Казакевіч: «Адкаціць» рух у бок Расіі ўжо не так проста, але магчыма
Фінляндыя 4 красавіка афіцыйна стала 31-м чальцом NATO. Заяўку Швецыі на ўступленне пакуль што блакуе Турцыя, аднак многія аналітыкі мяркуюць, што гэта ўсё ж пытанне часу. Такім чынам, Крэмль, які распачаў агрэсію ва Украіне пад маркай недапушчэння пашырэння NATO, фактычна дамогся адваротнага выніку.
Што зменіць прырастанне Паўночнаатлантычнага Альянсу для Расіі і міжнароднай супольнасці? Ці стане Еўропа больш бяспечнай, ці, наадварот, варта чакаць узмацнення напружанасці, у прыватнасці, на межах з Расіяй і Беларуссю?
Гэтыя пытанні Філін абмеркаваў з доктарам палітычных навук, дырэктарам інстытута «Палітычная сфера» Андрэем Казакевічам.
— Асноўнае наступства гэтага кроку — тое, што NATO будзе гарантаваць бяспеку Фінляндыі, — зазначае палітолаг. — І з аднаго боку, гэта ўскладняе магчымую абарону Альянсу да Расіі, бо павялічвае мяжу, лінію судатыкнення з магчымым праціўнікам.
Але, з іншага боку, супрацоўніцтва з Фінляндыяй і да гэтага было досыць шчыльным. Фінляндыя з’яўляецца эканамічна моцнай краінай, таму можа выдаткаваць дастаткова шмат фінансаў на ўласную абарону. То-бок, па сукупнасці фактараў можна казаць пра ўмацаванне Альянсу, прынамсі, яго ўсходняга флангу.
На думку палітолага, пашырэнне NATO не прывядзе да росту непасрэднай канфрантацыі ў азначаным рэгіёне: «NATO гэтага відавочна не жадае, а Расія не мае сіл на гэта адказваць».
— Таксама я не думаю, што ўваходжанне Фінляндыі ў склад NATO прывядзе да росту выдаткаў апошняга наогул і канкрэтна ў гэтым рэгіёне, — працягвае Андрэй Казакевіч. — Бо і так планавалася гэтыя выдаткі падвысіць, і самі Фінляндыя са Швецыяй ад пачатку агрэсіі Расіі, разумення, што ўзрастае рызыка агрэсіўных дзеянняў РФ і ў дачыненні да іх, абвясцілі аб росце сваіх ваенных бюджэтаў.
З пункту гледжання Расіі, працягвае эксперт, сітуацыя выглядае крыху па-іншаму. наўрад ці Крэмль разглядае ўваходжанне Фінляндыі ў NATO як непасрэдную вайсковую рызыку для сябе — прынамсі, сама рэакцыя расійскіх уладаў на гэты крок дастаткова стрыманая ў параўнанні з тым, чаго можна было чакаць.
— Але ім усё адно трэба будзе рэагаваць, адказваць праз разгортванне ў гэтым рэгіёне, на поўначы Расійскай Федэрацыі, дадатковых вайсковых сіл, стварэння дадатковых злучэнняў і, магчыма, інфраструктуры. Размовы на гэты конт ужо вядуцца, і некаторыя рэчы пачалі рэалізоўвацца ўжо з лета 2022 года.
Адпаведна, сітуацыя ўскладняе не толькі пытанне ваенных рызыкаў для РФ, але можа значыць і павелічэнне ваенных выдаткаў. А гэта, улічваючы цяперашнія абставіны, можа ўяўляць для Расіі пэўную інстытуцыйную праблему і стаць дадатковым цяжарам для яе бюджэту.
Як пашырэнне NATO адаб’ецца на Беларусі? Ці ёсць у рэжыму, які так часта расказвае сваім грамадзянам пра варожае «лязганне гусеніцамі» на сваіх заходніх межах, іншае выйсце, акрамя як яшчэ бліжэй злучыцца з Расіяй у супрацьстаянні «калектыўнаму Захаду»?
Андрэй Казакевіч нагадвае, што свой нейтральны статус Беларусь страціла не летась, калі з адрэдагаванай Канстытуцыі знік адпаведны радок, а значна раней:
— Беларусь не была нейтральнай з другой паловы 1990-х, калі былі заключаныя новыя ваенныя пагадненні з Расіяй. У прынцыпе, напэўна, нейтральны статус можна было ставіць пад пытанне яшчэ з пачатку 90-х, пасля таго, як Беларусь далучылася да АДКБ і пачала заключаць розныя дамовы, што патрабуюць у тым ліку сумеснай абароны тэрыторыі іншых краін у выпадку агрэсіі супраць іх.
Таму я б сказаў, што ўжо з 1990-х Беларусь варта лічыць саюзніцай Расіі, і ні ў якай ступені не нейтральнай дзяржавай.
Рыторыка ж «нейтральнасці», якой доўгі час карысталіся беларускія ўлады — гэта больш пра наратывы, пра вобраз, які яны спрабавалі прадаваць у пэўных сітуацыях і для свайго насельніцтва і для знешняй аўдыторыі. Але рэальнасці гэта не адпавядала.
Зараз сітуацыя яшчэ больш пагоршылася, зазначае эксперт, — аднак гэта не значыць, што ў беларускіх уладаў няма іншага выйсця, як толькі канчаткова «прывязвацца» да Расіі.
— Варыянты ёсць. І нават калі мы кажам пра нейкія саюзніцкія сувязі з Расіяй, тут застаецца прастора для манеўра — неабавязкова падтрымліваць агрэсіўныя захады Масквы, не абавязкова ісці на эскалацыю стасункаў з суседнімі краінамі, якія з’яўляюцца членамі NATO, як гэта адбывалася ў апошнія два гады па ініцыятыве ў тым ліку беларускіх уладаў.
— Хіба згода на размяшчэнне ў сябе расійскай тактычнай ядзернай зброі не ёсць крокам да гэтай эскалацыі?
— Так, але акрамя гэтага былі і іншыя крокі.
Прыгадаем пастаянную ваяўнічую рыторыку ўладаў і пагрозы ў дачыненні да суседзяў, якія мы чуем з 2021 года. Міграцыйны крызіс — не ваенны непасрэдна, але ж усе разумеюць, што гэта выклік бяспецы суседніх краін. І ніхто не можа выключаць, улічваючы напружанне паміж памежнымі службамі, што не здарацца пэўныя эксцэсы і не дойдзе да ўжывання зброі.
Гэта ўсё элементы эскалацыі з беларускага боку. І яшчэ адзін важны фактар, які трэба ўзгадаць — Беларусь прадставіла сваю тэрыторыю для расійскіх войскаў для нападу на Украіну. І натуральна, што краіны NATO пачалі гэту сітуацыю пераварочваць на сябе — што тое самае можа здарыцца супраць любой іншай краіны-суседкі Беларусі.
Пакуль усё рухаецца ў гэтым кірунку, але ён не з’яўляецца чымсьці перадвызначаным. «Адкаціць» гэта назад сёння ўжо не так проста, але магчыма.
Хоць, канечне, усіх дэталяў, існуючых паміж беларускімі і расійскімі ўладамі дамоўленасцяў мы не ведаем — што там прапісана наконт вайсковага супрацоўніцтва, супрацьстаяння з Захадам, а таксама ступеняў інтэграцыі дзвюх дзяржаў.