Валерый Карбалевіч: Браты навек, або Дзве прамыя, якія не перасякаюцца
Перад намі разгортваюцца дзве палітычныя лініі афіцыйнага Мінска. З аднаго боку, курс на ўсё больш цеснае супрацоўніцтва з краінай-агрэсарам — Расіяй аж да размяшчэння ў краіне расійскай ядзернай зброі. З другога боку — прэтэнзія на ролю міратворца, разважае Валерый Карбалевіч.
«Тактыка без стратэгіі — гэта шум перад паразай», — казаў Сунь Цзы.
У сваім знешнепалітычным пазіцыянаванні афіцыйны Мінск быццам бы канчаткова вызначыўся. Будучае размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі расійскай ядзернай зброі яшчэ больш цесна звязвае рэжымы Лукашэнкі і Пуціна. Браты навек? Вайна з Захадам да поўнай, канчатковай і безумоўнай перамогі?
Вонкава гэта выглядае менавіта так. Ды і Расія не выпускае Беларусь са сваіх чэпкіх абдымкаў, узмацняе кантроль — перш за ўсё, ваенны — над краінай. На тым тыдні Мінск наведаў дырэктар Службы знешняй разведкі РФ Сяргей Нарышкін. Пазней прыехаў міністр абароны Расіі Сяргей Шайгу.
Расійскія сілавікі наведваюць Беларусь як сваю падкантрольную тэрыторыю.
Шайгу падчас перамоваў з Лукашэнкам 10 красавіка, калі казаў пра дыслакацыю ў Беларусі расійскіх вайскоўцаў, адзначыў, што разглядаюцца пытанні «пашырэння рамак, якія вы абмяркоўвалі разам з Уладзімірам Уладзіміравічам». З чаго можна зрабіць выснову, што гаворка ідзе аб пашырэнні расійскай вайсковай прысутнасці на тэрыторыі Беларусі. Цалкам магчыма, гаворка ідзе пра стварэнне тут паўнавартаснай расійскай базы, дыслакацыі вайсковых падраздзяленняў РФ на сталай аснове. Таксама можна меркаваць, што тэхнічныя аспекты і дагаворна-прававы бок размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі і абмяркоўваліся падчас візіту Сяргея Шайгу.
А міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін заявіў, што краіна гатовая размясціць у сябе не толькі тактычную, але і стратэгічную ядзерную зброю. Такая пастанова будзе прынятая ў тым выпадку, калі Захад «не ўймецца».
Усё гэта суправаджаецца мілітарысцкай ліхаманкай унутры краіны. У Брэсцкай вобласці ваеннаабавязаных прызвалі на ваенныя зборы ў аўральным парадку, некаторых бралі з працы, а то і з ложка. У Барысаўскім раёне праходзяць вучэнні тэрытарыяльнай абароны, якія інспектуе сам міністр абароны Віктар Хрэнін. Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч прапанаваў прызваць студэнтаў у войска. Працэс ператварэння краіны ў адну велізарную казарму ідзе поўным ходам.
Звяртае на сябе ўвагу сінхранізацыя мілітарысцкіх мерапрыемстваў у Беларусі з Расіяй. У РФ фактычна пачаўся новы этап мабілізацыі, які суправаджаецца забаронай на выезд з краіны для грамадзян, якія атрымалі позву.
Відавочна, што беларускія ўлады сапраўды вераць у магчымы напад NATO або Украіны і рыхтуюцца да вайны. Гэта значыць, яны сталі ахвярамі ўласнай прапаганды. Такое адбываецца ў момант вострых псіхалагічных крызісаў, што перажывае кіруючая эліта.
Гэта спроба пераадолець траўму 2020 года. Адказам на выбух народнай незадаволенасці стала не толькі імкненне пасадзіць у турму ўсіх актыўных пратэстоўцаў. Улады разумеюць, што незадаволенасць людзей выходзіць далёка за рамкі тых, хто пратэставаў на вуліцы. І рэакцыяй на гэта разуменне было імкненне да татальнай мілітарызацыі грамадства, мілітарызацыі свядомасці.
Аднак ствараецца ўражанне, што для Лукашэнкі цяперашняя сітуацыя, у якой апынуўся ён і ягоны рэжым, не зусім камфортная. Хоць ён публічна і запэўнівае, што Расія не можа прайграць гэтую вайну, але насамрэч у яго няма веры ў перамогу РФ над заходнімі супастатамі. Яго цесны саюз з Пуціным абумоўлены тым, што яму проста няма куды бегчы з падводнай лодкі.
Няўпэўненасць Лукашэнкі выяўляецца, напрыклад, у тым, што падчас перамоваў з Шайгу ён паставіў пытанне аб гарантыі бяспекі Беларусі, якую павінна даць Расія. Не зусім зразумела, пра што ідзе гаворка. Бо і ў рамках АДКБ і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі існуюць узаемныя абавязацельствы бакоў прыйсці на дапамогу ў выпадку знешняй агрэсіі супраць саюзніка.
Пытанне аб гарантыях бяспекі ўзнікла ў кантэксце пытання аб размяшчэнні ў Беларусі ядзернай зброі. Атрымліваецца, што гэта зброя не ўмацоўвае бяспеку краіны, а стварае дадатковую ваенную пагрозу, краіна становіцца закладнікам Расіі, мішэнню для ўдару ў адказ. І Лукашэнка патрабуе дадатковых гарантый абароны з боку Расіі. Што выглядае некалькі дзіўна.
Можна меркаваць, што Лукашэнка хацеў бы мець запасны варыянт выратавання, нейкі «план Б». Адсюль яго бесперапынная міратворчая рыторыка. Ён увесь час паўтарае, што вайна — гэта дрэнна, мы за мір, хай Украіна капітулюе і згаджаецца на перамовы. Гэта таксама нейкі сігнал Захаду на выпадак расійскай паразы.
Адначасова Мінск не стамляецца шукаць кантакты на заходнім кірунку. 11–12 красавіка міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік наведаў Венгрыю. Гэта першы пасля 2020 года візіт кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства ў краіну ЕС. У Будапешце ён выступіў з заклікам да міру ва Украіне: «Трэба спыніць гібель людзей, неадкладна абвясціць перамір'е і пачынаць перамовы. Чым раней — тым лепш. Беларусь, як і Венгрыя, — на баку міру... усе пытанні тэрытарыяльнай, аднаўленчай бяспекі трэба і магчыма вырашаць за сталом перамоў».
Такім чынам, перад намі разгортваюцца дзве палітычныя лініі афіцыйнага Мінска. З аднаго боку, курс на ўсё больш цеснае супрацоўніцтва з краінай-агрэсарам — Расеяй аж да размяшчэння ў краіне расійскай ядзернай зброі. А таксама спроба зноў выконваць ролю міратворца. Гэтыя дзве лініі супярэчаць адна адной, яны ідуць паралельна — і ніяк не перасякаюцца.
Пераклад «НЧ»