У Стакгольме палітык спаліў Каран каля турэцкай амбасады. Перамовы аб Швецыі ў NATO на паўзе
Ля турэцкай амбасады ў Стакгольме прайшла акцыя пратэсту: яе ўдзельнікі выступілі ў падтрымку забароненай у Турцыі Рабочай партыі Курдыстана і супраць уступлення Швецыі ў NATO. Арганізатар пратэсту — Расмус Палудан, які ўзначальвае дацкую антыісламскую партыю Stram Kurs («Жорсткі курс»).
Палудан зрабіў прамову, якая асуджае іслам, а затым спаліў Каран у мяккай вокладцы.
«Мы самым рашучым чынам асуджаем гнюсны напад на нашу святую кнігу. Цалкам непрымальна дапускаць гэты антыісламскі акт, скіраваны супраць мусульман, які абражае нашы святыя каштоўнасці, пад прыкрыццём свабоды слова», — заявілі ў МЗС Турцыі. Афіцыйны прадстаўнік турэцкага прэзідэнта Ібрагім Калын таксама адзначыў, што адзін толькі дазвол на правядзенне падобных пратэстаў «заахвочвае злачынствы на глебе нянавісці і ісламафобіі».
У шведскай паліцыі ў сваю чаргу патлумачылі, што ўзгаднілі імпрэзу ў адпаведнасці з законамі аб свабодзе самавыяўлення. Па дадзеных агенцтва Reuters, у дазволе, які Палудан атрымаў ад паліцыі на правядзенне акцыі, яе мэтай называлася барацьба з ісламам і «спробамі турэцкага лідара Рэджэпа Эрдагана абмежаваць свабоду слова ў Швецыі».
У той жа час шведскія ўлады асудзілі спаленне Карана. «Свабода слова — фундаментальная частка дэмакратыі. Але тое, што законна, не абавязкова дарэчы. Спальванне святых для многіх кніг — глыбока непаважлівы акт. Я хачу выказаць спачуванне ўсім мусульманам, якія пакрыўджаныя ўчынкам у Стакгольме», — напісаў у твітары прэм'ер-міністр Ульф Крыстэрсан. З аналагічнай заявай выступіў і кіраўнік шведскага МЗС Тобіяс Більстрэм: «У Швецыі шырокая свабода самавыяўлення, але гэта не значыць, што шведскі ўрад ці я сам падтрымліваем выяўленыя погляды».
Дзеянні Палудана выклікалі незадаволенасць не толькі Турцыі, але і іншых ісламскіх краін — напрыклад, Саудаўскай Аравіі, Іарданіі і Кувейта. Прадстаўнік МЗС Ірана Насер Канані таксама назваў гэта праявай ісламафобіі.
Адрэагаваў на тое, што здарылася, і кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў. «Насамрэч толькі апантаныя д'яблам, самыя адмарожаныя нягоднікі здольныя замахвацца на святыя каштоўнасці, называючы гэта знакам пратэсту. Паведамляецца, што акцыя была ўзгодненая з уладамі Стакгольму, але я цвёрда перакананы, што гэты агідны ўчынак быў не проста ўхвалены, але, больш за тое, ініцыяваны і праплачаны палітычнымі сіламі. Інакш узгадненне такая правакацыя ніколі б не атрымала»,— напісаў ён у сваім тэлеграм-канале. І дадаў: «Гарэць вам у пекле, нячысцікі».
На 27 студзеня быў запланаваны візіт міністра абароны Швецыі Пола Ёнсана ў Турцыю па запрашэнні яго калегі Хулусі Акара. Гэтым візітам Швецыя спадзявалася пераканаць Турцыю ўхваліць яе заяўку на ўступленне ў НАТА, пададзеную ў траўні 2022 года. Аднак сустрэчу было вырашана адмяніць, бо турэцкія ўлады палічылі, што Стакгольм робіць недастаткова намаганняў для недапушчэння пратэстаў супраць Турцыі.
Таксама Анкара заявіла аб парушэнні Швецыяй дамоўленасцей, прынятых падчас абмеркавання магчымасці ўступлення краіны ў НАТА. Гаворка ідзе аб абавязацельстве Стакгольма прызнаць Працоўную партыю Курдыстана (яна адстойвае правы курдаў у Турцыі) «тэрарыстычнай арганізацыяй».