Эканаміст: Беларусь жыве ўжо ў другім «страчаным» дзесяцігоддзі

Дарадца Святланы Ціханоўскай па эканамічных рэформах, віцэ-прэзідэнт Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (АВВА) Алесь Аляхновіч разважае пра тое, у якой сітуацыі акажацца Беларусь, калі ўзнікне магчымасць для правядзення рэформаў.

Алесь Аляхновіч. Фота: «Е*рарадыё» 

Алесь Аляхновіч. Фота: «Е*рарадыё» 


— Чым далей ад 2020 года, тым складаней казаць пра канкрэтныя лічбы падтрымкі Беларусі з боку міжнароднай супольнасці, — адзначыў эканаміст у эфіры «Е*рарадыё». — Калі яшчэ не было вайны і беларуская эканоміка не была так моцна завязана на расійскай, не было відавочна, што Расія пойдзе на ўсё, каб захаваць свой уплыў, можна было разважаць пра адны сферы падтрымкі.

Тады частка беларускіх эканамістаў лічыла: калі б у 2020 годзе ўлада змянілася дэмакратычным шляхам і былі абвешчаны новыя свабодныя выбары, краіна магла вырашыць свае праблемы самастойна, без значнай міжнароднай падтрымкі.

Цяпер магчымасці правесці рэформы няма.

Мы можам сабе ўявіць, што эканоміка будзе знаходзіцца ў вельмі дрэнным стане, калі Лукашэнка вымушаны будзе сысці, а Расія, безумоўна, будзе ставіцца варожа і да дэмакратызацыі Беларусі, і да рынкавых рэформаў.

Трэба быць гатовымі, што Расія, напрыклад, запатрабуе датэрміновага пагашэння ўсіх дзяржаўных даўгоў — а гэта прыкладна $18 мільярдаў, і трэба думаць, адкуль гэтыя грошы ўзяць. Ці Расія можа спыніць пастаўкі газу і нафты — і таксама трэба разумець, якім чынам з балтыйскіх партоў або партоў Украіны пастаўляць энерганосьбіты ў Беларусь пасля такога рашэння.

Гэтыя сцэнары, па словах Алеся Аляхновіча, прапрацоўваюцца ўжо цяпер. У прыватнасці, ствараецца канцэпцыя энергетычнай бяспекі Беларусі, ёсць ідэі па «зялёным» пераходзе да кліматычна нейтральнай эканомікі, завязанай на ўнутраныя і аднаўляльныя крыніцы энергіі.

— Калі мы гаворым у кулуарах з прадстаўнікамі МВФ, Сусветнага банка, Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця, яны, безумоўна, кажуць, што акажуць усялякую падтрымку нашай краіне, калі ў Беларусі пачнуцца працэсы дэмакратызацыі, — працягвае эканаміст. — Гэта значыць, няма такога, што мы застанемся адны. Свет разумее, што для правядзення паспяховых рэформаў нас спачатку неабходна будзе падтрымаць.

І гэта невялікія лічбы для сусветнай эканомікі або для буйных міжнародных донараў. Умоўна кажучы, калі ратавалі грэчаскую эканоміку падчас сусветнага эканамічнага крызісу, выдаткавалі сотні мільярдаў еўра. На падтрымку Беларусі цягам некалькіх гадоў спатрэбіцца, верагодна, 15-30 мільярдаў.


Зрэшты, пакуль Міжнародны валютны фонд зрабіў вельмі несуцяшальны прагноз для Беларусі на бліжэйшыя 5 гадоў. У дакуменце, які быў апублікаваны ў пачатку красавіка, кажа эканаміст, мяркуецца, што за 2023-2028 гады беларуская эканоміка вырасце прыкладна на 5%, а калі браць больш доўгі перыяд, з 2020-га па 2028 год — то і зусім на няпоўныя 2%.

— Свет за гэты час дадасць прыкладна 30%, — прыводзіць параўнанне Алесь Аляхновіч, — і нашы суседзі таксама будуць дадаваць, а мы, адпаведна, ад іх адставаць. Калі ўлічыць, што «страчанае дзесяцігоддзе» — не толькі тое, у якім мы жывём цяпер, але і дакавідныя 2010-я, калі беларуская эканоміка расла менш чым на 1% штогод, то выходзіць, што Беларусь жыве ўжо ў другім «страчаным» дзесяцігоддзі.

І гэта, безумоўна, будзе ўплываць на эміграцыю, скарачэнне сектара IT, які ўжо паказвае рэкорднае падзенне, на вымыванне кадраў — у нас будуць праблемы з медыкамі, настаўнікамі, дзяржслужачымі, якія могуць якасна выконваць сваю працу. Мы гэта ўжо бачым, але праблема будзе паглыбляцца.