Ці гатовыя мы да таго, каб Захад размаўляў з Лукашэнкам?

Заснавальнік «Цэнтра новых ідэй» Рыгор Астапеня аналізуе вынікі новага даследавання «Chatham House» і дае рэкамендацыі адносна таго, як дапамагчы Беларусі выбрацца з палітычнага крызісу.

Ці варта Захаду шукаць каналы сувязі з Лукашэнкам? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ці варта Захаду шукаць каналы сувязі з Лукашэнкам? Ілюстрацыйнае фота «НЧ»


«Chatham House» выпусціў 4 красавіка даклад «Rethinking Western policy towards Belarus». Паколькі беларускамоўнай ці рускамоўнай версіі даклада не плануецца і сам тэкст напісаны для замежнай аўдыторыі, Рыгор Астапеня вырашыў зрабіць асобную калонку для беларусаў. У ёй ён хоча патлумачыць не столькі рэкамендацыі з тэксту, але больш тое, як да іх дайшоў з пункту гледжання беларускага грамадзяніна.

На пачатку арыгінальнага тэксту Астапеня прысвячае некалькі старонак таму, як цягам апошніх трох гадоў заходняя палітыка аказалася неэфектыўнай і дасылала супярэчлівыя сігналы наконт сваіх намераў. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны гэтая палітыка стала яшчэ больш вузкай, чым дагэтуль.

Пры гэтым абвінавачваць Захад ва ўсіх нашых бедах нельга. Але будзьма шчырымі: нашы праблемы цяпер куды большыя, чым нашы здольнасці іх вырашаць. І каб Беларусь дасягнула доўгатэрміновых мэтаў: выйшла з-пад расійскага кантролю і дэмакратызавала палітычную сістэму, — мы не можам абысціся без дапамогі Захаду. Вось шэсць рэкамендацый для Захаду, якія б дазволілі стварыць каркас палітыкі дзеля дапамогі нам у дасягненні гэтых мэтаў.

Прыярытэзаваць Беларусь

Калі глядзець на палітычную і эканамічную моц, з аднаго боку, рэжыму Лукашэнкі, а з другога боку — Захаду, то падаецца дзіўным, чаму Захад не можа даць рады Лукашэнку. Гэта ў нейкай ступені звязана з недастатковай уважлівасцю заходніх дзяржаўных дзеячаў і палітыкаў да Беларусі. Пад гэтай няўважлівасцю маецца на ўвазе не малая грамадская зацікаўленасць, а недастатковая колькасць палітычных і фінансавых рэсурсаў, якія павінны стаяць за доўгатэрміновай палітыкай, каб зварухнуць сітуацыю.

Пры гэтым з улікам доўгатэрміновасці неабходнай палітыкі трэба глядзець на яе праз прызму такіх карацейшых фаз, як вызваленне, прынамсі, часткі палітвязняў ці адцягванне Беларусі ад саўдзелу ў вайне Расіі супраць Украіны.

Выкарыстоўваць і ціск, і заахвочванне

Увядзенне санкцый супраць Беларусі з’яўляецца натуральным наступствам той шкоды, якую Аляксандр Лукашэнка нясе рэгіянальнай бяспецы. Пры гэтым самі санкцыі неаптымальныя і наносяць пакуль больш стратаў грамадству, чым рэжыму.

Прытым што Захад мае паказваць здольнасць утрымліваць санкцыйную эскалацыю, таксама істотна дэманстраваць здольнасць да саступак у пытанні санкцый у абмен на саступкі з боку рэжыму Лукашэнкі. Асабліва гэта істотна ў выпадку санкцый, якія шкодзяць беларускім грамадзянам і ўзмацняюць уплыў Крамля ў Беларусі. Да прыкладу, нават сярод прасанкцыйных дэмакратычных актывістаў ёсць уяўленне, што ад абмежавання авіяпералётаў беларусы нічога не выйгралі.  


Дарэчы, магчымасцю для ўзмацнення дэмакратычнага руху ў вачах рэжыму з’яўляецца ўключэнне апазіцыі ў абмеркаванне таго, якія санкцыі могуць быць знятыя ў абмен за канкрэтныя саступкі рэжыму.  

Мець канал камунікацыі з Лукашэнкам

Гэтую ідэю найбольш цяжка прадаць на Захадзе, бо Лукашэнка таксічны і фармальнае непрызнанне яго прэзідэнтам з’яўляецца краевугольным каменем заходняй палітыкі адносна Беларусі. Прынамсі, нам так кажуць, але калі прадстаўнікам Захаду трэба, то яны з Лукашэнкам размаўляюць, і, болей за тое, гэтыя размовы прыносяць пэўны плён: вызваленне палітычных вязняў, пэўнае ўлагоджанне памежнага крызісу і гэтак далей.

Таму пытанне да нас у тым, ці гатовыя мы да таго, каб Захад размаўляў з Лукашэнкам не толькі тады, калі гэта трэба Захаду, але калі трэба нам. У рэшце рэшт гэта ад Лукашэнкі шмат у чым залежыць вызваленне палітвязняў ці адвядзенне Беларусі ад вайны. У тым гістарычным пункце, у якім мы знаходзімся, без перамоў Захаду з Лукашэнкам чакаць дасягнення гэтых мэтаў не выпадае. Заходнія дыпламаты могуць працягнуць размаўляць з умоўным Сяргеем Алейнікам, але гэтыя размовы, хутчэй, служаць утрыманню кантакту, чымся абмеркаванню нечага па сутнасці.

Дасылаць сігнал чынавенству, якое не ўдзельнічала ў злачынствах рэжыму, аб уласнай нейтральнасці

Адна з памылак, якую дапускае беларускі дэмакратычны рух, — гэта вызначэнне ўсіх прадстаўнікоў дзяржаўнай сістэмы Беларусі як злачынцаў. Захад так рабіць не павінен, бо гэта цэментуе адзінства ўнутры рэжыму і будзе замінаць расколу кіруючай сістэмы ў момант, калі з’явіцца акно магчымасцей для перамен. Таму варта ствараць шляхі аднабаковай і двухбаковай камунікацыі з прадстаўнікамі дзяржаўнай сістэмы і буйных калярэжымных бізнесаў, каб мець магчымасць гэты раскол павялічваць.   


Паляпшаць вобраз Захаду ў беларускім грамадстве

Прапаганда рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, дыскрымінацыя беларусаў на Захадзе і санкцыйная палітыка змяншаюць прывабнасць Захаду для беларусаў. Інтарэс жа дэмакратычнай часткі грамадства ў тым, каб стаўленне да Захаду паляпшалася.

Каб гэтага дасягнуць, неабходна, каб беларусы мелі больш асабістых кантактаў з заходнімі краінамі, — чым больш іх будзе, тым больш прыязна беларускія грамадзяне будуць ставіцца да Захаду. Апытанні выразна паказваюць, што калі чалавек з’ездзіў у Еўрапейскі Саюз, то яго стаўленне да Захаду больш станоўчае, чым у людзей, якія ў ЕС не бывалі.

Захад таксама павінен мець зразумелую камунікацыйную стратэгію ў дачыненні да Беларусі, у тым ліку праз інфармаванне, што Захад ужо робіць дзеля Беларусі. Нарэшце, Захад можа прапанаваць і ўмацаваць пазітыўную павестку для Беларусі. Прыкладам гэтаму служыць падтрымка эканамічных рэформ у выпадку палітычнай трансфармацыі — проста раней агучаная прапанова была сціплай і незаўважанай.

Працягваць падтрымку на высокім узроўні беларускай грамадзянскай супольнасці, незалежных медыя і дэмакратычных актараў

Гарантыя доўгатэрміновых пазітыўных змен у Беларусі — гэта развітае грамадства. Таму цяпер, калі грамадскія лідары знаходзяцца пад такім велізарным ціскам, роля Захаду заключаецца ў тым, каб зменшыць шкоду ад гэтых рэпрэсій і дапамагчы грамадзянскай супольнасці працаваць на карысць Беларусі.