Дзеля чаго Расія ўсё часцей гаворыць пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі?

Абмеркаванне размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі мае эскалацыйны характар і з’яўляецца элементам псіхалагічнага ціску на тых, хто прымае рашэнні, і на заходнія грамадствы.

zlptyhfz_p_hjz.png

Так наратывы пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі ацаніў у пятніцу ўпаўнаважаны ўрада па бяспецы інфармацыйнай прасторы Рэспублікі Польшча Станіслаў Жарын, піша «П*льскае Радыё».

У сваім Твітары ён нагадаў, што фармальнай асновай расійскага псіхалагічнага ціску на вольны свет з’яўляецца новая канцэпцыя замежнай палітыкі РФ, што была агучаная Уладзімірам Пуціным.

«Дакумент узаконьвае дзеянні Расіі, накіраваныя на палярызацыю і паралізаванне Захаду», – напісаў Станіслаў Жарын.

Польскі чыноўнік падкрэсліў, што ў каналах сувязі, якія кантралююцца Расіяй, Польшча застаецца адным з галоўных аб’ектаў запалохвання, а расійскія наратывы ўключаюць пагрозы ядзерных удараў па польскіх гарадах і бачанне пэўнай паразы Польшчы ў выпадку супрацьстаяння з Расійская Федэрацыяй.



«Расійскі апарат уплыву працягвае інфармацыйныя аперацыі, накіраваныя на пацверджанне хлуслівых тэзісаў аб імкненні Польшчы акупаваць Заходнюю Украіну і Гродзенскую вобласць і нават кінетычную атаку на Калінінградскую вобласць», — адзначыў Станіслаў Жарын.

Ён таксама адзначыў, што Расія паслядоўна праводзіць псіхалагічныя і інфармацыйныя мерапрыемствы, накіраваныя на аслабленне жадання членаў NATO падтрымліваць Украіну пастаўкамі зброі. «У сацыяльных сетках расіяне прасоўваюць бачанне таго, што дапамога Украіне — гэта падаўжэнне вайны і пакут», — сказаў ён.

Жарын напісаў, што Расія адначасова падкрэслівае палітычныя, сацыяльныя і эканамічныя «эфекты дапамогі Украіне», выкарыстоўвае маніпуляцыі і хлусню, мяркуючы, што дапамога Украіне мае негатыўныя наступствы для Захаду і нават для ўкраінцаў.

«Беларуская прапаганда актывізавала інфармацыйную дзейнасць, якая асвятляе факты гібелі мігрантаў на мяжы з Польшчай. Фатаграфіі трупаў і дэзінфармацыя аб выкідванні целаў польскімі памежнымі службамі з'яўляюцца працягам дзейнасці, якая праводзілася да гэтага часу ў псіхалагічнай сферы», — адзначыў Жарын.