Валер Кавалеўскі: Гэта наш доўг — адстойваць незалежнасць сваёй краіны
Ці варта сур'ёзна ставіцца да заяў пра размяшчэнне ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі? Як гэта, калі адбудзецца, адаб'ецца на адносінах з Украінай? Як ідзе праца над новым беларускім пашпартам і чаго чакаць ад візіту прадстаўнікоў дэмсіл у ЗША. Пра гэта — у размове з прадстаўніком па міжнародных справах Аб’яднанага пераходнага кабінета Валерам Кавалеўскім.
Ядзерная зброя ў Беларусі
Валер лічыць, што пагрозы перавозкі ядзернай зброі ў Беларусь — гэта больш рэальнасць, чым блеф.
«Гэта тэма з’яўлялася і раней: і Лукашэнка, і Пуцін выказваліся пра гэта, але да канкрэтных дзеянняў даходзіла ў абмежаваным выглядзе, калі перадаваліся пэўныя тэхналогіі для забеспячэння беларускіх самалётаў сістэмамі для ядзерных зарадаў. Гаварылася шмат, але на сённяшні дзень гэта не пагроза і не рызыка нейкая, не абяцанне, а рэальныя дзеянні. У пэўным сэнсе гэта можа нагадваць крымскую сітуацыю, як у свой час расійцы засноўвалі сябе ў Крыме і пасля карысталіся тымі ваеннымі аб’ектамі, інфраструктурай, якая ім была даступна, каб усталяваць цалкам кантроль над усёй паўвыспай. Таму мы не можам дазволіць сабе тут гадаць, гэта блеф ці рэальнасць, мы вымушаны разглядаць гэта як рэальнасць».
Зараз Кабінет назірае, што рэакцыя на магчымае размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі неаднастайная, заўважае Валер Кавалеўскі: ёсць і рэзкая катэгарычна адмоўная рэакцыя ў краін Еўропы, а Злучаныя Штаты займаюць пазіцыю чакання — яны хацелі б разабрацца, што адбываецца, сабраць больш даных.
«Мы са свайго боку лічым, што часу чакаць няма, трэба рэагаваць, бо, калі гэта ўжо стане фактам, калі ўзброеныя сілы Расіі з’явяцца на тэрыторыі Беларусі, то будзе куды больш складаная задача — пазбавіцца ад іх. Мы памятаем усе, што калі прыходзяць расійскія войскі, то сыходзяць яны з вельмі вялікай неахвотай, часта пад прымусам. Таму для нас важна ўжо зараз рабіць нейкія захады дзеля таго, каб прыцягваць да гэтага ўвагу і патрабаваць рэальных дзеянняў».
Нядаўна Святлана Ціханоўская сустракалася з міністаркай замежных спраў Францыі ў Офісе ў Вільні, нагадвае Валер.
«Такое бывае досыць нячаста, каб да яе ў госці завітвалі кіраўнікі знешнепалітычных ведамстваў іншых краін, тым больш Францыі, якая з’яўляецца пастаянным чальцом Рады бяспекі ААН, ядзернай дзяржавай. І тэма магчымага размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі, канечне, таксама была адной з тых, якія мы закраналі».
Ці могуць ЗША дапамагчы з маніторынгам перамяшчэння ядзернай зброі?
«Мы добра ведаем, што ў Злучаных Штатаў ёсць магчымасць адсочваць перамяшчэнне ядзернай зброі, радыеактыўных матэрыялаў. Пакуль да гэтага яшчэ не дайшло. Я думаю, што яны знаходзяцца ў рэжыме збору інфармацыі, ёсць ускосныя даныя, што на тэрыторыі Беларусі існуюць аб’екты, якія засталіся з часоў Савецкага Саюза, што могуць быць прыдатны для размяшчэння там ядзернай зброі. Таму час для падрыхтоўкі сапраўды можа быць максімальна кароткім».
Ці могуць прыйсці ў Беларусь міратворчыя сілы?
На сустрэчы з Валерам Кавалеўскім прыгадалі, што нядаўна Андрэй Саннікаў выказаў ідэю аб уводзе міратворчых сіл у Беларусь у адказ на размяшчэнне ядзернай зброі.«Заўважная ідэя, але яна і вельмі складаная. Тут незразумела, пра якія міратворчыя сілы вядзецца гаворка: ці то гэта Арганізацыя Аб’яднаных нацый, ці хто іншы. У любым выпадку магчымасць уводу такіх войскаў патрабуе рашэння і згоды краіны, куды накіроўваюцца гэтыя войскі, і калі іх кантынгент, напрыклад, ААН, то трэба рашэнне Рады бяспекі ААН. Разумець трэба, для чаго яны накіроўваюцца — для спынення канфлікту, для размежавання бакоў, якія ваююць, ці для падтрымання парадку. На сённяшні дзень вельмі цяжка было б сфармуляваць мэту, задачу, місію такога міратворчага кантынгенту, таму тут трэба дадатковыя ўводныя, каб зразумець, што рабіць».
Ці прывядзе размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі да абвастрэння сітуацыі з Украінай?
Ці можа размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі стаць прычынай актывізацыі баявых дзеянняў ва Украіне? Ці гэта стане каталізатарам для цяперашняй сітуацыі? І што рабіць звычайным беларусам?
«Наш прагноз такі — гэта можа прывесці да эскалацыі канфлікту ці ўдзелу Беларусі ў гэтай вайне. Беларусь фактычна становіцца пляцоўкай не толькі для вядзення вайны звычайнымі сіламі, але таксама і ядзернымі сіламі. Але, у адрозненне ад звычайнай сітуацыі, тут Расія цалкам кантралюе сітуацыю, вырашае, якім чынам яны будуць выкарыстоўваюць ядзерную зброю. Але ўдар у адказ прылятае ў Беларусь, ужо незалежна ад таго, што мы пра гэта думаем, проста таму, што тут знаходзіцца ядзерная зброя чужой дзяржавы».
Ёсць вялікі патэнцыял для эскалацыі, была бачна даволі рэзкая рэакцыя з боку Украіны, заўважае прадстаўнік Кабінета.
«Ва Украіне адсочваюць такое развіццё падзей з вялікай трывогай, яны склікалі тэрміновае пасяджэнне Рады бяспекі ААН. І калі казаць пра тое, што рабіць звычайным беларусам, то думаю, трэба любымі наяўнымі спосабамі звяртацца ў органы дзяржаўнага кіравання Беларусі з пытаннямі, што адбываецца, каб рэжым, хоць ён і глухі да голасу народа, але чуў і бачыў, што ў людзей гэта выклікае занепакоенасць. Каб не сталася так, што беларусы гэтага не заўважаюць, што для іх гэта тэма нецікавая ці ніякім чынам не турбуе. Рэжым таксама выкарыстоўвае такія сітуацыі, што нібыта беларусы згодныя».
Як прайшоў візіт дэмакратычных сіл у ЗША?
Амаль тыдзень у ЗША знаходзілася Святлана Ціханоўская са сваёй дэлегацыяй. Адбыліся сустрэчы ў Кангрэсе, у органах выканаўчай улады, быў шэраг мерапрыемстваў, дзе яна выступала, расказвала пра сітуацыю ў Беларусі, былі шматлікія кантакты ў вядучых амерыканскіх медыя, апавядае Валер Кавалеўскі.
«Усё атрымалася супер удала — і медыя, і дзелавыя кантакты, і публічныя выступленні. З найбольш важных і высокаўзроўневых сустрэч трэба адзначыць знаёмства са спікерам Палаты прадстаўнікоў Кангрэса Злучаных Штатаў Кенам Макарці,які толькі абраны на гэту пасаду. Адбылася таксама сустрэча з намесніцай Энтані Блінкена, дзяржсакратара Злучаных Штатаў, Вэндзі Шэрман, легендарнай амерыканскай дыпламаткай. З дарадцам па нацыянальнай бяспецы Джэйкам Саліванам — правай рукой Байдэна па пытаннях нацыянальнай бяспекі, ваенна-палітычнай тэматыцы, што для нас вельмі блізка».
Таксама прадстаўнік Кабінета адзначае міжнародную канферэнцыю ў Школе дзяржаўнага кіравання Гарварда, дзе Святлана Ціханоўская выступала разам з Рабэртай Мэтсола, кіраўніцай Еўрапейскага парламента.
«Святлана і Рабэрта досыць даўно ведаюць адна адну, гэта быў працяг іх знаёмства. Само па сабе мерапрыемства вельмі заўважнае, таму гэта добрая пляцоўка, каб расказваць пра нашы праблемы. З важных вынікаў той працы, якую мы правялі ў Вашынгтоне, варта адзначыць, што Злучаныя Штаты прапанавалі распачаць стратэгічны дыялог з дэмакратычнымі сіламі і грамадзянскай супольнасцю Беларусі. То-бок мы ствараем супольны пастаянны механізм для нашага ўзаемадзеяння, у рамках якога будзем каардынавацца, выпрацоўваць нейкія пазіцыі, ажыццяўляць дзеянні і адсочваць, каб яны выконваліся. Вельмі важна дамагацца таго, каб такая праца была максімальна практычнай, каб яна не заставалася дэкларацыяй, а вяла да канкрэтных вынікаў нашых дзеянняў».
У Кангрэсе Злучаных Штатаў, фактычна па ініцыятыве дэмакратычных сіл, пачалася праца па аднаўленні Акта аб дэмакратыі Беларусі. Апошні раз ён прымаўся ў 2020 годзе на фоне пратэстаў, але зараз сітуацыя моцна змянілася, таму яна патрабуе і новай ацэнкі, і новых рэкамендацый па тых дзеяннях, якія выканаўчыя ўлады Злучаных Штатаў могуць зрабіць у сувязі з сітуацыяй у Беларусі, заўважае Валер Кавалеўскі.
«Важна было менавіта ў гэты момант знаходзіцца ў Вашынгтоне, дзеля таго, каб заявіць пра нязгоду дэмакратычных сіл Беларусі на размяшчэнне ядзернай зброі Расіі ў Беларусі. Мы маглі на месцы давесці інфармацыю, нашу пазіцыю, якая была прынята адэкватна. Таксама важнае развіццё падзей, якое будзе спрыяць, каб палітыка Злучаных Штатаў была больш эфектыўнай і прадметнай, у прызначэнні спецыяльнага пасланніка па Беларусі, які/якая будзе весці працу на пастаяннай аснове, каб каардынаваць дзейнасць, рабіць яе больш сістэмнай і практычнай не толькі ў Злучаных Штатах, але ўжо і з саюзнікамі Злучаных Штатаў па Беларусі: Вялікабрытаніяй, Еўрапейскім Саюзам і Канадай».
Падчас візіту ў ЗША закраналася і пытанне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.
«Менавіта падчас візіту ў Злучаныя Штаты ўвялі новы пакет санкцый супраць індывідуальных асоб і некаторых беларускіх прадпрыемстваў, якія служаць рэжыму. Амерыканцы запэўнілі, што іх санкцыйная палітыка застаецца нязменнай, што яны не збіраюцца паслабляць санкцыі датычна Лукашэнкі — і гэта важны сігнал у кантэксце таго, што еўрапейцы раздумваюць паслабіць санкцыі на калійныя ўгнаенні, і гэта быў бы кепскі сігнал, бо рэжым гэтага вельмі чакае і гэта рассінхранізавала б санкцыі паміж Еўрапейскім Саюзам і Злучанымі Штатамі. Пакуль у нас атрымліваецца гэтага не дапусціць. Санкцыі Еўрапейскі Саюз захоўвае на папярэднім узроўні».
«Падтрымка Злучанымі Штатамі дэмакратычнай Беларусі застаецца нязменнай»
«Злучаныя Штаты на афіцыйным узроўні катэгарычна адмаўляюць, што яны могуць разглядаць Беларусь як нейкі прадмет для гандлю. Яны запэўніваюць нас вельмі строгім урачыстым голасам, што Злучаныя Штаты ніколі не паступяцца тэрытарыяльнай цэласнасцю, суверэнітэтам і незалежнасцю Беларусі, яны застануцца прыхільнікамі гэтага і будуць адстойваць усе названыя нашы каштоўнасці. У гэтым сэнсе мы можам разлічваць на тое, што амерыканцы будуць верныя свайму слову, хаця, канечне, сітуацыя нелінейная. Калі будуць весціся сусветныя перамовы па Украіне, могуць быць розныя ідэі, паколькі многія не ўспрымаюць Беларусь як самастойную дзяржаву. І нам цяпер трэба адстойваць пазіцыю, што толькі рэжым з’яўляецца прарасійскім, а сама Беларусь хоча заставацца незалежнай і хоча рабіць іншы выбар у палітыцы».
ЗША не могуць прыбраць рэжым, а могуць толькі дапамагаць беларусам, заўважае прадстаўнік Кабінета.
«Менавіта беларусы павінны самі зрабіць сваю працу, нікому мы не можам дэлегаваць свой гэты абавязак. Гэта наш доўг — адстойваць незалежнасць сваёй краіны і дамагацца палітычных змен, а іншыя краіны могуць толькі нам дапамагаць у гэтай справе. Разам з тым адзначаем, што Расія, канечне, знаходзіцца на іншым баку гэтага працэсу, падтрымлівае Лукашэнку значна большымі рэсурсамі чым тыя, што атрымліваюць дэмакратычныя сілы і грамадзянская супольнасць Беларусі ад нашых партнёраў на Захадзе. Тым не менш самая галоўная выснова з паездкі: падтрымка Злучанымі Штатамі дэмакратычнай Беларусі застаецца нязменнай, вельмі цвёрдай, яны вераць у тое, што ў Беларусі адбудуцца дэмакратычныя змены і што Беларусь пазбавіцца гэтай тыраніі».
А што наконт адносін з Украінай?
Зараз у дэмакратычных сіл Беларусі ёсць пэўны прагрэс у працы з украінскімі ўладамі, адзначае прадстаўнік Кабінета.
«Ёсць, ёсць пэўны прагрэс у працы з Вярхоўнай Радай, ёсць пастаянны дыялог з некаторымі даволі заўважнымі фігурамі ў Вярхоўнай Радзе, ёсць група «За Дэмакратычную Беларусь», якая налічвае амаль 20 парламентарыяў. Таксама ёсць кантакты з экспертамі. Але калі казаць пра афіцыйныя кантакты, то яны больш стрыманыя, ізноў жа, афіцыйная версія такая: Украіне трэба думаць пра сваю нацыянальную бяспеку, таму яны прытрымліваюць пакуль што кантакты з дэмакратычнымі сіламі».
Валер адзначае, што ўкраінскіх партнёраў цікавіць пытанне, наколькі незалежны Лукашэнка ад Расіі ў сваіх дзеяннях адносна Украіны, ці сапраўды ён супраціўляецца ціску Расіі, Пуціна на ўцягванне войскаў у гэту вайну.
«Мы гаворым насамрэч, што Лукашэнка зрабіў усё падчас гэтай вайны, пра што прасіў яго Пуцін. Ён з’яўляецца верным слугой Пуціна. Мы не бачым нідзе ніякіх пацвярджэнняў таму, што Лукашэнка неяк супраціўляўся, адстойваў іншыя пазіцыі, мы гэта бачым нават на прыкладзе размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі. Пуцін сам сабе вырашыў гэта пытанне і расказаў мімаходам дзесьці ў інтэрв'ю расійскаму тэлебачанню, нібыта гаворка ідзе там пра нейкі завод у Тульскай губерні, а не пра незалежную краіну. Гэта само па сабе паказвае, наколькі Лукашэнка не ў сілах супраціўляцца нейкім рашэнням прэзідэнта Расіі».
Валер Кавалеўскі заўважае, што Украіна не можа перашкодзіць удзелу дэмакратычных сіл Беларусі ў нейкіх міжнародных мерапрыемствах.
«Святлана Ціханоўская працягвае прымацца на высокім узроўні. Мы бачым гэта і па паездках у Мюнхен, у Брусель і ў Злучаныя Штаты: у яе вельмі высокі ўзровень доступу да тых палітыкаў, якія прымаюць рашэнне па нашай тэматыцы. У гэтым сэнсе Украіна нічога не можа зрабіць, каб перашкодзіць Святлане Ціханоўскай у вядзенні сваёй дзейнасці».
Што чакае Беларусь пасля перамогі Украіны?
«Канечне, мы ўсе спадзяемся на тое, што перамены адбудуцца яшчэ раней за перамогу Украіны ў гэтай вайне. Ёсць розныя сцэнары, і адзін з іх — Украіна спачатку, а пасля Беларусь. Мы настойваем на тым, што спачатку Беларусь, а потым Украіна, бо гэта будзе найкарацейшы шлях да перамогі Украіны ў вайне. Менавіта дэмакратычная Беларусь адбярэ ў Расіі магчымасць выкарыстоўваць нашу тэрыторыю ў вайне супраць украінскага народа. Мы верым і працуем над тым, каб перамены адбыліся як мага хутчэй, незалежна ад таго, якая будзе паслядоўнасць, але найперш мы пачнём з перагляду адносін з Расійскай Федэрацыяй, і палітычных, і ваенных — гэта будзе выхад з Саюзнай дзяржавы, выхад з АДКБ, перагляд эканамічных дамоўленасцей, якія забіраюць у нас суверэнітэт».
Дэмакратычныя сілы Беларусі распрацоўваюць новыя фарматы ўзаемадзеяння з нашымі суседзямі — Польшчай, Літвой, Латвіяй і Украінай.
«Будзем кіравацца тым, што трэба развіваць партнёрскія адносіны з гэтымі краінамі, якія будуць шырокімі, будуць закранаць усе сферы, ад сацыяльнай і знешняй палітыкі, да абароны і нацыянальнай бяспекі. І тады мы будзем рухацца ў такім кірунку, каб гарызантальныя сувязі ў нашым рэгіёне былі больш трывалымі, устойлівымі, шырокімі, у адрозненне ад таго, што было да гэтага часу. Фактычна Беларусь увесь час усю сваю знешнюю палітыку будавала толькі на адносінах з Расіяй, нават з суседзямі нашымі былі даволі абмежаваныя кантакты».
Новы беларускі пашпарт
Праект па новым пашпарце рухаецца, кажа Валер, дэмсілы зараз вядуць перамовы з Еўрапейскімі краінамі, якія ўваходзяць у склад Шэнгенскай зоны, каб вырашыць важныя тэхнічныя дэталі.
«Многія беларусы не хочуць губляць беларускага грамадзянства, яны неахвотна ідуць на натуралізацыю (новае грамадзянства) там, дзе цяпер жывуць. Таксама ёсць праблема з тым, што дакументы губляюцца, ці заканчваецца тэрмін іх дзеяння, ці яны могуць патрапіць у пральную машыну і сапсавацца, ці яшчэ нешта. Карацей, дакументы могуць патрабаваць замены, і рэжымныя амбасады, кансулаты не заўсёды ідуць насустрач, чыняць перашкоды для людзей. Таксама ў беларусаў няма магчымасці падарожнічаць у такіх выпадках, фактычна, яны паралізаваны ў тым, што могуць рабіць са сваімі дакументамі ці ўвогуле ў адсутнасць гэтых дакументаў».
Новы пашпарт — гэта сапраўдная пашпартная кніжка з новымі сімваламі, напаўненнямі, якія дазволяць пацвердзіць грамадзянства.
«І найважнейшая функцыя гэтага дакумента — больш не даць рэжыму кантраляваць людзей, якія выехалі за мяжу. Бо нават пасля выезду рэжым трымае людзей нібыта ў кайданках, не дае ім нармальна жыць. Тут ужо будзе сапраўдная свабода, якія дакументы атрымлівае чалавек, як ён імі карыстаецца».
Пакуль такі пашпарт будзе прыдатны для паездак па Еўрасаюзе, апавядае Валер. Далей геаграфія можа пашырыцца на Злучаныя Штаты, Вялікабрытанію і іншыя краіны.
«Але для таго, каб знаходзіцца ці прыехаць у Еўрапейскі Саюз, трэба будзе зрабіць візу. Для таго, каб пражываць легальна ў краіне ЕС, трэба будзе атрымаць візу пастаяннага пражывання ці часовага, адпаведна гэты дакумент будзе прызнавацца на той тэрыторыі».
Найперш такія пашпарты атрымаюць людзі, якія маюць вострую неабходнасць у замене дакументаў, ці тыя, у каго іх няма ўвогуле.
«Пасля ўжо, калі будзе задаволены гэты тэрміновы попыт на дакумент, можна пераходзіць да тых людзей, у якіх гэта патрэба не такая вострая. Але калі казаць пра беларусаў у Беларусі, то я думаю, што атрыманне гэтымі людзьмі дакумента новай Беларусі можа быць даволі рызыкоўным».
Кантактная група па Беларусі ў Радзе Еўропы: якія ў яе функцыі, магчымасці і дасягненні
Кантактная група была сфарміравана ў верасні мінулага года рашэннем камітэта міністраў у Радзе Еўропы. У групу ўвайшло 10 чалавек, 5 — ад грамадскага сектара, 2 — ад супольнасцей (фемінісцкая супольнасць, дыяспары, супольнасці па моладзі, па правах чалавека, медыя) і 3 — ад палітычных структур (Офіс СЦ, Кабінет і Каардынацыйная рада).
«Да гэтага часу яны сфарміравалі спіс перспектыўных праектаў, сабралі прапановы ад грамадскасці сярод актывістаў, прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і перадалі гэту інфармацыю ў Раду Еўропы на зацвярджэнне. Калі не памыляюся, на пачатку лютага была сустрэча ў Страсбургу, дзе зацвердзілі спіс з 15-ці праектаў».