Генадзь Коршунаў: Не толькі рэжым вырашае, як нам жыць
Вядомы беларускі сацыёлаг у сваім тэлеграм-канале разважае пра неабходнасць распрацоўкі праектаў рэформ: як глабальных, так і лакальных. Галоўнае, — каб перамены, якія надыдуць у Беларусі, не заспелі нас знянацку.
![_pekin___kitaj___vjaliki_kamen__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg _pekin___kitaj___vjaliki_kamen__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg](/img/v1/images/_pekin___kitaj___vjaliki_kamen__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1_logo.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
У дзень нараджэння Андрэя Тадэвуша Банавентуры Касцюшкі, 4 лютага ў Фэйсбуку я паразважаў пра тое, што пасля звяржэння рэжыму ў Беларусі, верагодна, з'явіцца шмат вуліц, названых у яго гонар. І задумаўся пра тое, ці робіць хто на будучыню спісы вуліц і плошчаў, якія трэба будзе перайменаваць.
У каментарах да допісу людзі казалі, што мясцовыя жыхары павінны самі вырашаць, як назвацца вуліцам іх гарадоў, або прапаноўвалі ў першую чаргу вяртаць гістарычныя назвы вуліц. У той жа час перыядычна ўзнікалі тэзісы пра тое, што, маўляў, «рана дзяліць шкуру незабітага мядзведзя» або «мары-мары, зноў мары». Іншымі словамі, частка чытачоў палічыла, што цяпер яшчэ не час падымаць такія пытанні, таму што рэжым яшчэ трымаецца.
У сувязі з гэтым я хацеў бы ў чарговы раз падняць пытанне аб неабходнасці распрацоўкі рэформаў у розных сферах Беларусі. І гэта сапраўды трэба рабіць ужо зараз, у якім бы стане ні былі зараз і рэжым, і дэмакратычныя сілы.
Аргументацыю такой неабходнасці пачаць можна было б са згадкі праектаў рэформаў, якія рыхтаваў, пісаў і шмат разоў перапісваў польскі эканаміст Лешэк Бальцэровіч. Самі яго рэформы можна ацэньваць па-рознаму, але нам тут цікава вось што.
Бальцэровіч пісаў свае праекты шмат гадоў, на працягу якіх Польшча была савецкай. Калегі яго дакаралі за візіянерства — як можна сур'ёзна казаць пра рэформы, калі «Салідарнасць» у глыбокім падполлі, а ўлада камуністаў здаецца непарушнай?
Аказваецца, і гаварыць пра рэформы, і рыхтаваць іх праекты было трэба. Таму што калі — раптоўна! — рэжым паваліўся, праект рэформаў ужо быў. І яго прынялі — ён стаў планам. І ўвасобілі — праект стаў рэальнасцю.
Акрамя таго, трэба разумець, што запыт на рэформы ў беларускім грамадстве аб'ектыўна наспеў ужо гадоў 10-15 таму. У пачатку 2010-х гадоў гэты запыт з разраду разваг «чаму б не палепшыць тое, што і так нядрэнна працуе» стаў пераходзіць у фармат «трэба нешта мяняць».
Пасля крызісу 2014-15 гадоў неабходнасць рэформаў зрабілася больш відавочнай і сфакусавалася на пераглядзе ролі дзяржавы ў грамадскім жыцці. Сістэмны крызіс 2020 года зняў усе сумневы ў неабходнасці рэформаў, ператварыўшы іх у безумоўны фактар выжывання і беларускага грамадства, і беларускай дзяржавы.
Што мы маем сёння — спад бізнес-актыўнасці, дэградацыя ў сістэме адукацыі, кадравы крызіс у медыцыне, дэпрэсія IT-сектара, пастаянныя аварыі ў ЖКГ... І ўсё гэта ў рамках зусім невясёлкавых перспектыў ад наступстваў заходніх санкцый і статусу суагрэсара ў расійска-ўкраінскай вайне.
Варта чакаць таго, што запыт на рэформы будзе павялічвацца, прычым не толькі сярод пратэснай часткі беларускага грамадства (якая татальна не задаволеная тым, як складваецца сітуацыя ў краіне, і настойвае на неабходнасці рэформаў. Неабходнасць рэформаў будзе станавіцца відавочнай для ўсіх, нават для «ябацек» і так званых нейтралаў — нягледзячы на тую траўму ад пагрозы сваёй анталагічнай бяспецы, якую пасля 2020 годзе атрымалі ўсе адэпты «стабільнасці любой цаной».
Таму ўсе праекты рэформаў, якія сёння робяцца, ад нацыянальных (глядзіце, напрыклад, праекты «Банк ідэй» або «Чарнавік беларускіх рэформаў») да лакальных (напрыклад, тыя ж праекты спісаў вуліц на перайменаванне) маюць сэнс. І імі трэба займацца.
Хоць шырока абмеркаваць іх у Беларусі пакуль немагчыма.
Галоўнае, што калі прыйдзе час, будзе што абмяркоўваць.
P.S. Усё ж такі не ўтрымаюся і дадам яшчэ адзін аргумент на карысць неабходнасці распрацоўкі рэформаў — яны ствараюць варыянты будучыні; паказваюць, што будучыня — магчымая. Стварэнне праектаў рэформаў і іх абмеркаванне дэманструе, што не толькі рэжым вырашае, як нам жыць. Вырашаць, у якой Беларусі мы будзем жыць, мы можам і самі.