ISW: Крэмль паспрабуе прымусіць Беларусь да далейшай інтэграцыі ў Саюзную дзяржаву
У сённяшняй ранішняй зводцы амерыканскі Інстытут вывучэння вайны багата ўвагі надаў Беларусі. Гэта выклікана як учорашнімі заявамі расійскага міністра абароны Сяргея Шайгу, так і сустрэчай Лукашэнкі і Пуціна, якая адбудзецца сёння. Што мяркуюць амерыканскія эксперты?
Крэмль, верагодна, паспрабуе прымусіць Беларусь да далейшай інтэграцыі ў Саюзную дзяржаву, калі Пуцін і Лукашэнка сустрэнуцца ў Маскве 5 і 6 красавіка.
4 красавіка Крэмль паведаміў, што Пуцін і Лукашэнка сустрэнуцца для закрытых двухбаковых дыскусій 5 красавіка і возьмуць удзел у пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ў Маскве 6 красавіка. Крэмль заявіў, што на пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы будзе разгледжана пытанне аб рэалізацыі дамоў Саюзнай дзяржавы ў рамках 28 розных праграм Саюзнай дзяржавы на перыяд з 2021 па 2023 год — верагодна, гэта пакет з 28 інтэграцыйных дарожных карт, які Лукашэнка ратыфікаваў у лістападзе 2021 года.
Крэмль заявіў, што расійскія і беларускія афіцыйныя асобы таксама плануюць узгадніць іншыя «неадзначаныя» практычныя пытанні далейшай інтэграцыі, магчыма, у галіне абмену данымі выведак, паколькі дырэктар Службы замежнай выведкі Расіі Сяргей Нарышкін 4 красавіка сустрэўся з Лукашэнкам у Мінску і абмеркаваў расійска-беларускі абмен данымі.
Таксама эксперты не пакінулі без увагі словы міністра абароны Расіі Сяргея Шайгу, які апраўдаў рашэнне Расіі размясціць тактычную ядзерную зброю ў Беларусі, абвінаваціўшы НАТА ў актывізацыі баявой падрыхтоўкі і разведвальнай дзейнасці паблізу расійскіх і беларускіх меж і Захад у эскалацыі вайны ва Украіне праз дадатковую ваенную дапамогу апошняй.
«Шайгу ўзмацніў існуючую расійскую ваенную падтрымку, ядзерныя пагрозы, заявіўшы, што Беларусь валодае штурмавікамі, здольнымі несці ядзерную зброю, і сістэмамі «Іскандэр-М», здольнымі нанесці ядзерны ўдар. Шайгу таксама заявіў, што беларускія ракетныя войскі пачалі падрыхтоўку ў Расіі да эксплуатацыі сістэмы «Іскандэр-М», уключаючы прымяненне тактычнай ядзернай зброі.
Заявы Шайгу не ўтрымліваюць ніякай новай інфармацыі пра беларускія трэніроўкі і, верагодна, з'яўляюцца часткай інфармацыйнай аперацыі. Раней ISW паведамляў, што беларускія вайскоўцы трэніраваліся з комплексамі «Іскандэр» у Расіі, паводле стану на люты 2023 года. Актывізацыя рыторыкі ядзернага шантажу Шайгу супадае з уступленнем Фінляндыі ў НАТА і новым пакетам дапамогі ЗША Украіне. ISW працягвае ацэньваць, што рызыка ядзернай эскалацыі застаецца надзвычай нізкай і што разгортванне Расіяй тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі малаверагодна паўплывае на рэаліі поля бою ва Украіне», — гаворыцца ў справаздачы ISW.
Варта зазначыць, што сёння ў Пуціна вельмі напружаны графік. Па-першае, ён збірае пасяджэнне Рады бяспекі, на якім хоча абмеркаваць сітуацыю на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны.
Таксама паведамляецца, што 5 красавіка ў Крэмль прыбудуць замежныя паслы — ЗША, ЕС, Даніі, Нарвегіі, Мексікі, Сірыі, з якімі ў Пуціна запланавана асобнае мерапрыемства.
На сустрэчу з Лукашэнкам у Пуціна застаецца не вельмі багата часу.