У Беларусі пачалі тэставаць біяметрычныя пашпарты і ID-карты. Хто і калі іх зможа атрымаць

У Беларусі ўжо выдалі першыя ўзоры біяметрычных дакументаў — ID-карту і біяметрычны пашпарт. Пра гэта распавёў TUT.BY начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун. Паводле яго слоў, любы жадаючы зможа аформіць біяметрычныя дакументы, як плануецца, з 2021 года.

aydi_karta_photo_2018_10_04_16_39_56_1.jpg


Паводле Бягуна, доследная эксплуатацыя цяпер праходзіць ва ўсіх падраздзяленнях, цэнтр персаналізацыі ўжо пабудаваны, выдадзены ўжо першыя ўзоры біяметрычных дакументаў, ідзе адладка адпаведнага абсталявання. У эксперыменце ўдзельнічаюць людзі, якія прыходзяць у падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі. У іх пытаюцца згоду, фатаграфуюць і накіроўваюць адпаведныя даныя. Цяпер працуе тры кропкі доследнай эксплуатацыі — дзве ў Мінску і адна ў Мінскай вобласці.
Плануецца, што ўжо са студзеня 2021 года любы грамадзянін зможа звярнуцца і атрымаць біяметрычныя дакументы — ID-карту і біяметрычны пашпарт.
Як патлумачыў Бягун, для гэтага трэба звяртацца на першым этапе ў тэрытарыяльнае падраздзяленне па грамадзянстве і міграцыі па месцы рэгістрацыі. Другі зварот па атрыманне іншай ID-карты або біяметрычнага пашпарта можа адбывацца ў любым падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі.
Раней у МУС распавядалі, што будзе прадугледжана магчымасць атрымаць два біяметрычныя пашпарты. Калі адзін застанецца ў пасольстве для афармлення візы, па другім можна будзе выехаць за мяжу.
Пры гэтым папяровыя пашпарты не будуць абмежаваныя па тэрміну дзеяння пасля ўводу біяметрычных дакументаў. Прасцей кажучы, чалавек сам будзе вырашаць, атрымліваць новыя дакументы або пакідаць старыя.
Стаўкі дзяржпошліны за выпуск біяметрычных дакументаў яшчэ не зацвердзілі. Плануецца, што выдаваць іх будуць хутчэй, чым папяровыя дакументы, але пакуль невядома, на колькі канкрэтна.
З пераваг біяметрычных дакументаў у параўнанні з папяровымі Аляксей Бягун адзначыў, што ў першым выпадку будзе электронны лічбавы подпіс на пашпарце, надзейная ступень абароны ад падробкі.
Раней у МУС тлумачылі, як будуць працаваць біяметрычныя пашпарты і ID-карты. Унутраным дакументам будзе ID-карта, дакументам для выезду за мяжу — біяметрычны пашпарт. У ведамстве адзначалі, што з біяметрычнымі дакументамі лягчэй будзе атрымаць цэлы комплекс дзяржаўных паслуг.
— У першую чаргу, гаворка ідзе пра дыстанцыйнае пацверджанне асобы ўладальніка біяметрычнай ID-карты, — патлумачыў раней Аляксей Бягун. — Чалавек з дапамогай электроннага лічбавага подпісу зможа засведчыць асобу ў розных дзяржаўных органах і атрымаць паслугу дыстанцыйна, не выдаткаваўшы час на непасрэдны зварот.
Так, уладальнік ID-карты зможа атрымаць у інтэрнэце розныя даведкі і дакументы, якія будуць мець дакладна такое ж юрыдычнае значэнне, як і дакументы, атрыманыя ў дзяржорганах пры асабістым візіце.
.