Вобраз будучыні Беларусі. Чаму Лукашэнка больш не кажа пра «моцную і квітнеючую»?
Шчыра кажучы, пасланне Лукашэнкі парламенту і народу я глядзеў з пэўнай цікавасцю. Так, яно аказалася нудным і сумным, але ўсё ж адна рэч у ім выклікае інтарэс. Гэта не тое, пра што Лукашэнка сказаў, а тое, чаго ён не сказаў.
![_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo_3_logo.jpg _cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo_3_logo.jpg](/img/v1/images/_cihi_pratest___sakavik_2021__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas__8__logo_3_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Канец «квітнеючай Беларусі»
Вы заўважылі, што рыторыка Лукашэнкі адносна краіны вельмі значна змянілася? Прынамсі, з яго вуснаў ужо не вылятаюць звыклыя нам заклінанні. Так, нават у пасланні ён некалькі разоў згадаў «стабільнасць». Але не ў тым плане, што Беларусь — гэта «выспа стабільнасці», а ў тым, што стабільнасці больш няма, але яе вельмі б хацелася. Нам хацелася б да яе вярнуцца, быць стабільнымі, як раней, а «ім» — гэтую стабільнасць разбурыць. Прыкладна ў такім рэчышчы.
Гэта даволі цікава, таму што пра «моцную і квітнеючую Беларусь» Лукашэнка казаў заўсёды, нават у часы эканамічных крызісаў 2009 і 2014 гадоў. Было нават смешна, калі плакаты з гэтым лозунгам віселі паўсюль, у той час як людзі скуплялі лядоўні і мікрахвалёўкі ў тым жа 2009-м.
Не было нічога сказана пра «дзяржаву для народа». Адзіны пасаж Лукашэнкі ў гэтым рэчышчы — пра тое, што ён непакоіцца, як будуць жыць яго дзеці і дзеці і ўнукі прысутных у зале. Прычым кантэкст выступлення быў такі, што «дзеці і ўнукі» былі не ўсёй Беларусі, а менавіта той праслойкі чыноўнікаў, якія падтрымліваюць яго, Лукашэнку. Нездарма ён пужаў сваіх палымяных прыхільнікаў, што менавіта іх дзецям падступныя апазіцыянеры жыцця не дадуць.
І, канешне, даўно забытая такая штуковіна, як «краіна для жыцця». Падаецца, з 2020 года, калі «краіна для жыцця» стала асацыявацца не з Лукашэнкам, а з Сяргеем Ціханоўскім, які менавіта гэтую фразу зрабіў дэвізам свайго блога.
І ўвогуле, у прамове Лукашэнкі практычна не было лозунгаў. Тых лозунгаў, якія можна было б зрабіць дэвізам перадвыбарчай кампаніі альбо жыцця краіны, ці хаця б фармулёўкай мэт, да якіх трэба імкнуцца. Не было нейкага стрыжня, вакол якога збіралася б яго прамова (за выключэннем знешніх ворагаў, канешне). Падаецца, ва ўлады больш няма нейкай стваральнай ідэі, у якую можна было б абгарнуць усе іх дзеянні.
![Новая Беларусь: якая яна будзе Крэатыў, упартасць, адукацыя. Чаму ў новай Беларусі цудоўная будучыня](/img/v1/images/_belarus_pryroda_vjoska_dobraj_ranicy_fota_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas__4__logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Якая прапануецца альтэрнатыва?
Шмат хто з крытыкаў апазіцыі да гэтага часу кажа, што недахопам як «старых», так і «новых» апанентаў рэжыму з’яўляецца адсутнасць простага і ўяўнага вобразу будучыні. Апошнім разам, наколькі я бачыў, пра гэта казаў прадпрымальнік і блогер Аляксандр Кныровіч. «Калі мы спрабуем сабе адказаць на пытанне, за што змагаемся, у нас адказ зводзіцца да «за нармальную краіну з правамі чалавека». А далей яе не існуе ў вобразах. Ясны і прывабны вобраз будучыні важны», — казаў ён у інтэрв’ю «Салідарнасці».
Але ці насамрэч «нармальнай краіны з правамі чалавека» мала? Ці насамрэч не існуе вобразу будучыні?
Зразумела, гэты вобраз у кожнага свой. Адным бачыцца «моцная Беларусь», як тая ж «сацыяльная дзяржава», але без Лукашэнкі. Другім — як ліберальная краіна з магчымасцямі развіцця бізнесу. Трэцім — як ІТ-хаб і краіна высокіх тэхналогій. І гэтыя вобразы не супярэчаць адзін аднаму.
Пра «вобраз будучыні» ў незалежным асяроддзі і незалежных СМІ раз-пораз узнікае дыскусія, з’яўляюцца часам і надзвычай эксцэнтрычныя праекты — кшталту Беларусі з легалізаванай прастытуцыяй і лёгкімі наркотыкамі, як у расійскага бізнесоўца Чычваркіна. Але гэтыя праекты ёсць, і яны абмяркоўваюцца.
А што з іншага боку? Ці ёсць той самы «вобраз будучыні» ў сённяшняй улады Беларусі? Яго не бачна.
Лукашэнка ўжо кажа, што ў наступным годзе будзе «адзіны дзень галасавання», а ў 2025-м — прэзідэнцкія «выбары», на якіх ён не адмаўляецца ад удзелу (прынамсі, такога не прагучала, а якраз наадварот — «куды ж вы без мяне…»). З якімі вобразамі, з якой праграмай пойдзе на іх улада? Што яна можа прапанаваць? Далейшую галечу пад заклінанні «дайце выратаваць Беларусь»?
![Мы стаім на парозе трансфармацыі, якая будзе ўключаць транзіт улады Андрэй Паротнікаў: Мы стаім на парозе сур'ёзнай трансфармацыі, якая будзе ўключаць транзіт улады](/img/v1/images/1645767347_5_damion_club_p_zhive_belarus_art_art_6.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Будучыня, у якой мы ўжо жывём
Падаецца, Лукашэнка ўжо змірыўся з тым, што ён — не «народны прэзідэнт», а «прэзідэнт АМАПа». Што народу — народу, а не сілавікам і не ягоным прыкарытнікам — яму няма чаго прапанаваць. І тут сітуацыя ва ўладзе выглядае значна горш, чым сітуацыя ў той самай «збеглай» апазіцыі.
У час адказаў на пытанні Лукашэнка адышоў ад сваёй звыклай парадыгмы «палітвязняў у Беларусі няма» і прапанаваў абмяняць Анджэя Пачобута на кіраўніка НАУ Паўла Латушку (разам з усім НАУ). Фактычна, ён прызнаўся, што трымае Пачобута ў заложніках, а палітвязні для яго — рэсурс для гандлю і для абмену.
Чаму ён гэта зрабіў? Імаверна таму, што эмігранцкім структурам урэшце ўдалося здзейсніць тое, чаго не ўдавалася дагэтуль — стварыць альтэрнатыўны беларускі ўрад у выгнанні і стварыць «альтэрнатыўную Беларусь». Прычым гэта дзеючы ўрад, дзеючы абраны прэзідэнт — Святлана Ціханоўская і дзеючая краіна. Краіна, у якой, шчыра кажучы, хочацца жыць.
Што зрабіла беларуская афіцыйная ўлада і беларускія амбасады і консульствы ў сітуацыі, калі літоўскія заканадаўцы высунулі ў свет праект, які ўяўна дыскрымінуе беларусаў? Па факце, яны прамаўчалі. МЗС Беларусі ў той час, калі прымалася гэта рашэнне, быў заклапочаны сустрэчамі з міністрам планавання Венесуэлы, амбасадарамі Ірана і Саудаўскай Аравіі ды мерапрыемствам у мемарыяльным комплексе «Хатынь». Фактычна, грамадзянам Беларусі ў Літве было маўкліва ўказана: «Праблемы неграў шэрыфа не турбуюць». Не дае вам Літва права атрымліваць від на жыхарства і набываць маёмасць — так вам і трэба.
Гэта Офіс Ціханоўскай падняў бучу вакол таго законапраекта, у выніку чаго беларусаў выключылі з «ганебнага спісу». І цяпер дэмакратычнае прадстаўніцтва Беларусі трымае сітуацыю на кантролі.
Платформа «Новая Беларусь» прызнана ў Беларусі «экстрэмісцкай» нездарма — яна фактычна падмяняе тую самую «сацыяльную дзяржаву», якой так ганарыўся Лукашэнка. Праз яе людзі могуць атрымаць юрыдычныя, медычныя паслугі, не кажучы ўжо пра навіны ад дыяспар і культурніцкія праекты беларусаў па ўсім свеце.
Усе, хто сутыкаўся з беларускімі дыпламатычнымі прадстаўніцтвамі за мяжой, ведаюць, што гэта — дзевяць колаў пекла, што яны хутчэй ствараюць праблемы, чым вырашаюць іх. А калі вырашаюць, то вельмі марудна. Такая простая рэч як абмен пашпарту праз амбасаду ператвараецца ў бюракратычны квест і паўгода чакання.
У адказ «урад у выгнанні» заявіў, што блізіцца той момант, калі ў беларусаў з’явяцца і «альтэрнатыўныя пашпарты» — з захаваннем грамадзянства і з магчымасцю вандраваць: спачатку ў ЕС, а потым, можа быць, і паўсюль.
Фактычна, «збеглыя» ўжо падмянілі Беларусь як дзяржаву — прынамсі, у замежжы. У іх ужо ёсць свая Беларусь са сваім урадам, сваімі амбасадамі, сваім навучаннем, сваім прэзідэнтам… Ёсць нават прататып свайго войска ў выглядзе ініцыятыў Сахашчыка ды Палка Кастуся Каліноўскага. Па факце, для таго, каб у беларусаў, якія збеглі ад Лукашэнкі, была свая дэцэнтралізаваная дзяржава, застаецца адно — стварыць свой банк і свае грошы.
З нецярпеннем чакаю, калі ўмоўны Павел Лібер даўмеецца выпусціць беларускія токены і беларускую крыптавалюту. Ці, можа быць, адродзіць крыптаталер, які ўжо існаваў у праекце «Вейшнорыі».
Таму ў мяне і няма сумневаў у тым, што, калі сітуацыя зменіцца, не будзе ніякіх 10-15 гадоў на рэформы. Пяцігодка — дастаткова для таго, каб рэспубліка скокнула з заняпаду, які ёсць цяпер, у будучыню, якую пакуль мы проста не асэнсоўваем.
![Генадзь Коршунаў: Не толькі рэжым вырашае, як нам жыць Генадзь Коршунаў: Не толькі рэжым вырашае, як нам жыць](/img/v1/images/_pekin___kitaj___vjaliki_kamen__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
У каго ёсць будучыня?
Беларуская ўлада разумее, што па вялікім рахунку яна жыве адным днём. Гэта ў іх, а не ў нас, няма вобразу будучыні. Апроч аднаго, канешне — краіны, якая абкружана ворагамі, знаходзіцца ў стагнацыі і ў якой нармальна жывуць толькі самі ўлады ды дзеці і ўнукі набліжаных да яе. Усім астатнім, як і было сказана, чытаць вышэй пра праблемы неграў.
Таму Лукашэнку і бесіць Латушка, Ціханоўская і «збеглыя». Бо яны дэманструюць, што сам Лукашэнка — непатрэбны. Што і без яго можна развівацца, і значна больш паспяхова, чым з ім.
А яго ўладзе прапанаваць беларусам няма чаго. Няма ні перспектыў (апроч ператварэння Беларусі ў Іран), ані вобразу такіх перспектыў.