Крэмль зрывае мірны працэс: патрабуе, каб гарантам бяспекі Украіны была… Расія!
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што будзе ведаць, ці ўдасца дасягнуць міру ва Украіне, «скажам, цягам двух тыдняў». Тым часам міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў фактычна сарваў перамовы Пуціна з Зяленскім і патрабуе, каб Расія выступіла… гарантам бяспекі Украіны! Ідуць 1276-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Фота: Getty Images
За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 157 баявых сутыкненняў, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 22 жніўня
На Пакроўскім кірунку за мінулыя суткі абаронцы Украіны спынілі 43 штурмавых дзеянні расіян паблізу населеных пунктаў Ніканораўкі, Новаэканамічнага, Нікалаеўкі, Радзінскага, Сухецкага, Арэхавага, Міралюбаўкі, Чырвонага Ліману, Пакроўску, Зверава, Котліна, Удалага, Лісоўкі і іншых.
На Новапаўлаўскім кірунку ўкраінскія абаронцы адбілі 35 атак расіян у раёнах Васкрасенска, Запарожскага, Цеміраўкі, Зялёнага Поля, Талстога, Лясной і іншых.
На Ліманскім кірунку адбылося 24 баявыя сутыкненні. Расійцы спрабавалі рушыць наперад каля Карпаўкі, Зялёнай Даліны, Студні, Дуброва, Зарэчнага, Торскага і іншых.
На Паўднёва-Слабажанскім кірунку армія РФ 10 разоў дарэмна спрабавала прасунуцца каля Сінельнікава, Ваўчанску, Заходняга і іншых.
На Краматорскім і Тарэцкім кірунках расійцы здзейснілі па шэсць атак на кожным. Па пяць боесутыкненняў на кожным зафіксавана на Купянскім і Сіверскім кірунках.
* * *
У ноч на 22 жніўня расійскія войскі атакавалі Днепрапятроўскую вобласць «градамі», FPV-дронамі і КАБам — пашкодзілі камунальнае прадпрыемства, фермерскую гаспадарку, жылыя дамы і гімназію. Атацы падвергліся 4 абшчыны вобласці.
Ноччу 22 жніўня расійцы атакавалі Чугуеўскую суполку Харкаўскай вобласці — білі па прамысловым прадпрыемстве, якое цяпер не працуе. Пашкоджаныя пустыя складскія будынкі.
У ноч на 22 жніўня дроны-камікадзэ Узброеных Сіл Украіны атакавалі нафтаперапамповачную станцыю «Дружба» ў горадзе Унеча Бранскай вобласці Расіі. Станцыя пашкоджаная.
* * *

* * *
Амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп чакае, што зможа ацаніць магчымасць дасягнення міру ва Украіне «цягам двух тыдняў». Пра гэта Трамп заявіў у інтэрв'ю амерыканскаму радыёвядучаму Тодду Старнесу, якое транслявалася ў чацвер.
Прэзідэнт ЗША сказаў, што поўнамаштабная агрэсія Расіі супраць Украіны — гэта «жудасная вайна, горшае, што было з часоў Другой сусветнай вайны». На пытанне, ці ўдасца дасягнуць міру ва Украіне, Трамп сказаў, што дасць ведаць, «скажам, цягам двух тыдняў».
«А пасля гэтага, магчыма, прыйдзецца змяніць тактыку. Але паглядзім», — дадаў ён.
* * *
Міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў пасля перамоваў з індыйскім калегам Субраманьямам Джайшанкарам ускосна заявіў, што РФ лічыць бессэнсоўнай сустрэчу Уладзіміра Пуціна і Уладзіміра Зяленскага, выставіўшы непрымальныя ўмовы для такой сустрэчы.
«Наш прэзідэнт (Пуцін) неаднаразова казаў, што ён гатовы сустракацца, у тым ліку, і са спадаром Зяленскім. Пры разуменні, што ўсе пытанні, якія патрабуюць разгляду на вышэйшым узроўні, будуць добра прапрацаваны, і эксперты, міністры падрыхтуюць адпаведныя рэкамендацыі», — заявіў Лаўроў.
Пры гэтым ён зноў паставіў пад сумнеў легітымнасць Уладзіміра Зяленскага, заявіўшы, што сустрэча лідараў можа адбыцца «пры разуменні», што калі справа дойдзе да падпісання пагадненняў, «будзе развязанае пытанне аб легітымнасці персоны, якая падпісвае гэтыя пагадненні з украінскага боку».
Кіраўнік МЗС РФ таксама адхіліў ініцыятыву еўрапейскіх саюзнікаў Украіны па размяшчэнні войскаў на яе тэрыторыі для гарантавання бяспекі пасля магчымага перамір'я з Расіяй. З ягоных слоў, гэта будзе «абсалютна непрымальна для Расійскай Федэрацыі і для ўсіх разумных палітычных сіл у Еўропе».
Таксама Лаўроў заявіў, што гарантыі бяспекі Украіны павінны забяспечвацца «на роўнай аснове» такімі краінамі як Кітай, ЗША, Вялікабрытанія і Францыя і... Расія. Як сцвярджае кіраўнік МЗС РФ, без удзелу Расіі гэта «шлях у нікуды».
* * *
Заява кіраўніка МЗС Расіі Сяргея Лаўрова, што дзяржавамі-гарантамі бяспекі для Украіны могуць выступаць РФ, Кітай і ЗША, фактычна сарвала перамовы паміж Вашынгтонам і Масквой, піша Bloomberg, спасылаючыся на некалькіх высокапастаўленых еўрапейскіх чыноўнікаў і дыпламатаў.
СМІ адзначае, што на думку дыпламатаў, адмова Лаўрова ад гарантый бяспекі для Украіны фактычна разбурыла перамовы Расіі з ЗША. Крыніцы Bloomberg сумняюцца ў тым, што Пуцін гатовы ўкласці мірнае пагадненне, і мяркуюць, што Крэмль цяпер можа паспрабаваць пераканаць Белы дом адмовіцца ад патрабаванняў у гарантыях бяспекі для Украіны і ператварыць сустрэчу Пуціна і Зяленскага ў сустрэчу чыноўнікаў ніжэйшага ўзроўню, каб пазбегнуць новых санкцый з боку ЗША.
* * *
Еўракамісар Андрус Кубілюс высмеяў расійскага дыктатара Уладзіміра Пуціна пасля заяў, якія зрабіў кіраўнік МЗС Расіі Сяргей Лаўроў. Кубілюс выказаў думку, што Пуцін — не сапраўдны кіраўнік Расіі, а марыянетка Лаўрова.
«Хто сапраўдны гаспадар у Крамлі: Пуцін ці Лаўроў? Як хтосьці можа дамаўляцца пра нешта з Пуціным, калі пасля сустрэчы Пуціна і Трампа Лаўроў публічна адмаўляе ўсё, што Пуцін абяцаў Трампу на двухбаковай сустрэчы? Магчыма, Пуцін не сапраўдны гаспадар у Крамлі?», — напісаў еўракамісар з нагоды заяў расійскага міністра замежных спраў.
* * *
Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі пасля заяў Лаўрова падкрэсліў безальтэрнатыўнасць ціску на РФ.
«Цяпер сігналы з Расіі, калі шчыра, проста непрыстойныя. Яны спрабуюць ухіліцца ад неабходнасці праводзіць сустрэчу. Яны не хочуць заканчваць гэтую вайну, яны працягваюць масіраваныя атакі супраць Украіны і вельмі жорсткія штурмы на фронце, яшчэ і запускаюць ракеты па амерыканскім прадпрыемстве. Як і па многіх іншых грамадзянскіх мэтах», — адзначыў Зяленскі ў відэазвароце.
Нагадаем, што ў выніку дронавай атакі РФ па Мукачава 21 жніўня ўдару падвергнуўся амерыканскі завод Flex, які выпускае грамадзянскую прадукцыю. Зяленскі падкрэсліў, што лічыць атаку РФ на прадпрыемства ў Мукачаве мэтанакіраваным ударам па амерыканскай уласнасці і інвестыцыях ЗША.
«Разлічваем, што рэакцыя партнёраў будзе прынцыповай. Гэтую вайну трэба заканчваць. Трэба ціснуць на Расію, каб вайна скончылася. Нічога, акрамя сілы і ціску, Пуцін не разумее. Вядома, мы робім і будзем рабіць усё неабходнае, каб абараніць нашу дзяржаву і абараніць нашых людзей», — сказаў Зяленскі.