Пуцін скардзіцца на складанасці на фронце, а Мінск папярэджваюць не ўлазіць у вайну

Расійскі кіраўнік Уладзімір Пуцін заявіў, што расійская армія сутыкаецца з праблемамі на фронце, бо УСУ пастаянна адаптуюцца да іх тактык. Адпаведна, з-за гэтага растуць страты. І украінскі МЗС папярэдзіў Мінск не набліжацца да межаў Украіны пад час вучэнняў «Захад-2025». Ідуць 1277-я суткі поўнамаштабнай вайны РФ супраць Украіны пры саўдзеле ў агрэсіі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

537154875_1121691610143916_3239487825909379734_n.jpg

За мінулыя суткі ва Украіне зафіксавана 143 баявыя сутыкненні, паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы 23 жніўня.

На Пакроўскім кірунку абаронцы Украіны спынілі 38 штурмавых дзеянняў расіян ў раёнах Новаэканамічнага, Міралюбаўкі, Радзінскага, Беліцкага, Сухога Яру, Чунышына, Зверава, Удалае, Дачнае і іншых.

На Ліманскім кірунку расійцы правялі 25 атак, спрабуючы ўклініцца ў абарону УСУ ў Грэкаўкі, Зялёнай Даліны, Студні, Торскага і ў бок Серабранкі.

На Новапаўлаўскім кірунку расійцы здзейснілі 19 атак паблізу Зялёнага Гаю, Талстога, Шаўчэнкі, Васкрасенкі, Альгоўскага, Запарожскага і Тэміраўкі.

На Тарэцкім кірунку адбылося дзевяць атак войскаў РФ у раёнах Шчарбінаўкі, Тарэцка, Палтаўкі і ў бок Сцяпанаўкі.

Па восем атак на кожным зафіксавана на Паўднёва-Слабажанскім і Купянскім кірунках

* * *

У ноч на 23 жніўня Расія атакавала Украіну 49 ударнымі БПЛА тыпу Shahed і беспілотнікамі іншых тыпаў. Супрацьпаветранай абаронай збіта/задушана 36 БПЛА.

Уначы расійскія войскі нанеслі ўдары па Новаслабодскай і Варажбянскай грамадах Сумскай вобласці. У выніку абстрэлаў пашкоджаныя жылыя дамы і нежылыя памяшканні, узніклі пажары. Папярэдне ахвяр і пацярпелых сярод грамадзянскага насельніцтва няма.

Расійскія войскі ўначы 23 жніўня абстралялі Канатоп Сумскай вобласці. У выніку ўдару пашкоджаны жылыя дамы і аб'ект інфраструктуры. Папярэдне без ахвяр і пацярпелых.

У горадзе Пятроў Вал Валгаградскай вобласці Расіі ў ноч на суботу, 23 жніўня, беспілотнікі атакавалі чыгуначную станцыю, у выніку чаго там адбыўся пажар.

* * *

534988529_1121681893478221_4865898446166193577_n.jpg

* * *

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падчас размовы з журналістамі заявіў, што «будзе ведаць што рабіць», калі расійскі дыктатар Уладзімір Пуцін не сустрэнецца з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Адказваючы на пытанне, чаго чакаць, калі Пуцін не сядзе за стол перамоў з Зяленскім, Трамп заявіў, што спачатку разбярэцца, чыя гэта віна.

«Калі ёсць прычыны, я гэта зразумею. Мы паглядзім, ці адбудзецца ў іх сустрэча, цікава паглядзець. А калі не, то чаму яны не правялі сустрэчы? Таму што я сказаў ім правесці сустрэчу. Але я буду ведаць праз два тыдні, што я збіраюся рабіць. Ёсць даволі нядрэнныя ідэі», — сказаў прэзідэнт ЗША.

«Я думаю, за два тыдні я зразумею стаўленне Расіі, і, шчыра кажучы, Украіны, да перамоў. Патрэбныя двое», — растлумачыў ён сваю пазіцыю.

Калі журналісты папрасілі Трампа ўдакладніць, што менавіта ён зробіць, калі скончацца два тыдні, Трамп заявіў, што гэта будзе «вельмі важнае рашэнне».

«Я думаю, я прыму рашэнне, што мы будзем рабіць. І гэта будзе вельмі важнае рашэнне. Ці гэта маштабныя санкцыі, ці маштабныя тарыфы, ці тое, і іншае. Ці не буду рабіць нічога і скажу: "Гэта ваша вайна"», — адзначыў ён.

* * *

Расійская армія сутыкаецца з праблемамі на фронце, бо ўмовы вядзення баявых дзеянняў мяняюцца штомесяц, а тое й часцей, заявіў Пуцін, наведваючы ядзерны цэнтр у Сарове.

«Ведаеце, не хочацца ўвесь час вяртацца да адной і той жа тэмы, але гэта для нас самае балючае пытанне. Гаворка ідзе пра ўсё, што адбываецца на лініі баявога судакранання. Штомесяц, і без перабольшання магу сказаць — тым больш кожныя паўгода — мяняюцца ўмовы і спосабы вядзення ўзброенай барацьбы», — заявіў ён.

Пры гэтым ён паскардзіўся, што страты асабовага складу на вайне ва Украіне растуць. «Варта толькі адстаць на некалькі тыдняў — і страты рэзка ўзрастаюць, ці ж дынаміка прасоўвання падае», — заявіў Пуцін.

Ён таксама дадаў, што нават сучасныя расійскія віды ўзбраення хутка губляюць эфектыўнасць. «Сёння яны працуюць, але праз некалькі тыдняў праціўнік знаходзіць рашэнне — і выніковасць рэзка падае», — заявіў ён.

* * *

Спецпрадстаўнік Трампа Кіт Келаг прыедзе ў суботу ў Кіеў. Ён возьме ўдзел у шэрагу цырымоній, прысвечаных Дню Незалежнасці Украіны, напісаў у Х журналіст Reuters Грэм Слетэры.

«Паводле інфармацыі крыніц, Кіт Келаг адпраўляецца ў Кіеў, каб прыняць удзел у малітоўным сняданку і ўрачыстасцях з нагоды Дня Незалежнасці. Ён таксама абмяркуе з лідарамі дыпламатычную "мітусню" на гэтым тыдні», — піша Слетэры.

* * *

Украіна ў кантэксце запланаваных вайсковых вучэнняў на тэрыторыі Беларусі перасцярог Мінск ад неабдуманых правакацый і параіў не набліжацца да межаў Украіны.

Украінскае Міністэрства замежных спраў у заяве нагадала, што Беларусь з 2022 года з'яўляецца саўдзельніцай злачынства агрэсіі Расіі супраць Украіны, а супрацоўніцтва рэжымаў у Маскве і Мінску ўяўляе пагрозу для ўсёй Еўропы. «Заклікаем нашых партнёраў захоўваць пільнасць, узмацніць санкцыйны і палітычны ціск на Расію і Беларусь, сумесна процідзейнічаць расійскай прапагандзе і ўмацоўваць абараназдольнасць Украіны, якая абараняе Еўропу ад расійскай пагрозы», — гаворыцца ў заяве.

Ведамства адзначыла, што ў 2021-2022 гадах назапашванне расійскіх войскаў на межах Украіны адбывалася пад прыкрыццём сумесных вайсковых вучэнняў Расіі і Беларусі «Захад-2021».

«Перасцерагаем Мінск ад неабдуманых правакацый, раім захоўваць разважлівасць, не набліжацца да межаў і не правакаваць Сілы абароны Украіны», — заявіў МЗС Украіны.