Фінляндыі і Швецыя падалі заяўкі на ўступленне ў NATO
Швецыя і Фінляндыя падалі заяўкі на ўступленне ў NATO. Сёння раніцай у Бруселі генеральны сакратар альянсу Енс Столтэнберг прыняў іх ад паслоў гэтых краін.
![nato_13.jpg nato_13.jpg](/img/v1/images/nato_13.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Аб падачы заявак адначасова паведамілі місіі Швецыі і Фінляндыі пры NATO.
Парламент Фінляндыі 17 траўня ўхваліў падачу заяўкі на ўступленне краіны ў NATO. «За» прагаласавалі 188 дэпутатаў, 8 — «супраць».
Раней прэзідэнт краіны Саўлі Нійністэ і ўрад ужо заяўлялі, што прынцыповае рашэнне аб гэтым прынята.
Фінляндыя захоўвала нейтралітэт пасля завяршэння Другой сусветнай вайны. Ідэя аб далучэнні да NATO, паводле апытанняў, карысталася ўсё больш папулярнасцю ў апошнія гады, аднак канчатковае рашэнне было прынятае на фоне ўварвання Расіі ва Украіну.
Такое ж рашэнне ўхваліла Швецыя. Прадугледжваецца, што заяўкі дзвюх краінаў будуць разглядацца сумесна. Для іх далучэння да блоку патрэбна аднагалоснае галасаванне астатніх яго ўдзельнікаў.
Напярэдадні аб сваёй нязгодзе з уступленнем дзвюх краін заявіў прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган. Ён абвінаваціў Хельсінкі і Стакгольм у падтрымцы тэрарызму — гэтыя краіны даюць прытулак палітычным супернікам турэцкага прэзідэнта, якіх Анкара лічыць тэрарыстамі.