Дзмітрый Навоша: У Расіі было некалькі роляў у падаўленні беларускіх пратэстаў у 2020 годзе

Медыяменеджар, завочна прысуджаны беларускім судом да 12 гадоў пазбаўлення волі, разважае пра ролю Расіі ў падаўленні беларускіх пратэстаў, пра «антрапалагічны эксперымент» беларускай улады і пра тое, чаму не варта губляць надзею на перамены.

qlai2gtvt7trerbxohkwphqnhhb0xebbimvwjjg8jzs.webp


— Думаю, у Расіі было некалькі роляў у падаўленні беларускіх пратэстаў у 2020 годзе. Самая важная — гэта атрады Расгвардыі, якія адправілі да беларускіх меж, — кажа Дзмітрый Навоша ў інтэрв'ю «Гэта Асецінская». — У мяне няма інсайду, але я ўпэўнены, што з дапамогай гэтага Лукашэнка гаварыў са сваімі сілавікамі.

Відавочна, пры ўсёй сваёй ідэалагічнай накрутцы, дзе нібыта ўсё, што адбываецца, інспіравана Захадам, у кагосьці з сілавікоў усё роўна ёсць сваякі, у кагосьці з іх — мазгі, і яны могуць бачыць, што нешта мяняецца, і ўмоўная Польшча ў гэтым не вінавата.

Але Лукашэнка ім казаў: маўляў, калі гэтага не зробіце вы, гэта зробяць яны (расійцы) і знішчаць потым вас.

Лукашэнка вядомы тым, што пры ўсёй жорсткасці ў дачыненні да сваіх апанентаў ён яшчэ больш жорсткі да тых, каго лічыў «сваім», калі той чалавек у нейкі момант перастаў выконваць яго загады. Гэта паказальная рэч, частка налады лаяльнасці сістэмы. Не даць сістэме паплысці — тая роля, якую адыграла Расія.

Акрамя гэтага, адзначыў медыяменеджар, Расія многія гады дапамагала Беларусі з рэсурсамі.

— З нулявых гадоў дзесяць Беларусь паказвала нейкі прагрэс у эканоміцы. Ён быў даволі прыкметны ў вялікіх гарадах. Шмат у чым гэта вынік расійскіх разнастайных субсідый і крэдытаў — гэта не была эфектыўная эканоміка, таму што яна не была цалкам вольнай.

Прыватны бізнес, вядома, таксама з'яўляўся ў Беларусі, але ён мяняў грамадства ў іншы бок, чым Лукашэнка. Гэта значыць усё ж такі частка гэтага эканамічнага «цуду» адбылася на грошы Расіі.

Таму, як адзначае Навоша, беларускія сілавікі сёння маюць добрае абсталяванне.

— Украінцам ужо надакучыла баяцца нападу беларускай арміі — усе ўжо больш-менш разумеюць, што яна не вельмі магутная, багатая і не вельмі добра ўзброеная. А вось беларускія спецслужбы якраз вельмі добра абсталяваны. І любы чалавек, які хацеў рабіць кар'еру ў пагонах, паміж арміяй і спецслужбамі абіраў апошняе, таму што гэта любімая вотчына Лукашэнкі.

Ён не збіраўся ваяваць ні з кім звонку, ён ваяваў са сваімі апанентамі ўнутры Беларусі.

Гэта даволі добра абсталяваныя людзі як для фізічнага падаўлення на вуліцах, так і ў вышуковай дзейнасці, якая дазваляла нешта супрацьпаставіць лічбаваму складніку супраціву.

Навоша мяркуе, што сёння ў Беларусі немагчымы змены без перамен у Расіі.

— 24 лютага 2022 года ўсе, здаецца, у Беларусі зразумелі, чаму Пуцін усе яйкі склаў у адзін кошык, нягледзячы на поўнае непрыняцце большасцю беларусаў Лукашэнкі. У 2020 годзе гучалі галасы: маўляў, няўжо Крэмль не разумее, што падтрымка Расіяй Лукашэнкі будзе настройваць беларусаў супраць расійцаў.

Крамлю ўсё роўна, што думаюць беларусы, Крэмль прывык душыць. Яму быў патрэбны плацдарм для наступу на Украіну. Відавочна, што ў 2020 годзе нейкія планы на гэта ўжо былі.

Навоша ўспамінае, што ў 2020-м у беларусаў з'явілася надзея, якая спрацавала як супермагутная зброя.

— І менавіта на разбурэнне надзеі накіраваны тэрор. Яны хочуць паказаць, што наогул нічога не зменіцца.

Цяпер, думаю, надзея ў многіх губляецца ці ўжо згубілася. Людзі думаюць, што перамены — гэта ілюзія, што гэта за межамі магчымага. Думаю, шмат беларусаў цяпер на такой стадыі. Палякі таксама былі на такой стадыі ў 1983-1985 гадах, але гэтая стадыя не апошняя, а кіно яшчэ не скончана.

Гэта добра відаць па паводзінах Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў — яны не лічаць магчымым спыніцца. Яны прыходзяць у арганізацыю за арганізацыяй і лічаць, што ўсіх трэба пакараць і перавыхаваць. Гэта ўжо антрапалагічная праца.

Якраз такі «антрапалагічны эксперымент» праводзяць і над Раманам Пратасевічам, лічыць эксперт.

— Напэўна, Пратасевіч быў першай крыніцай, якая публічна распавяла пра маю пратэсную дзейнасць. Мы з ім былі знаёмыя асабіста і ўзаемадзейнічалі. Я не ўпэўнены, што магу цяпер шмат сказаць (пра сітуацыю, якая адбылася з Пратасевічам). Я не бачу чалавека, а толькі фізічную абалонку. Бачу відавочна зламанага чалавека.

Пратасевіч з'яўляецца эталонам чалавека, якога хочуць атрымаць «лукашысты». Яго паказваюць, як пудзіла, і ён кажа: так, я гэта рабіў, прызнаю віну, раскайваюся.

Гэта вынік антрапалагічнага эксперыменту, які яны спрабуюць правесці над краінай. Гэта даволі страшна.

Не ўпэўнены, што гатовы вінаваціць у гэтым таго Рамана Пратасевіча, з якім калісьці пазнаёміўся. Не ведаю, як бы я павёў сябе ў такой сітуацыі. Добрая навіна ў тым, што з паўтары тысячы іншых беларускіх палітвязняў такіх прыкладаў больш няма.

Ні Марыю Калеснікаву, ні Сяргея Ціханоўскага, ні звычайных актывістаў такім чынам зламаць не ўдалося. Напэўна, гэта дае шанцы, што мы не атрымаем краіну зламаных людзей, і яны змогуць неяк праз гэта прайсці.