Аляксандр Фрыдман: На заявы Лукашэнкі Захад ужо не звяртае ўвагі. Але пра вызваленне Пачобута з ім можна гаварыць

МЗС Польшчы вітала зняцце ўсіх абвінавачанняў са старшыні непрызнанага Саюза палякаў Беларусі Анжалікі Борыс. Ці стане гэта першай ластаўкай нармалізацыі адносін паміж Мінскам і Варшавай? Асабліва на фоне заяў старшыні КДБ Церцеля пра выкрыццё «польскіх шпіёнаў»?

mycollages__26__1_logo.jpg


Пра гэта «Новы Час» пагутарыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.

Пачобут ламае ўсю гульню

— Я не чакаў бы канструктыўнага дыялогу. Безумоўна, гэта першы крок у кірунку, які і чакаў польскі бок. Стратэгія Польшчы працуе: чым мацнейшы ціск, тым лепшы вынік. Хоць Лукашэнка і дэманструе, які ён моцны, ненагінальны, але канкрэтныя крокі ўсё-такі робіць. Гульня працягваецца. Хоць у гэтай гісторыі галоўная фігура — Пачобут, які пакуль застаецца за кратамі, але ўсё ж пэўныя сігналы з беларускага боку ідуць. Гэта запрашэнне да дыялогу, дакладней, запрашэнне да размовы. Беларускі бок сігналізуе: мы гатовы размаўляць, вось бачыце, мы робім канструктыўныя крокі. У Варшаве гэтыя крокі заўважылі, таму і адказ МЗС Польшчы заахвочвае беларускі бок да далейшых крокаў.

Але я б не перабольшваў важнасці гэтага рашэння. Гісторыю трэба разглядаць у кантэксце: з аднаго боку, кейс Борыс, з іншага — заявы Церцеля, які кажа, што знайшлі нейкіх польскіх шпіёнаў.

Я б яшчэ звярнуў увагу вось на якую акалічнасць. Калі мы паглядзім на беларускую дзяржаўную прапаганду, то і Борыс, і Пачобут успрымаюцца як замежнікі, як палякі, хаця найперш яны грамадзяне Беларусі. То-бок яны замежнікі, а наконт замежнікаў можна дамовіцца. Лукашэнка сігналізуе: давайце размаўляць, можа, нешта і атрымаецца.

— Што Мінск хацеў бы атрымаць у адказ?

— Мінск жадае паслаблення санкцый, жадае, каб Польшча не выступала маторам новых санкцый, Мінску не трэба, каб закрываліся памежныя пераходы, Мінску не трэба, каб закрывалася мяжа. Мінск не жадае, каб стала горш, чым ёсць сёння; што б ні казалі беларускія ўлады, але Мінск куды больш залежны ад мяжы, чым Варшава. Калі ўявіць, што мяжа ўсё ж закрыецца, то незадаволеных у Польшчы амаль не будзе — грамадства падрыхтаванае, большасць падтрымае закрыццё мяжы. Калі ж атрымаецца так, што беларускі бок закрые мяжу, то, думаю, гэта не спадабаецца і пэўнай колькасці лукашэнкаўцаў: за мяжу (у Польшчу, у Літву) ездзяць не толькі праціўнікі рэжыму, але і прыхільнікі, гэта яшчэ і эканамічны чыннік. Так што пагаршэнне сітуацыі Лукашэнку не трэба.

Тут пытанне, хутчэй, у іншым: як знайсці прымальны варыянт для Лукашэнкі? Для Анжалікі Борыс знайшлі такі варыянт, хутчэй за ўсё, праз пэўны час яна Беларусь пакіне. Куды больш кепскі варыянт для лукашэнкаўцаў — Пачобут. У яго ўжо быў варыянт выйсці, але ён не пайшоў на здзелку. Пачобут з тых людзей, якія ламаюць усю гульню. Васкрасенскі ж расказваў, што арганізоўваў яму сустрэчы паўтара года таму, яго жадалі абмяняць —вызваліць раней, але зламаць яго не атрымліваецца. Для лукашэнкаўскага боку гэта праблема.

А Пачобут фігура легендарная ў Польшчы. На сённяшні дзень ён адзін з самых вядомых журналістаў у Еўропе. Трэба ўлічваць, што Пачобут супрацоўнік «Газеты выборчай», якая лічыцца самым вядомым ліберальным польскім выданнем за межамі Польшчы. Я б сказаў, што выданне больш уплывовае за межамі Польшчы, чым у самой Польшчы. Гэта выданне самога Адама Міхніка — фігуры, вядомай з часоў польскай «Салідарнасці» і нават раней — з 1968 года. Тое, што Пачобут з’яўляецца супрацоўнікам «Газеты выборчай», выразна ліберальнай газеты, у якой добрая рэпутацыя за межамі краіны, надае яму дадатковую вагу.

Мне падаецца, гэтага моманту Лукашэнка не ўлічвае. А Пачобут чалавек прынцыповы, гатовы ісці да канца нягледзячы на судовы тэрмін, ён даказвае вернасць сваім прынцыпам. Такія людзі незразумелыя лукашэнкаўцам, таму яны ламаюць усю гульню. З такімі людзьмі ў Лукашэнкі заўсёды праблемы, бо ён упэўнены, што зламаць можна любога, пытанне ў тым — як гэта зрабіць. Звычайна зламаць чалавека атрымліваецца, самы вядомы прыклад — Пратасевіч. Але такіх людзей, як Калеснікава, Пачобут, Знак, Бабарыка, Статкевіч, Севярынец зламаць не атрымліваецца; хапае людзей за кратамі, якія паводзяць сябе бескампрамісна. З такімі ў лукашэнкаўцаў праблема. Дадатковая праблема з Пачобутам у тым, што за яго ўступаецца польская дзяржава. Калі б за Калеснікаву гэтаксама заступалася Германія, як Польшча за Пачобута, напэўна, гэта была б іншая гісторыя.

Калі Лукашэнка чакае шпіёнаў і агентаў, Церцель павінен паказаць вынік

— Церцель адрапартаваў пра затрыманне грамадзян Польшчы за «агентурную дзейнасць». Трэба разумець, што Борыс-Пачобут — адна сюжэтная лінія, а шпіёны з абодвух бакоў — іншая, якая развіваецца паралельна і жыве самастойным жыццём?

— Я б не казаў, што гэта паралельныя справы, яны ўзаемазвязаны. Думаю, гэта пакетнае пытанне. Пачобут ізаляваны, таму цяжка сказаць, у якой ступені ён ведае і разумее, што адбываецца вакол яго.

А заявы Церцеля тыповыя для неасталінісцкай парадыгмы, у якой дзейнічае цяперашняя ўлада. Паколькі Беларусь акружана ворагамі, як кажа Лукашэнка, адпаведна, як казаў Сталін у свой час, гэтыя ворагі імкнуцца засылаць сваіх агентаў. Чым горшая сітуацыя, чым мацней абвастраецца класавая барацьба, па выказванні Сталіна, тым больш засылаюць ворагаў. Калі ёсць ворагі ўнутры Беларусі, яны звязаны з Украінай ці праз Украіну — з польскімі і літоўскімі спецслужбамі, а праз іх — са Злучанымі Штатамі. Паколькі сітуацыя напружаная, то, па логіцы Церцеля, агентаў павінна быць як мага болей. А ў часы шпіёнаманіі, калі сёння ў кожнага чалавека ёсць мабільны тэлефон з камерай і ён проста праходзіць побач з нейкім важным аб’ектам, яго ўжо можна абвяшчаць агентам. Калі праходзіў грамадзянін Польшчы побач з расійскім консульствам, то, можа, ён не проста так праходзіў?

Чамусьці ўсе ўпэўненыя, што Церцель фабрыкуе ўсе гэтыя справы і гэта разумее. А я дапускаю, што ён можа верыць у шпіёнаў, як савецкія чэкісты ў 30-я гады, калі кожны паляк, латыш ці літовец успрымаўся ў якасці патэнцыйных агентаў Польшчы, Латвіі, Літвы. Чэкісцкія традыцыі захоўваюцца, таму цалкам можна ўявіць, што Церцель сапраўды зыходзіць з гэтага. І розніца паміж патэнцыйным і рэальным шпіёнам у такіх умовах размытая. А Лукашэнка верыць паведамленням Церцеля, бо гэта адпавядае яго адчуванням і ўяўленням. Таму схема працуе бездакорна: Церцель дае вынік і карыстаецца павагай Лукашэнкі.

Я не зусім упэўнены, што КДБ займаецца асэнсаванай фабрыкацыяй. Хаця, магчыма, дзейнічаюць і наадварот: разумеючы, што Лукашэнку трэба вынік, яны яго дэманструюць. Так працуе сёння дзяржаўная сістэма, прынамсі, так працуе дзяржаўная прапаганда: Лукашэнка нешта скажа, а яны адпрацоўваюць. Калі Лукашэнка чакае шпіёнаў і агентаў, Церцель павінен паказаць вынік, іначай пытанні ўзнікнуць ужо да самога старшыні КДБ.

Захад перастаў звяртаць увагу на словы Лукашэнкі

— Польшча вітае зняцце абвінавачанняў з Анжалікі Борыс, робіць намёкі на паляпшэнне двухбаковых адносін — і ўсё гэта без увагі на нядаўнія пагрозы Лукашэнкі размясціць тактычную ядзерную зброю на заходніх межах, то-бок на мяжы з Польшчай. Як так?

— Перыяд, калі Захад займаўся інтэрпрэтацыяй слоў Лукашэнкі, ужо прайшоў. Усе, хто назірае за сітуацыяй, бачаць, што ў Лукашэнкі часта словы разыходзяцца са справамі. Таму на ўсю рыторыку Лукашэнкі перасталі звяртаць увагу.

Апошняя яго прамова была вельмі красамоўная: гучалі абразы ў адрас заходніх лідараў (пра Макрона, пра Шольца), «безумных палякаў» — гэта прысутнічае амаль у кожнай прамове. Мне здаецца, на ўсё гэта перасталі звяртаць увагу, прынамсі, на Захадзе. Пра абразы ў адрас Макрона з Шольцам увогуле нідзе не гучала, зневажальныя выказванні ў адрас Ціханоўскай альбо адкрытая гамафобная рыторыка засталіся без рэакцыі. Калі падобнае Лукашэнка агучваў раней, то гэта адразу выклікала скандал — кіраўнік еўрапейскай краіны такія рэчы кажа. А сёння — ніякай рэакцыі. Выглядае так, што Лукашэнка не ўспрымаецца больш як чалавек, заявы якога трэба ацэньваць. 

Мне падаецца, палякі для сябе зразумелі, як і літоўцы, як і ўкраінцы, што гэта не тыя пытанні, якія вырашае Лукашэнка. Ён не вырашае, дзе ў Беларусі будзе размешчана ядзерная зброя, і не ў стане на гэта паўплываць, але ён у стане паўплываць на вызваленне Борыс і вырашыць пытанне з вызваленнем Пачобута. Пра гэта з ім можна гаварыць, а ўсё астатняе застаецца па-за ўвагай.