Медыяменеджара Канстанціна Залатых прысудзілі да 4 гадоў зняволення

Справу медыяменеджара Канстанціна Залатых разглядаў Мінскі гарадскі суд. Працэс вяла суддзя Алена Шылько.

zolotyh_1.jpg

Канстанціна Залатых, дырэктара газеты «Беларусы і рынак», абвінавацілі паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, нагадвае «Св*бода»:

  • распальванне варожасці (ч.2 арт. 130);
  • абраза прэзідэнта (ч.1 арт. 368);
  • абраза прадстаўніка ўлады (арт. 369);
  • перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч.2 арт. 426).

Сёння, 6 красавіка, палітвязню прысудзілі 4 гады зняволення. 

Пераслед Канстанціна Залатых і газеты «Белорусы и рынок»

Генеральная пракуратура перадала справу ў суд 21 лютага. Тады ж наглядны орган заявіў, што ў 2020 годзе Залатых апублікаваў у інтэрнэце паведамленні з «абразамі і заклікамі да расправы над супрацоўнікамі органаў унутраных спраў, абразай кіраўніка дзяржавы».

«Больш за тое, Залатых, будучы дырэктарам ЗАТ «Медыярынак», дакладна ведаў пра ўнесеныя ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі» змены, якія перашкаджалі двум грамадзянам Рэспублікі Польшча валодаць сумарна 28% акцый таварыства», — гаварылася ў паведамленні.


Генпракуратура заяўляла, што ў траўні 2021 — студзені 2022 года ён нібыта «ў парушэнне заканадаўства, без правядзення агульнага сходу акцыянераў, аднаасобна ўнёс змяненні ў статут ЗАТ аб выключэнні са складу заснавальнікаў вышэйназваных замежных грамадзян і зарэгістраваў яго ў галоўным упраўленні юстыцыі Мінскага гарвыканкама».

18 траўня 2022 года КДБ затрымаў Залатых, галоўнага рэдактара Андрэя Александровіча і бухгалтарку Юлію Кахно. Александровіча і Кахно ў той жа дзень адпусцілі, Залатых змясцілі ў СІЗА.

Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

23 ліпеня Міністэрства інфармацыі заблакіравала доступ да сайта выдання «Беларусы і рынак» (belmarket.by) «з прычыны распаўсюджвання на сайце выдання гіперспасылак на матэрыялы, якія былі прызнаны судом экстрэмісцкімі». Сайт быў даступны за межамі краіны, аднак на ім абнаўляўся толькі раздзел навін.

1 снежня Мінінфарм ануляваў рэгістрацыю друкаванага выдання, якое выходзіла 32 гады.

Газета «Белорусы и рынок» была заснавана ў снежні 1990 года як штотыднёвік «Белорусский рынок».