Чаму Фінляндыя і Швецыя вырашылі ўступіць у NATO і што ад гэтага зменіцца?

Імкненні Уладзіміра Пуціна «адсунуць» NATO ад расійскіх межаў прыносяць адваротныя вынікі — у Альянс уступаюць Фінляндыя і Швецыя. Як абедзве краіны вырашылі парваць з шматгадовым нейтралітэтам, што можа перашкодзіць іх далучэнню да Альянсу і як гэта паўплывае на сітуацыю ў рэгіёне?

072c0000_0aff_0242_64e6_08da374d6186_w1023_r1_s.jpg


Фінляндыя і Швецыя сёння, 18 траўня, афіцыйна перадалі ў NATO свае заяўкі на ўступленне. Кіраўніцтва Альянсу ўспрыняла ініцыятыву Хельсінкі і Стакгольма максімальна пазітыўна, абяцаючы абодвум краінам вельмі хуткую працэдуру далучэння. Зрэшты, усё можа пайсці не так гладка. Супраць пашырэння альянсу адкрыта выступіла Турцыя, а паводле статуту NATO яго пашырэнне павінна быць ухваленае аднагалосна, піша РБК-Украіна.

Уваходжанне ў Альянс двух скандынаўскіх краін выглядае відавочнай паразай для Расіі, перш за ўсё з ідэалагічнай і іміджавай кропак гледжання. Што тычыцца Украіны, то наўпрост на яе еўраінтэграцыйныя перспектывы гэтая гісторыя наўрад ці моцна паўплывае. Хоць дадатковыя аргументы на карысць спрошчанай працэдуры ўступлення ў Альянс Украіна ўсё ж атрымае.


Украінскі фактар

Швецыя і Фінляндыя ўступілі ў Еўрасаюз у 1995 годзе, але да NATO не далучыліся. Абедзве краіны маюць працяглыя традыцыі ваеннага нейтралітэту.

У выпадку Швецыі яны цягнуцца яшчэ з пачатку ХІХ стагоддзя, з заканчэння Напалеонаўскіх войнаў. Краіна больш двух стагоддзяў не ўдзельнічала ні ў якіх войнах, у тым ліку ў Першай і Другой сусветнай.

Фінляндыя ж пацярпела паразу ў зімовай вайне з СССР 1939-1940 гадоў, страціўшы частку тэрыторыі, але здолеўшы адстаяць суверэнітэт. Неўзабаве пасля заканчэння Другой сусветнай Хельсінкі і Масква заключылі дагавор, які прадугледжвае адмову Фінляндыі ад уступлення ў антысавецкія блокі. Пасляваенная палітыка краіны атрымала назву «фінляндызацыі», сутнасць якой зводзілася да таго, каб лішні раз не «правакаваць» СССР, у тым ліку і ва ўнутранай палітыцы.

Пасля распаду СССР гэтая палітыка дэ-факта страціла сэнс. Фінляндыя, як і Швецыя, актыўна супрацоўнічала з NATO, але пра фармальнае сяброўства гаворка не ішла, супраць гэтага выступала і большасць насельніцтва абедзвюх краін.

Лютаўскае ўварвання Расіі ва Украіну досыць хутка ўсё змяніла, хоць яшчэ ў пачатку сакавіка прэм'ер Швецыі Магдалена Андэрсан выступала супраць уступлення ў NATO, паказваючы, што гэта можа «яшчэ мацней дэстабілізаваць Еўропу».

Але пад уплывам навін з Украіны грамадскае меркаванне ў Швецыі і, асабліва, у Фінляндыі пачало імкліва мяняцца, падштурхоўваючы кіраўніцтва абедзвюх краін да ўваходжання ў Альянс. Так, яшчэ ў студзені за сяброўства ў NATO выступалі менш за 30% фінаў, а ў траўні — ужо 76%. У Швецыі лічбы менш уражлівыя, хоць і там за NATO ўжо выступае большасць насельніцтва, гатовае скончыць эпоху двухсотгадовага нейтралітэту.

Найбольш выразна прычыну таго, што здарылася выказаў прэзідэнт Фінляндыі Саўлі Ніінісце. «Калі пытаюцца, як Расія паставіцца да ўступлення Фінляндыі ў NATO... калі гэта здарыцца, то я б сказаў, што вы самі да гэтага прывялі. Паглядзіце ў люстэрка», — сказаў ён.

savrodlcale_1200.jpg


Ад падачы заяўкі на членства да афіцыйнага далучэння да Альянсу Фінляндыю і Швецыю аддзяляюць некалькі фармальных этапаў. Самы працяглы з іх — ратыфікацыя пратаколаў аб іх далучэнні ўсімі трыццаццю цяперашнімі членамі NATO. Падчас апошніх пашырэнняў NATO гэты этап займаў да года.

Цяпер, з улікам сітуацыі на еўрапейскім кантыненце, якая беспрэцэдэнтна абвастрылася, працэс, вядома, можа прайсці хутчэй. Да прыкладу, улады Канады ўжо заявілі, што з ратыфікацыяй справяцца за лічаныя дні.

Галоўная палітычная перашкода, якая патэнцыйна можа перашкодзіць новаму пашырэнню NATO — пазіцыя турэцкіх уладаў. Асабіста прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заявіў, што ў яго «няма пазітыўнага меркавання» наконт уступлення Швецыі і Фінляндыі ў Альянс. Пазней турэцкі прэзідэнт заявіў, што не бачыць сэнсу нават у прыездзе ў Анкару дэлегацый са Стакгольма і Хельсінкі, паколькі яны не змогуць яго пераканаць.

Зрэшты, ад іншых прадстаўнікоў турэцкай улады гучалі і больш канструктыўныя заявы, у тым ліку ад прэс-сакратара турэцкага лідара Ібрагіма Каліна. Ён заявіў, што дзверы перад Швецыяй і Фінляндыяй «не зачыненыя», тым самым ясна даўшы зразумець: Турцыя гатовая гандлявацца.

Эксперт Украінскага інстытута будучага Ільля Куса вылучыў некалькі патрабаванняў Турцыі ў гэтай гісторыі, як публічна прагучалі, так і чытэльных паміж радкоў.

Першае: выдача Швецыяй і Фінляндыяй шэрагу турэцкіх грамадзян, якіх лічаць датычнымі да курдскіх арганізацый, прызнаных Анкарой тэрарыстычнымі. Тое ж самае тычыцца і ўдзельнікаў грамадскага руху гюленістаў — іх турэцкая ўлада лічыць датычнымі да няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў 2016 годзе.

Таксама турэцкая ўлада патрабуе афіцыйнага прызнання тэрарыстамі сірыйскіх курдаў, іх сувязяў з Рабочай партыяй Курдыстана (гэтая арганізацыя лічыцца тэрарыстычнай не толькі ў Турцыі, але і ў ЗША і Еўрасаюзе).

Яшчэ адзін важны для Анкары момант — зняццё з Турцыі санкцый супраць яе вайскова-прамысловага комплексу, праз якія яна страціла доступ да некаторых натаўскіх тэхналогій.

Рэджэп Эрдаган 

Рэджэп Эрдаган 

Як мяркуе Куса, задаволіць некаторыя з гэтых патрабаванняў можа быць няпроста. Бо Швецыя і Фінляндыя надаюць вельмі высокую ўвагу пытанням правоў чалавека, а таксама больш сімпатызуюць турэцкай апазіцыі, тады як у Эрдагана склаўся негатыўны вобраз прэзідэнта-аўтакрата.

«Мяркую, кампраміс усё ж знойдуць, інакш гэта сур'ёзна падарве салідарнасць унутры NATO. Чаму краіны NATO так негатыўна паставіліся да гэтага манеўру Эрдагана? Справа не ў тым, што ён нешта патрабуе, гэта ўжо не ў першы раз адбываецца. Праблема ў тым, што на фоне вайны ва Украіне праз гэта пакутуе рэпутацыя і імідж NATO», — кажа Ілля Куса.

Па словах эксперта, з-за пазіцыі Турцыі прыём Фінляндыі і Швецыі ў NATO можа зацягнуцца на год, і ўсё залежыць ад таго, наколькі моцным з'яўляецца жаданне Эрдагана пайсці на прынцып у гэтай гісторыі.


Правал «шматхадоўкі»

Калі Швецыя і Фінляндыя ўступяць у NATO, пазіцыі Альянсу ў Паўночнай Еўропе прыкметна ўзмоцняцца. Наадварот, магчымасці Балтыйскага флоту Расіі будуць звужаныя, бо Балтыйскае мора будзе амаль з усіх бакоў абкружана краінамі-чальцамі Альянсу.

А мяжа паміж Расіяй і NATO ў такім выпадку даўжэе прыкладна ўдвая. Тады як яшчэ да лютаўскага ўварвання ва Украіну ў Крамлі патрабавалі «адсунуць» NATO ад сваіх межаў, па факце ж дамогшыся роўна супрацьлеглага выніку.

Рашэнне Хельсінкі і Стакгольма чакана выклікала бурлівую рэакцыю ў Маскве, аж да шаблонных пагроз ядзернай зброяй. Хадзілі чуткі пра магчымае прыпыненне паставак у Фінляндыю прыроднага газу. Пакуль што РФ спыніла пастаўкі суседзям электраэнергіі.

Зрэшты, нейкіх рэальных спосабаў сарваць еўраатлантычную інтэграцыю Швецыі і Фінляндыі ў Расіі няма. Таму з пачатку гэтага тыдня рыторыка Масквы змянілася. Уладзімір Пуцін заявіў, што ўступленне Фінляндыі і Швецыі ў NATO «не нясе непасрэднай пагрозы» для Расіі, а кіраўнік МЗС Сяргей Лаўроў сказаў, што гэта нічога не памяняе.

Да вайсковага ўварвання ў Фінляндыю і Швецыю Расія сапраўды не гатовая, хоць бы таму, што ўсе баяздольныя часткі цяпер кінутыя на агрэсію супраць Украіны. Тым не менш, і ў Хельсінкі і Стакгольме занепакоеныя сваёй бяспекай падчас пераходнага перыяду — ад падачы заяўкі да афіцыйнага ўступлення ў NATO, калі ў сілу ўступіць артыкул аб калектыўнай бяспецы краін-чальцоў Альянсу. І абедзве краіны аператыўна атрымалі такія гарантыі бяспекі ад Вялікабрытаніі.

Пераклад НЧ