Яраслаў Раманчук: Сапраўдная барацьба за незалежнасць Беларусі пачнецца пасля заканчэння вайны
Эканаміст разважае пра непазбежную адплату за «льготныя» кошты расійскіх энергарэсурсаў. На яго думку, ціхай сапай, праз розныя механізмы і інструменты кааперацыі, энергетычныя дамоўленасці, Беларусь усё больш становіцца падобнай на суб'ект РФ.
— Прайшло пасяджэнне Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы, і як ні дзіўна, у гэты раз не было абмеркавання адной з асноўных тэм у адносінах Беларусі і Расіі — тэмы нафты і газу, — кажа Раманчук у праграме «Эканоміка здаровага сэнсу». — Можа падацца, што ўсе пытанні ўжо агавораныя і бакі гатовыя падпісваць энергетычную карту. Але гэтая перамога чыя: Беларусі, Расіі, нафтабаронаў?
Самы прыемны момант для беларускіх уладаў — вядома, кошты. Сёння нафта і газ пастаўляюцца ў Беларусь коштам у 4-5 разоў меншым за сусветны спотавы кошт. Гэта гіганцкі грант, які ацэньваецца для Беларусі з яе цяперашнімі ўмовамі і ўзроўнем вытворчасці прыкладна ў $12-15 мільярдаў.
— Зразумела, што гэтыя грошы не з'яўляюцца толькі часткай прыбытку ЗАТ «Сям'я», — адзначае эканаміст, — яны дзеляцца ў пэўных прапорцыях у тым ліку з расійскімі алігархамі. Але галоўнае, што кароткатэрмінова беларускія ўлады выгандлявалі сабе такія ўмовы.
Эксперт нагадвае пра спрэчку адносна падаткаабкладання — калі ў Расіі ўвялі так званы падатковы манеўр, які абярнуўся для Беларусі павышэннем кошту нафты:
— Тут Аляксандр Лукашэнка пачаў абурацца, маўляў, нам бы таксама атрымліваць кампенсацыі па акцызах з Расіі. І вось ужо ў сакавіку-красавіку 2023-га гэтыя кампенсацыі «паплывуць» у Беларусь. Гэта яшчэ адзін канал фінансавання беларускага Дзяржплана, што не можа не радаваць беларускіх чыноўнікаў.
Далей загаварылі і пра тое, што прамысловасць Беларусі і Расіі, як адзіны комплекс, павінна б мець аднолькавыя энергетычныя ўмовы. Такім чынам, зарабляюць тыя, хто выкарыстоўвае танныя энергарэсурсы для вытворчасці тавараў і гандлю імі ў Расіі ці праз Расію. Вядома, гэта стварае дадатковыя для павышэння зарплаты, аплатнай стабільнасці — па-за сумненнем, гэта сур'ёзны грант, і тут не варта чакаць ніякага правалу.
Аднак энергетычны комплекс сёння, працягвае Яраслаў Раманчук, гэта не толькі нафта і газ, але і пранікненне ў прамысловасць: многія беларускія заводы працуюць на расійскі ВПК.
— Але калі Беларусь і Расія падпішуць-такі энергетычную Хартыю або карту, узгодняць адзіны баланс, адзіную палітыку — скажыце, што наогул застанецца незалежнага ў энергетычнай палітыцы Беларусі?
Ці будуць зніжаны тарыфы на камунальныя паслугі для насельніцтва? А для малога і сярэдняга бізнесу? Або грант, які выгандлявалі нафтавыя і газавыя бароны Расіі і Беларусі, пойдзе пераважна ім у кішэню? А ў нас будзе яшчэ большая залежнасць ад найбуйнейшага пакупніка беларускіх тавараў — Расіі. Паколькі амаль 70% экспарту тавараў займае расійскі кірунак, зразумела, хто тут дыктуе ўмовы.
— Думаеце, гэтая шчодрасць проста так — за ідэалагічную блізкасць рэжымаў, за саюзную дзяржаву? — задаецца пытаннем эканаміст. — Мяркую, сітуацыя зусім іншая. І калі Расія пацерпіць непазбежную паразу ў вайне, якую яна развязала на тэрыторыі Украіны, тады ўсе гэтыя механізмы пачнуць працаваць.