/images/000019_1676972812_125079_big.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Фота прэс-службы Лукашэнкі