Расгвардыя мае намер супрацоўнічаць наўпрост з МУС Беларусі
Прэм'ер-міністр Расіі Мішусцін падпісаў распараджэнне аб правядзенні адпаведных перамоваў, паведамляе «Камсамольская праўда».
Стала вядома, што Расгвардыя правядзе перамовы з МУС Беларусі аб супрацоўніцтве. Адпаведнае распараджэнне аб перамовах аб пагадненні аб супрацоўніцтве падпісаў 6 кастрычніка Міхаіл Мішусцін, затым дакумент быў апублікаваны на партале прававой інфармацыі РФ.
Расійскі прэм'ер распарадзіўся прыняць прапанову кіраўніцтва Расгвардыі (раней узгодненае з расійскімі МЗС, ФСБ і МУС. — Рэд.) пра тое, каб прыступіць да правядзення перамоваў. У выніку Расгвардыя нацэленая заключыць пагадненне пра супрацоўніцтва паміж Федэральнай службай войскаў Нацгвардыі Расіі і беларускім МУС.
Расгвардыя — гэта орган кіравання расійскімі войскамі нацгвардыі, якія былі створаны некалькі гадоў таму на базе ўнутраных войскаў МУС. Акрамя таго, у складзе Расгвардыі — цэнтры спецпрызначэння сіл аператыўнага рэагавання і авіяцыя, САХР, атрады асаблівага прызначэння, пазаведамасная ахова МУС, органы кантролю за абаротам зброі ў сферы прыватных прадпрыемстваў аховы.
Яшчэ ў канцы жніўня Пуцін распавёў пра дамоўленасць з беларускім бокам сфармаваць рэзерв з ліку расійскіх праваахоўнікаў, нагадвае belsat.eu. ПаводлеПуціна, рэзерв не планавалі выкарыстаць, пакуль «экстрэмісцкія элементы, прыкрываючыся палітычнымі лозунгамі, не пяройдуць пэўных межаў». Мяркуецца, што на перамовах, якія маюць адбыцца, расійскія і беларускія калегі ў дэталях абмяркуюць усе бакі ўзаемадзеяння. Самыя галоўныя пытанні: у якім выпадку трэба прыходзіць на дапамогу, якімі сіламі і ў якія тэрміны, якія будуць паўнамоцтвы расгвардзейцаў.