«Беларускія ўлады могуць рабіць усё, што захочуць, калі ў Маскве не захочуць нечага іншага»

Падчас леташняга восеньскага візіту Пушыліна беларускім уладам яшчэ хапіла суверэнітэту, каб не пусціць яго ў Мінск. Але прайшло паўгода, і суверэнітэт скурчыўся да меж палаца. І нават палац не ўдалося адстаяць, адзначае аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі».

Карыкатура ўкраінскай службы «Радыё Св*бода» 

Карыкатура ўкраінскай службы «Радыё Св*бода» 


Вось нехта і сустрэўся ўчора з Пушыліным. І здавалася, што ў практычным сэнсе гэтая сустрэча мала што мяняе ў становішчы беларускіх улад. Напэўна, той, хто сустракаўся, вырашыў, што губляць яму ўсё роўна ўжо няма чаго: рэпутацыя беларускіх улад цяпер у такім стане, калі горш ужо не будзе і ніякімі сустрэчамі яе не сапсуеш.

Аднак, аказалася, што ёсць яшчэ чаго псаваць. МЗС Украіны чамусьці раптам пакрыўдзіўся і вырашыў адклікаць свайго амбасадара з Беларусі для кансультацый. Ні наступ расійскіх войскаў, ні абстрэлы ўкраінскіх гарадоў, ні планы размясціць ядзерную зброю не маглі выманіць з Беларусі ўкраінскага амбасадара. А абмеркаванне з Пушыліным перспектыў аднаўлення Данбаса стала той кропляй, пасля якой украінскі МЗС вырашыў, што пасол у Беларусі яму некаторы час не спатрэбіцца.

І я думаю тут справа, вядома, не ў крыўдзе. І не ў тым, што МЗС Украіны трэба было неяк фармальна адрэагаваць. Адрэагаваць можна было і заклапочанасцямі, а ў крайнім выпадку глыбокімі заклапочанасцямі. Я думаю, справа тут не ў сімвалічных жэстах, а ў асноўным у прагматычных меркаваннях.


Падчас леташняга восеньскага візіту Пушыліна беларускім уладам яшчэ хапіла суверэнітэту, каб не пусціць яго ў Мінск. Абмежаваліся наведваннем гістарычных месцаў Берасця ў кампаніі расійскага амбасадара. Але вось прайшло паўгода, і суверэнітэт скурчыўся да меж палаца. І нават палац, уласна, не ўдалося адстаяць. Прыйшлося прымаць на вышэйшым дзяржаўным узроўні і слухаць пра пастаўкі каалінавай гліны. Хоць, напэўна, можна было прыдумаць сабе занятак цікавейшы.

Вось атрымліваецца, што калі да гэтай сустрэчы маглі быць якія-небудзь сумневы аб новых межах суверэнітэту беларускіх улад, то пасля сустрэчы ўжо няма пра што сумнявацца. Беларускія ўлады цалкам суверэнныя, у рамках намаляванай імі генеральнай лініі. Могуць рабіць усё, што захочуць, калі ў Маскве не захочуць для іх чаго-небудзь іншага.

І практычны сэнс знаходжання ўкраінскага амбасадара ў Беларусі ў гэтых новых умовах трошкі губляецца. Атрымліваецца, што ніякіх гарантый свайго няўдзелу ў вайне беларускія ўлады ўсё роўна на самай справе даць не могуць, што б яны каму ні абяцалі. Таму што ўдзел або няўдзел у вайне не ад іх цяпер залежыць. І, разважаючы прагматычна, няма пра што з імі цяпер і размаўляць.